Что нам дала историческая Литва?
О духовном наследии, которым мы сегодня пользуемся, сами того не всегда замечая и осознавая, пишет кандидат исторических наук Олег Дернович.
26.06.2021 / 11:36
Пейзаж под Новогрудком, первой столицей Великого Княжества Литовского. Фото Надежды Бужан.
Ідэя гэтага тэксту зарадзілася пасля адной з нядаўніх лекцый для выкладчыкаў беларускіх універсітэтаў. Тэма сустрэчы тычылася гістарычна-геаграфічнага размежавання Вялікага Княства Літоўскага, з вылучэннем у яго складзе Літвы і Русі як рэгіёнаў і вызначэннем суадносін паміж гэтымі паняццямі.
Часткай гэтага мерапрыемства была таксама дыскусія, на якую нечакана і без папярэджання запрасілі Ігара Марзалюка. Гэты гісторык вядомы адназначнай пазіцыяй, што продкамі сучасных беларусаў у Вялікім Княстве былі выключна русіны, за ліцвінамі ж ён гэтага не прызнае. І пасля майго падсумавання агульных рысаў гэтых канцэптаў, «Русі» і «Літвы», Марзалюк наўпрост задаў мне пытанне: «Алег, ну чаму ты так трымаешся за гэтую Літву? Што яна нам дала?»
Пытанне прагучала для мяне цалкам нечакана і сапраўды прымусіла задумацца. Але ўжо праз хвіліну я здолеў пералічыць па пунктах тое, «што нам дала гістарычная Літва»:
- тэрыторыю;
- мову;
- канфесіі;
- вобразы і знакі;
- традыцыі.
Тады я змог пазначыць сваё бачанне гэтага пытання толькі пункцірна. А ў гэтым тэксце паспрабую шырэй раскрыць і аргументаваць пералічаныя пункты.
Тэрыторыя
Тэрмін «Літва» мае некалькі значэнняў. У часы росквіту Вялікага Княства Літоўскага Літвой называлі і ўсю тэрыторыю гэтай дзяржавы. Але ў той жа час унутры яе існавала некалькі гістарычна-культурных рэгіёнаў, сярод якіх Літва ў вузкім сэнсе была адным з галоўных. Яе тэрыторыя ахоплівала ў асноўным заходнюю і паўночна-заходнюю частку краіны, але ментальныя межы гэтага рэгіёна былі рухомыя, з тэндэнцыяй пашырэння на ўсход (гл. на гэтую тэму больш падрабязна ў артыкуле Вячаслава Насевіча «З русінаў у ліцвіны» ў № 8/2020 «Нашай гісторыі»). Так, напрыклад, Менск у ХV стагоддзі мог згадвацца як горад, які ляжаў на Русі. Але ў наступным, XVI, стагоддзі ён ужо стала замацаваўся на Літве.
Велізарныя абшары сённяшняй тэрыторыі Беларусі цягам стагоддзяў сталі пад рэгіянальнай назвай «Літва» не толькі інтэгральнай часткай краіны, але і адным з двух яе базавых тэрытарыяльных элементаў.
Значную частку гэтай гістарычнай Літвы складалі землі «ўласна Літвы», альбо «Літвы да Міндоўга», якая ахоплівала тэрыторыю Віленшчыны і адкуль у ХІІІ стагоддзі сыходзілі імпульсы новага дзяржавастварэння (гл. пра гэта артыкул «Жыццё да Міндоўга: як выглядала ранняя Літва» ў № 4/2020 «Нашай гісторыі»).
Да рэгіёна Літва (у вузкім сэнсе) у XVI стагоддзі адносіліся паветы: Браслаўскі, Ваўкавыскі, Віленскі, Вількамірскі, Гарадзенскі, Лідскі, Троцкі, Упіцкі, практычна цалкам Ашмянскі і Слонімскі, большая частка Наваградскага ды заходняя палова Менскага. Мяжа паміж тагачаснымі «Літвою» і «Руссю» не супадала ні з этнічнымі (у сучасным разуменні), ні да канца з адміністрацыйнымі (ваяводстваў і паветаў) межамі.
Такім чынам, каля траціны тэрыторыі сучаснай Беларусі — гэта землі «гістарычнай Літвы».
Мова
Гэты пункт можа падацца нечаканым, але моўны чыннік таксама звязаны з рэгіянальным фактарам Літвы.
Беларуская літаратурная мова новай эпохі гістарычна базуецца на сярэднебеларускіх гаворках. Гэта пераходны тып гаворак паміж паўночна-ўсходняй і паўднёва-заходняй дыялектнымі зонамі, сфера іх пашырэння цягнецца ад Вільні праз Мінск да Гомеля. На карце Яўхіма Карскага 1903 года гэтая тэрыторыя была пазначана як рэгіён «цвёрдага р і моцнага акання». У працэсе ж стварэння літаратурнай мовы ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў былі задзейнічаныя найперш гаворкі паміж Вільняй і Мінскам.
