Судзяць удзельнікаў тэлеграм-чата «Армія з народам». У іх групе сямейная пара, а таксама Спарыш, паплечнік Статкевіча
У Мінску пачалі судзіць удзельнікаў тэлеграм-чата «Армія з народам». Па справе праходзіць пяць чалавек, у тым ліку актывіст партыі «Народная грамада» Сяргей Спарыш, якога затрымалі за паўтара месяца да выбараў і асноўных акцый пратэсту. Сярод абвінавачаных таксама сямейная пара — Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч, іх малых дзяцей бабуля тэрмінова вывезла за мяжу, каб не забралі ў інтэрнат.
20.04.2021 / 11:54
Фігурантам пагражае да 8 год зняволення, абвінавачванне ім змянілі ўжо падчас следства, спачатку прад’яўлялі ўдзел у актыўных дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак (за гэта максімальны тэрмін — 3 гады калоніі), цяпер жа — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках, падрыхтоўцы беспарадкаў, а Спарыша вінавацяць яшчэ і ў тым, што перашкаджаў дзейнасці Цэнтрвыбаркама.
Сяргей Спарыш
Справу разглядае суддзя Сяргей Епіхаў. На працэс пусцілі толькі блізкіх сваякоў абвінавачаных, паседжанне праходзіць у малой залі. Каля 30 чалавек, якія засталіся ў калідоры, напісалі скаргу старшыні Мінскага абласнога суда Эдуарду Каспяровічу, паколькі ў будынку ёсць большая зала, але яна на гэты працэс не была задзейнічана.
Па справе праходзіць пяць чалавек: актывіст «Народнай грамады» Сяргей Спарыш, удзельніца руху «Краіна для жыцця» Антаніна Канавалава, удзельнікі тэлеграм-чата «Армія з народам» Сяргей Коршунаў (былы супрацоўнік міліцыі), Сяргей Ярашэвіч і Яўген Прывалаў (адзіны, хто не знаходзіцца пад вартай, інфармацыі аб прызнанні яго палітвязнем няма).
Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава заяўляла, што аператыўнікі сачылі за тэлеграм-чатам з чэрвеня 2020 году.
«У чаце актыўна заклікалі да сілавога ўздзеяння на прадстаўнікоў МУС і ўнутраных войскаў у дзень магчымых пратэстаў, збору і каардынацыі ў пэўных месцах радыкальна настроеных грамадзян, гатовых да актыўных дзеянняў. Абмяркоўваліся спосабы супрацьдзеяння, магчымыя правакацыі ў адносінах праваахоўнікаў», — казала Чамаданава.
Ад сваякоў вядома, што прынамсі Коршунаў і Канавалава віну не прызнаюць.