Прысуд 16-гадоваму Мікіту Залатарову з Гомеля па «справе аб кактэйлях Молатава» пакінулі ў сіле: пяць гадоў калоніі
Сёння ў Гомельскім абласным судзе разгледзелі апеляцыйную скаргу на прысуд 16-гадоваму Мікіту Залатарову па так званай справе аб «кактэйлях Молатава». Прысуд пакінулі ранейшым, піша Tut.by.
23.04.2021 / 12:22
Фота Аляксея Смыка, Tut.by
Мікіта Залатароў быў арыштаваны 11 жніўня 2020 года па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а таксама ў незаконнай дзейнасці ў дачыненні да боепрыпасаў, зброі або выбуховых рэчываў.
У лютым суд Чыгуначнага раёна Гомеля прысудзіў непаўналетняга да пяці гадоў выхаваўчай калоніі. Яго знаёмых — 29-гадовага жыхара Гомельскага раёна Леаніда Кавалёва да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, і 26-гадовага жыхара Добруша Дзмітрыя Карнеева — да васьмі гадоў калоніі строгага рэжыму.
Усіх іх абвінавачвалі ў незаконным вырабе выбуховых рэчываў, удзеле ў масавых беспарадках (падчас суда перакваліфікавана на «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках»), а Кавалёва — яшчэ і ў іх арганізацыі і ўцягванні непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства.
Паводле версіі следства, Кавалёў зрабіў два кактэйлі Молатава, перавёз іх у цэнтр горада і схаваў у адным з двароў. Увечары 10 жніўня ён прыехаў у раён правядзення пратэстных мітынгаў, дзе знайшоў выканаўцаў свайго злачыннага плана — Карнеева і Залатарова. Мужчына перадаў новым знаёмым кактэйлі Молатава для таго, каб яны падпалілі сцяну якога-небудзь дома, а затым стаў пераконваць іх здзейсніць больш радыкальныя дзеянні — падпаліць гарадскі аўтобус ці аўтазак.
Па дарозе маладыя людзі сустрэлі вайскоўцаў вайсковай часткі 5525 і ўцяклі, а Карнееў кінуў бутэльку ў іх бок. Ніхто не пацярпеў.
Кавалёў і Залатароў віну не прызналі. Карнееў прызнаў часткова.