Для гэтага былі гістарычныя і сацыякультурныя падставы. Апублікаванае ў 2011 годзе даследаванне палітолагаў Андрэя Казакевіча і Андрэя Асадчага, прысвечанае рэгіянальнаму і сацыяльнаму складу ўдзельнікаў беларускага адраджэння на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, дазваляе акрэсліць рэгіён, адкуль у асноўным ішлі імпульсы для новага культурнага і моўнага працэсу — фарміравання праекта беларускай нацыі і літаратурнай беларускай мовы.
Калі ўзяць за крытэрый месца нараджэння тагачасных беларускіх актывістаў, то цэнтрам культурнага руху выступаюць чатыры тагачасныя паветы: Вілейскі, Мінскі, Слуцкі і Віленскі.
На гэтай тэрыторыі нарадзілася амаль палова (каля 45 %) ад агульнай колькасці дзеячаў беларускага культурнага руху пазначанага перыяду. Да гэтага ядра можна далучыць і некаторыя іншыя паветы таксама з высокай колькасцю культурных дзеячаў. У Віленскай губерні вылучаюцца Дзісенскі і Ашмянскі паветы, у Гродзенскай — Сакольскі і Слонімскі. Дапаўняе арэал Наваградскі павет Мінскай губерні.
З усіх пяці тагачасных беларускіх губерняў абсалютным лідарам выступае Віленская, у якой нарадзілася 36,5 % актывістаў беларускага культурнага руху. Не нашмат ад яе адстае Мінская губерня. Такім чынам, ініцыятарамі і прапагандыстамі беларускага руху канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя сталі пераважна выхадцы з тэрыторыі колішняй гістарычнай Літвы. Акрамя ўсяго іншага, яны былі аднымі з першых аўтараў і сталых карэспандэнтаў легальнай беларускай прэсы, а таму моўныя асаблівасці іх мясцовасцяў непасрэдна ўплывалі на працэс фарміравання беларускай моўнай нормы.
Сярод найбольш выразных такіх асаблівасцяў — моцнае аканне/яканне. Многія лінгвісты лічаць, што ў беларускай мове гэта з’ява субстратнага балцкага паходжання. Характэрна, што ў нашым рэгіёне толькі ў беларусаў і літоўцаў яканне замацавана графічна ў літаратурнай норме. Тое, што ў сучасных літоўцаў у незапазычаных словах пішацца як е, чытаецца як гук, вельмі блізкі да нашага я. Для перадачы ж уласна гука, падобнага да нашага е (ці э), у літоўскай мове існуе асобная літара — ė.
Мовазнаўцы сыходзяцца, прынамсі, у адным — беларуская дыялектная сістэма з яе падзелам на паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялекты канчаткова склалася ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага. Пра гэта сведчаць факты старабеларускага пісьменства.
Канфесіі
З агульнарэгіянальным паняццем Літва звязана таксама тэма пашырэння і ў пэўным сэнсе нават узнікнення нашых асноўных рэлігійных канфесій. Першае стагоддзе існавання ВКЛ адзначана дынамічнай раўнавагай паміж паганствам балтаў, усходнім хрысціянствам (праваслаўем) русі (народа, а не тэрыторыі) і новым заходнехрысціянскім (каталіцкім) выбарам. Многія князі з дынастыі Гедымінавічаў на рускіх княжаннях прымалі хрысціянства розных абрадаў, але прэтэндэнт на велікакняскую ўладу мусіў цягам некалькіх пакаленняў прынамсі дэкларатыўна заставацца язычнікам.
Рэалізацыя Крэўскай уніі 1385 года прывяла да каталіцкага хросту язычніцкага насельніцтва, якое да таго часу заставалася ў Літве.
Пасля таго ў ВКЛ усталяваліся дзве хрысціянскія канфесіі: рыма-каталіцкая і ўсходнехрысціянская славянскага абраду, якую мы сёння разумеем як праваслаўную. Але каб увайсці ў найвышэйшую палітычную эліту краіны, трэба было прыняць каталіцтва: гэтая канфесія была прывілеяваная.
Выбух еўрапейскай Рэфармацыі нечакана даволі моцна адгукнуўся на прасторах ВКЛ сярод арыстакратыі, шляхты і часткова мяшчанства, найперш у форме кальвінізму. Але пачатак Контррэфармацыі прыпыніў працэс пашырэння пратэстантызму і спарадзіў новую рэлігійна-царкоўную з’яву — грэка-каталіцтва (уніяцтва).
