У МУС назвалі афіцыйную версію смерці амапаўкі Скаражонак: Супрацоўнік АМАП яе не забіў дакладна
07.04.2021 / 19:58
Святлана Скаражонак, «На страже»
9 студзеня 2021 года стала вядома пра смерць 29-гадовай Святланы Скаражонак — супрацоўніцы жаночага ўзвода мінскага АМАП. Тады ж папаўзлі чуткі пра тое, што дзяўчыну да смерці збіў муж-сілавік. Прэс-служба МУС пакінула пытанне пра смерць Скаражонак без каментароў. Але 6 красавіка, пасля прэс-канферэнцыі, прысвечанай праблемам хатняга гвалту, у МУС усё ж пракаментавалі смерць сваёй супрацоўніцы, піша Еўрарадыё.
«Гэта поўная дэзынфармацыя, пачынаючы з таго, што дзяўчына не была замужам у прынцыпе. Памерла яна ад хваробы», — расказала намесніца начальніка аддзела ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Вольга Сакалоўская.
Тым часам у 2016 годзе Святлана Скаражонак расказвала ў інтэрв'ю газеце «Минский курьер» пра тое, што яе малады чалавек таксама служыць у АМАП.
«У нас з Максімам акрамя службы шмат агульнага. Я б наўрад ці змагла сустракацца з чалавекам з цывільных. Калі ў нас супадаюць выхадныя, адпраўляемся на велапрагулкі ў парк, ходзім у кіно, тэатры», — казала Святлана. Мужам яна яго не называла — казала, што «сябруе з хлопцам са свайго падраздзялення».
«Мы разбіраліся для сябе, цалкам паднялі ўсю інфармацыю. Супрацоўнік АМАП яе не забіў дакладна», — адказвае на гэта прадстаўнік МУС.
Святлана Скаражонак нарадзілася ў Нясвіжы. Яе бацька быў памежнікам, у савецкі час служыў у Афганістане і Туркменістане. Маці — культработніца. У сям'і дзяўчына была адзіным дзіцем.
Скончыўшы факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, Святлана прайшла падрыхтоўку ў навучальным цэнтры МУС, а ў 2014 годзе рэалізавала студэнцкую мару і стала служыць у АМАП.