«Пфляўмбаўм» прапануе: кнігі Евы Вежнавец і Тані Скарынкінай
У серыі «Пфляўмбаўм» выйшлі кнігі знакавых беларускіх пісьменніц.
24.03.2021 / 22:23
Ева Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», аповесць
Рына, алкагалічка сярэдніх гадоў, з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала яе старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, — спакою. Але дома яе чакае неспадзяванка — старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню? Рыне трэба пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць. Жанр гэтай кнігі — балотная казка.
Таня Скарынкіна «Райцэнтр«, эсэ
Кніга «Райцэнтр» — пра родны горад. На вокладцы — люстраныя літары. Эсэ Тані Скарынкінай і самі, як люстэрка насупраць люстэрка. Зацягваюць і заварожваюць.
«Гэтыя тэксты — спроба ўратаваць знакі часу ад знікнення ў хаосе сучаснасці, смелае намаганне вырваць нерасказаныя гісторыі з цемры забыцця. Таня Скарынкіна ўпісвае ў космас свой малы свет, яна і назіральніца, і ўдзельніца, і нястомная калекцыянерка штодзённага цуду. Непрыкметная на першы погляд Смаргонь гаворыць унікальным Таніным голасам — і робіцца літаратурай. А значыць, кідае выклік лёсу: дробнае ў ёй робіцца важным, вялікае — смешным, смешнае — кранальным і нават трагічным; усё асуджанае на знікненне атрымлівае ў яе кнізе апошні шанец — і ажывае…» / Альгерд Бахарэвіч