Берасцейская царкоўная унія 1569 года была мадэрнізацыйным адказам на выклікі эпохі Рэфармацыі і крызісу Царквы.
Цяпер ставіцца пытанне: была ўзніклая ў яе выніку Уніяцкая царква асобнай канфесіяй ці толькі адметнай часткай Каталіцкай царквы? Калі зыходзіць са статутных дакументаў, то трэба прызнаць, што ўніяты былі каталікамі візантыйскай літургічнай традыцыі. Таму на працягу XVII—XVIII стагоддзяў ВКЛ фактычна было каталіцкай дзяржавай з двума асноўнымі абрадамі. На тэрыторыі ж сучаснай Беларусі грэка-каталікі складалі яўную дэмаграфічную большасць. І гэта асаблівасць вельмі выразна адрознівала рэлігійны ландшафт ВКЛ як ад Расіі, так і ад Польшчы.
А вось прыхільнікі ўласна праваслаўя заставаліся ў ВКЛ на працягу сярэдзіны XVII—XVIII стагоддзяў у яўнай меншасці, хоць былі заўважна прысутныя пераважна ў двух рэгіёнах: Магілёўшчыне — Аршаншчыне і Случчыне. У Слуцку праваслаўныя ўтрымаліся ў XVII стагоддзі дзякуючы пратэкцыі кальвінісцкай біржанскай лініі Радзівілаў. А з сярэдзіны XVIII стагоддзя Праваслаўная царква ў ВКЛ у прыватнасці і ўсёй Рэчы Паспалітай ў цэлым утрымлівалася праз падтрымку з боку Расійскай імперыі.
Канфесійная мазаіка, што склалася ў часы ВКЛ, вызначыла вельмі разнастайны культурны ландшафт краю, які захоўваўся і ў наступныя стагоддзі.
Вобразы і знакі
Апроч з’яваў, вельмі адчувальных эмпірычна, літоўскі перыяд нашай гісторыі пакінуў нам цэлы шэраг візуальных і мастацкіх вобразаў, а таксама адпаведныя сімвалы і знакі. Цэлыя мастацкія стылі і культурныя эпохі прыйшлі да нас акурат у часы ВКЛ.
З другой паловы XV стагоддзя ў распаўсюджаную раней у ВКЛ архітэктуру візантыйскага стылю сталі пранікаць гатычныя ўплывы. А пасля адбывалася паслядоўнае чаргаванне розных культурных і светапоглядных эпох, еўрапейскіх мастацкіх стыляў і напрамкаў: Рэнесансу, маньерызму, барока, ранняга класіцызму, Асветніцтва. І калі рэнесансныя помнікі яшчэ адзначаліся сваёй стрыманасцю, то барока сапраўды стала «нацыянальным стылем», сфармаваўшы ў нас своеасаблівы і вельмі пазнавальны тып двухвежавых храмаў, распаўсюджаны ад Любавічаў да Коўна. Позні барочны этап на нашых землях атрымаў назву «віленскага барока» і праявіўся ці не найбольш у архітэктуры грэка-каталіцкіх храмаў.
Пашырэнне згаданых мастацкіх стыляў і геаграфічна-храналагічных абсягаў культурных эпох спрычынілася да дыскусіі пра сімвалічныя межы Еўропы. Еўрапейскімі для XVI стагоддзя можна лічыць краіны, дзе сфарміраваліся ўласныя рэгіянальныя версіі Рэнесансу, а не толькі прысутнічаюць імпартаваныя артэфакты эпохі. У ВКЛ уласныя рэнесансныя тэндэнцыі найбольш выявіліся ў літаратуры, прававой думцы, кнігадрукаванні, а таксама ў выяўленчым мастацтве. Архітэктурныя ж помнікі барока маркіруюць усходнюю мяжу Еўропы для XVII стагоддзя.
Разам з тым захаваліся і матэрыяльныя знакі той эпохі, якія мы гатовыя напаўняць новымі сэнсамі: ратушы як напамін пра гарадское самакіраванне і прыватныя замкі як увасабленне аўтаноміі магнатаў ад дзяржаўнай улады.
Цэлы шэраг выяўленчых апазнавальных знакаў эпохі ВКЛ захавалі ці адрадзілі сваю функцыю ў сучасных умовах пасля доўгага часавага разрыву. Гаворка тут ідзе перадусім пра гербы, найперш пра «Пагоню», якая атаясамліваецца з Беларуссю ці ў дзяржаўным, ці ў палітычным кантэксце. Таксама і многія беларускія гарады з магдэбургскай гісторыяй сёння вярнулі сабе даўнія гербы, якія сталі зноў афіцыйна ўжывацца. І гэты працэс дэманструе не толькі сімвалізм, але і функцыянальнасць спадчыны.
