Хто такі ўкраінскі блогер BalaganOFF, які збірае сотні тысяч праглядаў на беларускай тэме

На прасторах ютуба пастаянна з’яўляюцца новыя і новыя каляпалітычныя блогеры. Абдзеленыя ўвагай СМІ, яны тым не менш напрацоўваюць аўдыторыю, большую чым у многіх медыя. Адзін з іх — Аляксандр Рыкаў, якія вядзе канал «ВalaganOFF». Здымаючы самога сябе на тэлефон і каментуючы падзеі Расіі і Беларусі, блогер набірае сотні тысяч праглядаў. Увогуле Рыкаў трохі нагадвае Ціханоўскага: мажны няголены мужык «з народа», які зарабіў грошы нейкім бізнэсам, а пасля рынуўся ў ютуб выказвацца на грамадска-палітычныя тэмы. Нават яго канал называецца «Блог малога бізнэсу». Праўда, паміж ім і Ціханоўскім ёсць адно важнае адрозненне: Рыкаў — украінец, які жыве ў Кіеве і яшчэ год таму не меў ніякага дачынення да Беларусі.

11.05.2021 / 15:36

«Наша Ніва» пацікавілася асобай блогера.

Аляксандру Рыкаву 45 гадоў. Ён родам з сям’і вайскоўца, жыве ў Кіеве. Жанаты, гадуе дачку.

У пачатку 2000-х Рыкаў шчыльна цікавіўся покерам: удзельнічаў у турнірах сам, разам з братам арганізаваў партал «Balaganoff.com», прысвечаны гульні. Партал быў вельмі папулярным, меў жывы форум, публікаваў гутаркі з вядомымі гульцамі. Аляксандр з братам арганізоўвалі і покерныя турніры, сам Рыкаў быў кіраўніком кіеўскай гарадской арганізацыі Федэрацыі покера Украіны.

Пасля Аляксандр шчыльна заняўся бізнэсам. Сёння разам з партнёрамі мае сетку салонаў прыгажосці «Стэфані». 

Але год таму Аляксандр Рыкаў раптам запускае свой ютуб-канал. 

Спачатку ён выказваўся на тэмы, звязаныя з бізнэсам. Рабіў гутаркі з прадпрымальнікамі, расказваў пра стартапы, піяр. Асаблівай папулярнасці гэта не прыносіла, ролікі набіралі ад пару соцень да 3500 праглядаў. 

Але ў мінулым чэрвені Рыкаў пачынае выказвацца пра палітыку. І амаль адразу яго магістральнымі тэмамі становяцца Беларусь і Лукашэнка. Акрамя таго, ён выказваецца пра Расію і Пуціна, пра атручэнне Навальнага… Прозвішчы Зяленскага і Парашэнкі ў яго відэа фігуруюць пару разоў, усё астатняе — гэта амаль суцэльна Беларусь і Лукашэнка, Лукашэнка і Беларусь. І часам трохі Расія. 

Адпаведна, канал пачаў прыносіць зусім іншыя лічбы: амаль кожнае відэа набірае дзясяткі тысяч праглядаў, самы папулярны ролік (з загалоўкам «Перахоп перамоваў Лукашэнкі 2.0») праглядзелі амаль 300 тысяч разоў. Сёння, праз год ад старту канала, амаль кожны ролік набірае 60—100 тысяч праглядаў. 

У сваіх відэа Рыкаў часам проста пераказвае навіны Беларусі і Расіі, часта вядзе стрымы з беларускімі палітыкамі, блогерамі. Размаўляў з Макарам, Дзмітрыевым, Халезіным, пісьменнікам Філіпенкам, блогеркай Такарчук.

Ёсць у «Балаганава» і аднайменны тэлеграм-канал (амаль 8 тысяч падпісчыкаў). У канале — трохі хаатычны падбор каляпалітычных навін: і Пуцін, і Байдэн, і Лукашэнка, і Карач. Аўтарскага кантэнту там няшмат.

Але ж чаму паспяховы ўкраінскі бізнэсмен раптам зацікаўся беларускай палітыкай? Навошта яму губляць свой час на стрымы і агляды дзейнасці Макара і Карач? Сачыць за выказваннямі Лукашэнкі? 

«Наша Ніва» задала гэтыя пытанні самому Аляксандру Балаганаву-Рыкаву.

«Наша Ніва»: Вы ведзяце блог, у якім актыўна абмяркоўваеце беларускую тэматыку. Пры гэтым самі вы ўкраінец, жывяце ў Кіеве. Не палітык, зарабляеце бізнэсам. Навошта вам беларуская палітыка сёння?

