Вакцыны і пашпарты вакцынацыі пачалі прадаваць у даркнэце
Вакцыны ад кавіду, пашпарты вакцынацыі і падробленыя адмоўныя тэсты з’явіліся ў продажы ў даркнэце.
23.03.2021 / 17:48
Фота Depositphotos.com
Даркнэт — гэта таемная ананімная сетка, даступная толькі праз пэўныя браўзерныя інструменты, якая часта выкарыстоўваецца для незаконнага гандлю.
Цэны на вакцыны вар’іруюцца ад $500 да $750 за адну дозу. Падробленыя даведкі аб праходжанні вакцынацыі ананімныя гандляры прадаюць за $150, паведамляе BBC.
Эксперты сцвярджаюць, што за апошні час у даркнэце рэзка павялічылася колькасць рэкламы вакцын, аднак пакуль не ўдалося выявіць, ці з’яўляюцца прышчэпкі сапраўднымі.
Адна з хакерскіх аб’яў прапаноўвае набыць два падробленыя адмоўныя тэсты на кавід, а трэці атрымаць бясплатна.
Эксперты з кампаніі па кібербяспецы Check Point заклікаюць краіны ўвесці сістэму QR-кодаў на ўсю дакументацыю датычна вакцын, каб было немагчыма зрабіць падробкі.