Арыштаваны афіцэр Генштаба, які раскрыў планы сілавікоў на Дзень Волі

У плане аховы будынкаў не было нічога важнага для апазіцыі. Cам факт арышту, аднак, дадатковае сведчанне таго, што рух за грамадзянскія правы мае падтрымку сярод афіцэрства.

01.04.2021 / 00:33

Капітан Дзяніс Урад. Скрыншот з тэлеканала АНТ

Як паведаміў тэлеканал АНТ, арыштаваны капітан Дзяніс Урад, які 14 сакавіка на дзяжурстве на пасту спецсувязі Генштаба сфатаграфаваў сакрэтнае пісьмо ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны — можна меркаваць, што гэта дакумент аб ахове сілавых будынкаў на 25 Сакавіка.

Тэлеканал паведамляе, што копію дакумента афіцэр «адправіў польскаму тэлеграм-каналу».

Так дзяржаўныя СМІ называюць адзін з апазіцыйных каналаў, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.

Тэлеканал не паведаміў, якім чынам беларускія спецслужбы выявілі крыніцу гэтай інфармацыі. Магчыма, дадзены тэлеграм-канал апублікаваў дакумент цалкам, а доступ да яго мела абмежаванае кола людзей, што палегчыла выяўленне аўтара.

Раней за мяжу выехаў высокапастаўлены афіцэр ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, які перадаў «БайПолу» вялікі масіў інфармацыі, у тым ліку аўдыязапісы. Лупаносаў паведаміў, што ў цэнтральным апараце МУС каля 400 чалавек паставілі подпісы за Віктара Бабарыку. А адначасова з інфармацыяй пра капітана Урада стала вядомае імя падпалкоўніка КДБ, які перадаваў інфармацыю замежным апазіцыйным асяродкам, — гэта Аляксей Храловіч.

Паводле інфармацыі АНТ, супраць капітана Урада заведзеная крымінальная справа па артыкуле аб здрадзе радзіме, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Ад адваката і сям'і затрыманага інфармацыі пакуль няма. Паколькі невядома, каму менавіта і што ён перадаў, то немагчыма сказаць, якое абвінавачванне дойдзе да суда. Калі гаворка толькі пра апублікаванне дакумента пад грыфам «сакрэтна», то наўрад ці гэта можа кваліфікавацца як «здрада радзіме».

Nashaniva.com