У Віцебск прывезлі знойдзеную ва Украіне надмагільную пліту Яна Баршчэўскага

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі прадставілі ўнікальны артэфакт, знойдзены ў 2019 годзе ў горадзе Чуднаў Жытомірскай вобласці Украіны, — надмагільную пліту аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, перадае БелТА.

16.04.2021 / 17:50

У пачатку 2000-х гадоў гаспадар участка ў Чуднаве пачаў будаваць газаправод і выкапаў чыгунную пліту. З-за іржы не было відаць, што на ёй напісана. Знаходка важыла 35 кг. Пліта проста стаяла на падворку 17 гадоў, пакуль уласнік не вырашыў зацэментаваць двор, а для эканоміі цэменту пакласці пліту. Пад уплывам надвор'я надпіс на пліце сцёрся, але гаспадары падумалі, што гэта нямецкая мова, і не надалі ўвагі. Увесну 2019 года плітой зацікавілася дачка гаспадароў Алена і стала шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. Высветлілася, што пліта магла знаходзіцца на магіле пісьменніка Яна Баршчэўскага. На прадмеце быў надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, прыхільнік Бога, прыроды і людзей, пісьменнік натхненняў і пачуццяў. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года». Знаходка стала сенсацыяй, праліла святло на дакладны год нараджэння літаратара.

На сродкі Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл (Швейцарыя) у 2020 годзе ў Чуднаве адкрылі помнік Яну Баршчэўскаму, а ў наступным годзе арганізавалі рэстаўрацыю надмагільнай пліты ў Мінску.

Пліта ўжо была прэзентаваная 6 красавіка ў Расонах, 14-га — у Полацку. Цяпер унікальны артэфакт некалькі дзён будзе экспанавацца ў Віцебскай Ратушы. Яго можна ўбачыць на выставе «100 рарытэтаў ды 100-годдзя музея».

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў адзначыў, што знаходка стала сапраўдным цудам. Бо гэтага не магло адбыцца, калі б не цікаўнасць дзяўчынкі. «На жаль, магіла літаратара не захавалася, але хаця б ёсць прадмет, які нас злучае з гэтым выдатным пісьменнікам, імя якога авеяна казачнасцю, містыкай і рамантызмам. Наш музей валодае яшчэ адным скарбам — 28 лістамі Яна Баршчэўскага», — сказаў Валерый Шышанаў.

Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў вёсцы Мурагі Расонскага раёна (раней гэта быў Полацкі павет Віцебскай губерні) у сям'і ўніяцкага святара, які належаў да збяднелага шляхецкага роду. Вучыўся будучы пісьменнік у Полацкім езуіцкім калегіуме. Канікулы найчасцей праводзіў у вандроўках па родных мясцінах — ваколіцах возера Нешчарда. Збіраў легенды, якія потым увайшлі ў самы вядомы яго твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Адзін час Ян Баршчэўскі жыў у Пецярбургу, а да 1850 года пераехаў у Чуднаў, дзе памёр ад сухотаў.

Nashaniva.com