Са стэнда «Спартовы гонар БДЭУ» прыбралі фота Герасімені ФОТАФАКТ
Цяпер замест здымка плыўчыхі вісіць фота весляра Андрэя Багдановіча, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў і ганаровага грамадзяніна Бабруйска. Напярэдадні выбараў ён заяўляў, што рады стабільнай сітуацыі ў Беларусі і адзначаў, што «сітуацыю імкнуцца дэстабілізаваць».
10.04.2021 / 13:18
Было:
Стала:
Фота з тэлеграм-канала @peaceful_bseu
Нагадаем, што легендарная плыўчыха Аляксандра Герасіменя ўзначаліла Фонд салідарнасці спартоўцаў, а ў дзень адкрыцця «Усебеларускага народнага сходу» накіравала ліст Аляксандру Лукашэнку. «Вы прыгнятаеце і знішчаеце свой народ, думаючы, што ён вас любіць. А ён вас ненавідзіць і просіць, каб вы хутчэй сышлі», — звярталася яна.
На пачатку красавіка стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу супраць Аляксандры Герасімені.
Паводле следства, Герасіменя і выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін распаўсюджвалі «заведама лжывыя звесткі аб ходзе і выніках выбарчай кампаніі, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах жыцця грамадства». Нібыта яны звярталіся з заклікамі да замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, скіраванымі на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Следства сцвярджае, што дзеянні Герасімені і Апейкіна нанеслі іміджавы і фінансавы ўрон, падарвалі прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытавалі кіраўніцтва спартыўнай галіны і дзяржавы.
Таксама ў сакавіку стала вядома пра тое, што ў плыўчыхі адбіраюць дом у Драздах.
Алімпійскай прызёрцы Аляксандры Герасімені праз палітычную сітуацыю давялося з'ехаць з Беларусі ў Вільню. Да ад’езду яе школе плавання не падоўжылі дамову арэнды з тых жа прычын.