Белтэлерадыёкампанія яшчэ не вызначылася наконт далейшага ўдзелу ў «Еўрабачанні»
Белтэлерадыёкампанія пакуль не прыняла канчатковае рашэнне наконт удзелу краіны ў гэтым годзе ў конкурсе «Еўрабачанне». Пра гэта ТАСС паведамілі ў пятніцу ў прэс-службе.
12.03.2021 / 14:07
«Цяпер Белтэлерадыёкампанія знаходзіцца ў бесперапынным дыялогу з пастаяннымі службамі Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС), праваўладальніка конкурсу песні «Еўрабачанне».
Як толькі будзе прынята канчатковае рашэнне аб фармаце ўдзелу, Белтэлерадыёкампанія будзе гатовая адказаць на ўсе пытанні, звязаныя з арганізацыяй дадзенага праекта», — адзначаецца ў паведамленні беларускай тэлерадыёкампаніі.
Еўрапейскі вяшчальны саюз 11 сакавіка прыняў рашэнне аб нядопуску да ўдзелу ў конкурсе «Еўрабачанне» песні «Я навучу цябе» гурта «Галасы ЗМеста», што прадстаўляюць Беларусь, у яе цяперашнім выглядзе.
Арганізатары конкурсу адзначылі, што аналіз песні беларускіх выканаўцаў паказаў, што яна «ставіць пад сумнеў непалітычны характар конкурсу». Саюз таксама прапанаваў даслаць змененую версію кампазіцыі або выбраць новую, адпаведную правілам «Еўрабачання». У адваротным выпадку ў гэтым годзе Беларусь можа быць дыскваліфікавана.