Аляксандр Рыкаў: Спачатку я рабіў блог пра бізнэс. Рабіў гутаркі з нашымі ўкраінскімі прадпрымальнікамі, са сваімі бізнэс-партнёрамі. Якраз у нас пачаўся лакдаўн, і мы абмяркоўвалі, як хто праз гэта праходзіць.

Мы ж ва Украіне спачатку не жылі вашымі выбарамі. Думалі, што пройдзе як звычайна: фальсіфікацыі — і ўсё. А пасля ўсё так стала актыўна развівацца, што пачалі ўважліва сачыць.

І я неяк убачыў, як затрымлівалі Сяргея Ціханоўскага, як за ім бегала нейкая кабета… Гэта было настолькі смешна і настолькі бачна, што гэта нейкая дзіцячая пастаноўка…

Я запісаў пра гэта відэа. Украіна ж перажывае таксама, мы таксама праціўнікі дыктатуры. І я пачаў перыядычна рабіць відэа, і неяк так склалася, што Беларусь мне пачала сніцца кругласуткава, асабліва пасля збіцця людзей у вашыя трагічныя даты, пачынаючы з 9—10 жніўня. І пасля я пачаў рабіць відэа часцей, а пасля, бо шмат блогераў перасаджалі, усіх закрылі, я бачыў вялікую несправядлівасць 21 стагоддзя і пачаў пра гэта больш і больш [гаварыць]. Вось так і атрымалася.

А цяпер столькі людзей мне пішуць і чакаюць эфіраў і меркаванняў! Я ж нікога не падтрымліваю, я проста за справядлівасць, за людзей і супраць дыктатуры. Вось так размаўляю з людзьмі. Я не палітык і не палітолаг — я проста дзялюся сваімі думкамі. 

У мяне ж была паўза з 9 ліпеня па 9 жніўня. Як у любога блогера, напэўна, з’явіліся думкі: а навошта мне гэта трэба, куча змарнаванага часу. А пасля стала ўсё ж цікава. І затым неяк я ператварыўся ў такога звычайнага чалавека са сваім поглядам на сітуацыю.

«НН»: Вы ж спачатку спрабавалі стварыць дзіцячы ютуб-канал? (У красавіку 2020 Рыкаў завёў ютуб-канал пад назвай «Волшебная планета Евы». На ім выкладваў відэа са сваёй малой дачкой. У канале 4 ролікі, у самага папулярнага 555 праглядаў — «НН».)

АР: Не, гэта проста ад няма чаго рабіць падчас каранціну і лакдаўну. Дачка спачатку захацела такі канал, мы на энтузіязме зрабілі чатыры відэа, я быў настроены ім актыўна займацца. Але дзіця пасля проста перахацела, кажа: усё, не падыходзьце да мяне са сваёй камерай. Дачушцы чатыры годзікі, што ж зробіш. Я ж яе не буду прымушаць. 

А пасля ў нас быў такі момант падчас каранціну: рэстараны, якія належалі людзям пры ўладзе, працавалі, а ў астатніх — не. І я не вытрываў, запісаў відэа, выклаў на свой канал. Так усё і пачалося. 

«НН»: Але ж чаму ў вас такая цікавасць менавіта да Беларусі і канцэнтрацыя на нашых падзеях? Ва Украіне, пры ўсёй павазе, праблем не менш.

АР: Канечне. Але так склалася, што аўдыторыя канала на 80 працэнтаў з Рэспублікі Беларусь. І сёння мне маральна складана для сябе кінуць беларусаў… Я лічу, гэта па-чалавечы не шчыра.

«НН»: Калі казаць шчыра, то выглядае як спроба хайпануць на гарачай тэме і сабраць прагляды.

АР: Хайпануць у мяне нават думак няма. Я даволі заможны чалавек, магу ўзяць і патраціць кучу грошай — і заўтра вы ўбачыце ў мяне 500 тысяч праглядаў. Я люблю разбірацца ў лічбах і аналітыцы і разумею, што магу нагнаць сабе любую колькасць падпісчыкаў вельмі хутка. Падпісчык мне абыдзецца ў 5 грывень, ці 20 цэнтаў. Патраціў тысячу даляраў — нагнаў мільён падпісчыкаў. Пытанне ж не ў тым. 

Мы цяпер адкрываем ва Украіне вялікі закрыты бізнэс-клуб. Гэта іншы бок майго жыцця, яго, дарэчы, людзі таксама хутка ўбачаць. Але што, мне хваліцца, што ў мяне ў матэрыяльным плане ўсё добра? Мне пішуць часам боты ўсякія: ідзі працуй! Я ў такія моманты думаю: госпадзе, вы б ведалі, што ў мяне 400 чалавек працуе, што ў мяне куча бізнэсаў!

