«У мяне «схільнасць да экстрэмізму». Як палітвязні адбываюць хімію
Дзе адбываюць пакаранне палітвязні, якім прысудзілі хімію? У якіх умовах яны жывуць і працуюць? «Наша Ніва» звязалася з тымі, хто ўжо паехаў на этап, і запісала першыя ўражанні.
19.03.2021 / 01:06
«Калі па дарозе з працы адхілішся з маршруту, могуць палічыць за парушэнне»
30-гадовы Дзмітрый Кулакоў з Шуміліна. Яму далі 3,5 гады хіміі — за паведамленні міліцыянту ў суполцы «Лепель для жыцця». Суд палічыў іх пагрозай гвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі і абразай прадстаўніка ўлады (артыкул 364 і 369 Крымінальнага кодэкса).
Дзмітрый Кулакоў злева
Паведамленні былі напісаны ў жніўні, у верасні Дзмітрый даведаўся пра крымінальную справу, але заставаўся на волі. Пад варту яго ўзялі за месяц да суда.
«Пакуль на волі быў, крыху сачыў за падзеямі, таму думаў, што гады тры дадуць мне. Нават палічыў, колькі гэта будзе ў секундах — там заняцца больш няма чым», — усміхаецца мужчына.
У папраўчай установе адкрытага тыпу №49 у Шклове ён з 29 снежня.
«Я пасля суда спрабаваў перасекчы мяжу з Літвой. Ішоў лесам і полем, мяне ўзялі беларускія памежнікі ў Ашмянах і перадалі шумілінскім міліцыянтам. Забралі ў ІЧУ, а на наступны дзень ужо прывезлі сюды. Два месяцы трымалі ў камендатуры, на працу не выпускалі — можа, думалі, я буду далей уцякаць», — дзеліцца Дзмітрый.
Раней ён падпрацоўваў вальшчыкам лесу, будаваў каркасныя дамы. Цяпер заняты на пілараме. Георгій Васіленка, яшчэ адзін палітычны, таксама тут (прысудзілі два гады за тое, што спусціў з гомельскага флагштока чырвона-зялёны сцяг і ўзняў бел-чырвона-белы), працуе ў калгасе.
«Што да астатніх, то хтосьці пайшоў кіроўцам у райпа, хтосьці грузчыкам. Пасылаюць на чорныя працы — цябе не паставяць брыгадзірам.
Мне на пілараме падабаецца, бо ўвесь працэс ведаю, лес вазіў калісьці. Людзі, якія даўно працуюць, зарабляюць нармальна, бо ў іх прывычка ёсць. Тут трэба рабіць аб’ёмы, а гэта цяжка фізічна. У мяне за люты заробак 170 рублёў, а так мужыкі і 800, і 1000 рублёў атрымлівалі».
Грошы тут патрэбныя, бо асуджаныя на самазабеспячэнні. У Дзмітрыя 50 рублёў на месяц ідзе на аплату камуналкі, 2 рублі 80 капеек штодзень на праезд да працы і назад.
Распарадак ва ўстанове такі. А 6-й пад’ём (у выходны а 7-й), адбой а 10-й вечара. Гатуюць мужчыны самі. У краму водзяць раз на дзень пад наглядам.
«Некаторых у горад адпускаюць на 4 гадзіны. Я падыходзіў спытаць, сказалі: не, ты яшчэ мала сядзіш. Тым больш у мяне «схільнасць да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці» (на такі ўлік паставілі і астатніх нашых суразмоўцаў — «НН»). Самому ў горад без дазволу нельга выходзіць. Нават калі па дарозе з працы адхілішся з маршруту, могуць палічыць за парушэнне».
На выходных Дзмітрый чытае навіны ў інтэрнэце (тут можна карыстацца тэлефонам), глядзіць відэа. Некаторыя асуджаныя пішуць заявы, каб іх звазілі ў Лядовы палац у Шклове, на міні-футбол.
Іншыя асуджаныя, кажа, ставяцца да яго нармальна.
«З боку кіраўніцтва прадузятасці не заўважыў. А з боку аператыўніка было — пастаянныя падколкі на праверках пра чырвона-белых. Мы часта з ім спрачаемся. Калі выйшаў фільм «Траціл пратэсту» пра Аўтуховіча, мне не спадабалася, як там усё перабольшылі. Я і спытаў: а дзе ад Аўтуховіча пацярпелі мірныя жыхары, як кажуць у сюжэце? Ён як пачаў раўці! Звычайна праверка 10-15 хвілін займае, а калі мы пачынаем спрачацца — паўгадзіны».
У Шуміліне Кулакова чакае жонка (яна працуе на мясцовым сырзаводзе) і двое сыноў — 3 і 10 гадоў.
«Настрой розны бывае. Верыцца, канечне, у лепшае. Часам здаецца, што да восені ўсё зменіцца, мы будзем дома, а сядуць тыя, хто сапраўды вінаваты».
«Большасць працуе праз агароджу, падсобнымі рабочымі ў папраўчай калоніі №11»
У Ваўкавыску хімію адбывае Юрый Касцюк. Яму далі год за «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (артыкул 370) — тузануў дзяржаўны сцяг, што вісеў на брэсцкай гасцініцы «Маладзёжная», і той зваліўся.
