Каранкевіч: Перавод кацельняў ЖКГ з газу на торф — прыярытэтны кірунак
Праекты па выкарыстанні торфу ў якасці паліва пры вытворчасці цэменту плануюць развіваць у Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на сустрэчы з калектывам праектнага навукова-даследчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «НДІ Белгіпратопгаз», паведамляе БелТА.
03.05.2021 / 21:39
Каранкевіч адзначыў, што сёлета плануецца павялічыць пастаўкі тарфяной прадукцыі на цэментавыя заводы, у прыватнасці тарфакрошкі ў ААТ «Краснасельбудматэрыялы».
Сярод прыярытэтных напрамкаў міністр энергетыкі назваў і перавод кацельняў ЖКГ з прыроднага газу на фрэзерны торф. «Добрыя прыклады такіх праектаў у нас ёсць: частка з іх ужо знаходзіцца на завяршальнай стадыі рэалізацыі, частка адпрацоўваецца як перспектыўныя», — сказаў ён.
Каранкевіч пазначыў тэндэнцыю росту попыту на тарфяную прадукцыю на ўнутраным рынку. «Калі ў 2011 годзе каля 40-45% ад агульнага аб'ёму вытворчасці тарфяной прадукцыі сыходзіла на экспарт, то цяпер гэтая прадукцыя ў асноўным запатрабаваная ў нас у краіне», — канстатаваў кіраўнік Мінэнерга.
У канцы 2020 года была зацверджана праграма комплекснай мадэрнізацыі тарфяных вытворчасцяў на 2021-2025 гады.