Таму блог — для мяне як грамадзянская пазіцыя. Вось будзе перамога, прыеду ў Беларусь адзначаць яе, а пасля, можа, і бізнэс там нейкі адкрыю. Бо Беларусь і беларусы для мяне сталі ўжо роднымі. Столькі сяброў адтуль з’явілася — звычайных людзей.

«НН»: А раней вы былі ў Беларусі калі-небудзь?

АР: Першы раз быў гадоў 15 таму, ездзіў на выставу абсталявання ў Германію. Заехалі ў Беларусь на такую ж выставу. 

І гадоў 10 таму быў у Беларусі таксама на міжнароднай бізнэс-выставе.

Было два ўражанні. Першае, калі набывалі абсталяванне з вялікага завода і выйшлі з дырэктарам завода пакурыць. Я пытаюся: што тут у вас, як палітычная абстаноўка? А ён мне адказвае ледзь не на вуха: цішэй, у нас тут паўсюль КДБ, усё слухаюць, не трэба на такія тэмы. 

Я быў уражаны і здзіўлены. Ніколі не сустракаўся з такім у сваім жыцці.

А другі момант, калі я ў самым цэнтры Мінска зайшоў у рэстаран нацыянальнай кухні. І здзівіўся, што кошты былі вышэйшыя, чым у нас у рэстаранах у цэнтры Кіева. Можа, я трапіў у нейкі спецыяльны рэстаран для турыстаў? 

«НН»: А як вы ставіліся да Лукашэнкі яшчэ да ўсіх леташніх падзей?

АР: Тут ва Украіне як пачалася вайна з Расіяй, то мы жылі сваімі падзеямі і асабліва не звярталі ўвагу на Беларусь, шчыра скажу. Ну так, Лукашэнка, ну так, дыктатар. Не скідваюць яго — значыць, людзей усё задавальняе.

У мяне ён сімпатыі не выклікаў, бо я прадпрымальнік. А любая дыктатура значыць канец прыватнаму бізнэсу. Я прыхільнік максімальнага развіцця прыватнага бізнэсу і свабоды.

«НН»: Вы манетызуеце свае ролікі? 

АР: Пару капеек, можа, прыносяць, але гэта не мэта ўсяго гэтага для мяне.

Прапановы паступалі агучыць нейкую рэкламу, але мне не трэба, дзякуй. Я для людзей, для душы. Умоўна кажучы, зарабіць 1000—2000 даляраў блогеру магчыма, але ў мяне няма мэты на гэтым зарабіць. Для мяне пабудаваць новы гандлёвы цэнтр сёння цікавей.

Калі мэта зарабіць на ютубе, то трэба рабіць хайповы моладзевы кантэнт з гумарам альбо мультыплікацыю.

«НН»: У вас на канале не адлюстроўваецца колькасць падпісчыкаў. Колькі іх?

АР: Няшмат. Усе чамусьці думаюць, што іх шмат. 

Але я нікому не кажу. Усе цікавяцца, але я ўсім кажу: у мяне 500 чалавек. 

«НН»: Хочаце сказаць, што ў вас 500 падпісчыкаў?

АР: Ну не, канечне. Я проста лічу, што калі людзі бачаць вялікую колькасць падпісчыкаў, то і самі падпісваюцца проста так, за кампанію. А я хачу, каб на мяне падпісваліся асэнсавана тыя, хто на адной хвалі. Калі я чалавеку цікавы, у нас супадае светапогляд — ён націсне кнопку падпісацца.

«НН»: Гучаць такія тлумачэнні даволі цьмяна, скажу шчыра.

АР: Ну можа, не ведаю. Калісьці я хацеў адкрыць лічбу падпісчыкаў, але спачатку было 500 — ну неяк непрыгожа глядзіцца, адкрыю, думаю, як будзе 1000. Пасля думаю: адкрыю, як будзе 10 тысяч, пасля — не, калі будзе 40 тысяч… Цяпер думаю, як будзе 100 тысяч, тады адкрыю.

«НН»: Хтосьці з беларускіх палітыкаў, структур звяртаўся да вас з прапановамі аб супрацоўніцтве? Прапаноўвалі, можа, праплаціць вашыя паслугі? Вольга Карач, напрыклад?

АР: Не, наадварот, мяне ўсе баяцца. Бо ў мяне нязручныя інтэрв’ю для палітыкаў.

А Вольга Карач — адзіная, хто адмовіўся ад гутаркі са мною. Дакладней кажучы, афіцыйна яна не адмовілася, нават у сваім блогу сказала, што інтэрв’ю будзе. Але перастала адказваць мне і знікла.