Традыцыі
Гэты пункт у пераліку спадчыны Літвы аналізаваць найскладаней. І справа не толькі ў часавай аддаленасці ад перыяду існавання Вялікага Княства Літоўскага, але і ва ўплыве пазнейшых працэсаў, якія наклаліся на гістарычна-культурны комплекс, што застаўся ад літоўскага перыяду. Расійская бюракратыя і царскае самаўладдзе, савецкі таталітарызм, дзве разбуральныя сусветныя вайны — усё спрыяла грунтоўным культурным, сацыяльным і ментальным зменам. І ўсё ж такі нават сёння, выкарыстоўваючы сродкі сацыялогіі і культурнай антрапалогіі, мы можам знайсці некаторыя выразныя адрозненні беларусаў ад сваіх суседзяў, якія маюць карані ў гісторыі.
Параўнаўчыя эмпірычныя і сацыялагічныя назіранні дазваляюць выказаць меркаванне, што сучасныя беларусы ў масе сваёй схільныя прытрымлівацца вызначаных прававых нормаў. Знакамітая гатоўнасць беларусаў пераходзіць вуліцу толькі на зялёны сігнал святлафора была зафіксаваная зусім не ў ХХІ стагоддзі, а стала прадметам добразычлівых савецкіх анекдотаў яшчэ ў другой палове ХХ стагоддзя, фактычна неўзабаве пасля таго, як тыя святлафоры ўвогуле з’явіліся. Апрача таго, практыка валанцёрства і ўзаемадапамогі, а таксама ўзнікненне ў апошні час лакальных супольнасцяў — вынік у тым ліку і існавання ранейшай культурнай традыцыі самаарганізацыі.
Падобныя практыкі немагчыма вывесці толькі з традыцыйнага грамадства, якое было практычна ўшчэнт разбуранае калектывізацыяй і мадэрнізацыяй. Нашыя культурныя стэрэатыпы паводзін заснаваныя на трансляцыі, у тым ліку ў дыдактычнай і навуковай літаратуры, а таксама ў СМІ, традыцый самакіравання ў магдэбургскіх гарадах і на шляхецкіх сойміках, у рэлігійных брацтвах і рамесных цэхах. А ў сваёй прававой традыцыі мы робім адсылкі да Статутаў ВКЛ і правоў грамадзян, на апеляцыю судовых выракаў у Галоўным трыбунале ВКЛ.
Лёгка канстатаваць яшчэ адну традыцыю, хоць яе ацэнкі могуць адрознівацца, — гэта шматмоўнасць Беларусі. Рэч у тым, што наш край ніколі ў гісторыі не быў аднамоўным, для паспяховага жыцця ў ім заўжды было неабходна ў той ці іншай форме валодаць некалькімі мовамі. Прытым мовы гэтыя былі краёвымі, то-бок не замежнымі. Каб, напрыклад, жыць у Менску XVII стагоддзя, калі яшчэ былі адносна моцнымі пазіцыі старабеларускай мовы, трэба было ведаць і польскую, а для атрымання адукацыі ўмець паслугоўвацца лацінай. У сферы ж гандлю не шкодзілі і базавыя веды ідышу. Канкрэтныя актыўныя мовы з часам маглі мяняцца, але так ці інакш іх заўсёды было некалькі. Палітыка планавай савецкай русіфікацыі 1930—1980- х гадоў выглядае ў нашай гісторыі хутчэй як выключэнне, але гэта з’ява ўжо індустрыяльнай эпохі і таталітарнай сістэмы.
Нават часова заняпалая традыцыя, пакідаючы матэрыяльныя і ментальныя сляды, можа актуалізоўвацца наноў праз інстытуты і практыкі. Гэтае палажэнне вельмі добра стасуецца да спадчыны гістарычнай Літвы ў нашай гісторыі, хоць мы ў поўным аб’ёме можам да канца і не ўсведамляць таго, што яна працягвае і сёння ўплываць на наша культурнае і сацыяльнае жыццё.
Важна, што паўставанне на нашых абшарах новай дзяржавы ў ХІІІ стагоддзі супала з кардынальнымі трансфармацыямі ва ўсёй Еўропе. Фактычна толькі тады Еўропа пачала набываць пазнавальныя для нас рысы. Таму вестэрнізацыя Вялікага Княства на самай справе была ўдзелам у працэсе фарміравання Еўропы на самым яе ўсходзе. У тым ліку і таму Літва сёння застаецца для нас жывой спадчынай.