«Адвакатка, якую я наймаў, была ў шоку ад прысуду. Казала: на маёй практыцы ўпершыню такое, што чалавек атрымлівае першую судзімасць — і яму максімальнае пакаранне», — кажа хлопец.
Юрыю 23 гады, ён з Пружанаў, працаваў укладчыкам-упакоўшчыкам на малочным камбінаце. У лістападзе, як пачаліся пасяджэнні, давялося звольніцца па пагадненні бакоў. На хіміі (папраўчая ўстанова №29) хлопец з 26 лютага.
«Як праводзілі? Развітаўся і паехаў. Мне прапаноўвалі этапам дабірацца, але я адмовіўся, сябра на машыне завёз».
Працу хлопцу пакуль не падабралі.
«Тут у калгасе працуюць, на мясакамбінаце, але большасць — праз агароджу, падсобнымі рабочымі ў папраўчай калоніі №11. Як прыехаў, я сядзеў на каранціне два тыдні ў асобным пакоі. Цяпер у пакоі 10 чалавек апроч мяне».
Па словах хлопца, ён там адзіны палітычны і таму на асаблівым кантролі.
У казарме ў выхаваўчым пакоі ёсць тэлевізар і настольны тэніс. Маецца трэнажорная зала. Сярэдні кошт камунальных паслуг на асуджанага — 2 рублі 50 капеек на суткі.
«Я не ведаю, як мне тут жыць за свой кошт — камуналку плаціць, медкамісію за свае грошы праходзіць. У мяне апроч маці нікога няма. Яна працуе яшчэ, але я на яе дапамогу асабліва не разлічваю. Бо яна цяпер плаціць камунальныя за маю і сваю кватэру, плюс крэдыт у яе.
Мне сябра пералічваў грошы на прадукты і цыгарэты. Тут прыязджае аўталаўка па нядзелях, дык я купляў сабе паесці. Макарона з хлебам — таксама ежа, аказваецца.
Не лепшая абстаноўка, паколькі такое ўпершыню ў мяне ў жыцці. Дый прыхварэў яшчэ крыху», — без аптымізму ўспрымае сітуацыю Юрый.
«Лекцыі ў нас толькі па здаровым ладзе жыцця»
«Я думаў, мне дадуць штраф. Нават сама следчая настройвала: будзе штраф і не больш за тое. І ўсё, я супакоіўся, ідзе справа і ідзе. Ну дадуць якіх 50 базавых, з часам выплачу. А калі прысудзілі два гады, я проста абамлеў», — дзеліцца 25-гадовы Ян Рымараў са Жлобіна.
Хімію ён атрымаў за тое, што ў мясцовым чаце зняважыў намесніка начальніка раённай міліцыі (артыкул 369 — абраза прадстаўніка ўлады).
Ян працаваў аператарам на Беларускім металургічным заводзе. У студзені завочна скончыў вышку — Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога, спецыяльнасць «металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка».
25 лютага хлопец развітаўся з жонкай і трохгадовай дачкой і паехаў у папраўчую ўстанову №48 у Асіповічы. З тыдзень таму яму вызначылі працу — фармоўшчык на заводзе аўтамабільных агрэгатаў.
«Добра, што не ў калгас адправілі — увесь час на вуліцы, слота, гразь і заробку ніякага. З варыянтаў тут яшчэ ёсць шынамантажка і піларама. На заводзе хто як працуе, той столькі і зарабляе. Калі не хочаш, то рублёў 300 выйдзе, калі будзеш старацца, то можна і 1000 атрымліваць. Плюс бясплатны абед».
У пакоі, дзе жыве Ян, ёсць стол, халадзільнік, тумбачка для кожнага. Двое яго суседзяў сядзяць за ДТЗ, адзін за крадзеж і яшчэ адзін за наркотыкі. Па выходных, кажа хлопец, ёсць чым заняцца. Тут праходзяць турніры па шашках і шахматах, можна пагуляць у футбол. За «інтэрнат» у месяц набягае 30-40 рублёў.
У гэту ж установу накіравалі вальшчыка лесу з Брагіна Аляксандра Кулагу. Яму далі два гады хіміі за абразу прэзідэнта — груба выказаўся ў прыёмным аддзяленні бальніцы, калі яго, нецвярозага, даставілі для медагляду.
«Шчыра сказаць, ніякай розніцы няма, палітычны ты ці не, мяне ніяк не вылучаюць. На маё здзіўленне, стаўленне адміністрацыі нармальнае — людзі проста выконваюць сваю працу. Няма такога, што адчытваюць: «Вы, нягоднікі, хацелі краіну разбурыць». Лекцыі ў нас толькі па здаровым ладзе жыцця — стоп наркотыкі, стоп алкаголь».
З асуджанымі Ян надта не збліжаўся.
«Ніхто асабліва не расказвае, за што сядзіць, бо невядома што за чалавек побач. Як можна адкрыцца таму, каго ты месяц ведаеш? А раптам гэта падсадны? Таму тут усе проста пасміхаюцца, заводзяць знаёмых, але не сяброў».
Голас у хлопца бадзёры.
«Змірыўся, а што рабіць? Значыць, так трэба. Будзем верыць у лепшае, што не буду сядзець да канца. Я калі ехаў, нашмат горшага чакаў, чым па факце аказалася».