«НН»: Як вы самі да яе ставіцеся?

АР: У мяне шмат хто пытаецца, але я пакуль не хачу казаць. Магчыма, мы з ёю яшчэ пагаворым. Але яна адзіны чалавек, які спачатку пагадзіўся, а пасля ў апошні момант выкаціў кучу ўмоў. Я іх прыняў — чалавек убачыў, што я гатовы, і адмовіўся.

Скажу так: я чалавек, які не любіць усіх палітыкаў. 

«НН»: Але выглядае, што Ігар Макар выклікае ў вас сімпатыю. 

АР: Я такі чалавек, што люблю ўсіх людзей. Я адкрыты з усімі і адкрыта кажу, калі не падзяляю пункт гледжання. І Макар, з якім мы не падзяляем пункт гледжання, смела прыходзіць да мяне на эфір. 

Я з усімі абмяркоўваю: калі вы лічыце сябе палітыкамі, то раскажыце простым беларусам, як вы бачыце будучыню краіны? 

Ва ўсіх мэта адна — каб не было дыктатара Лукашэнкі. Але будучыню вы бачыце? Вы гатовыя размаўляць пра тое, як будзе развівацца краіна пасля? Якія сілы прыйдуць да ўлады —прарасійскія? Праеўрапейскія? 

Ніхто пра гэта не кажа. Але пра гэта трэба казаць, калі вы палітыкі.

І з усімі я так і размаўляю, даю выказаць свой пункт гледжання.

«НН»: А вы самі разбіраецеся ў беларускай палітыцы? 

АР: Як аматар.

«НН»: Хто такі Статкевіч, напрыклад, ведаеце? 

АР: Толькі чуў, скажам. 

«НН»: А Севярынец? 

АР: Тое ж самае. Прозвішчы чуў, але нічога пра іх сказаць не магу. Я ведаю імёны і прозвішчы тых, каго даведаўся за апошнія паўгода. Я ведаю больш, напэўна, пра Пазняка, бо ў маім тэлеграм-канале людзі пра яго гавораць пастаянна. Ну і ведаю тых людзей, якія цяпер у інфармацыйным парадку дня. Што чалавек звонку можа за паўгода даведацца, тое я і ведаю. 

«НН»: Як прэм’ер-міністра беларускага завуць, ведаеце? 

АР: Ведаю толькі прозвішча, калі правільна назаву — Галоўчанка.

«НН»: А хто да яго быў, не ведаеце?

АР: Не. Кажу шчыра, я ж у павестку трапіў толькі пачынаючы са збіцця людзей і пасля пачаў разбірацца. Так атрымалася, што першым да мяне прыйшоў на гутарку Макар, пасля Дзмітрыеў, Лябедзька — і вось так яно пайшло. Мне цікава разабрацца, людзям цікава. Вось так паступова ў павестку я і трапляў. Я ж, рыхтуючыся да інтэрв’ю, яшчэ і пытаюся ў сваіх падпісчыкаў-беларусаў: што вас цікавіць, што трэба спытаць? Мне накідваюць 300 пытанняў, і я маю тэмы для размовы, вострыя для тых, у каго я бяру інтэрв’ю.

«НН»: А хто вам найбольш сімпатычны з беларускіх палітычных дзеячоў? 

АР: Я б пакуль гэтае пытанне пакінуў без адказу, каб не ўносіць у публічнае поле — там дастаткова і так канфліктаў.

***

«НН»: Якая мэта ў вашай ютуб-дзейнасці? 

АР: Ютуб пачаўся таму, што я шмат на каранціне сядзеў. А цяпер у ідэале я б хацеў зняць дакументальнае кіно пра Украіну. Зрабіць праект чымсьці падобны да «Намедні» Парфёнава пра Украіну, пачынаючы з 1991 года. Расказаць, як жыла краіны, як перафарбоўваліся палітыкі, што было з прадпрыемствамі. 

Але зноў жа гэта не камерцыйны праект. 

Калі займацца камерцыяй, то можна стварыць анімацыйную студыю, рабіць прадукт на мностве моваў, папулярныя дзіцячыя мультыкі. Гэта з пазіцыі бізнэсу мне цікава.

Аляксандр Рыкаў (справа) з братам.

***

«НН»: Чым вы зарабляеце сёння?

АР: Шмат розных бізнэсаў, шмат з іх загінула падчас каранавіруса. Рэстаранны бізнэс закрыўся, СТА грузавое, медыцынскі цэнтр падалогіі таксама прыйшлося закрыць. Бо тры лакдаўны для бізнэсу — гэта катастрофа. Але ж неяк выжываем, стараемся пастаянна адкрываць штосьці новае.

«НН»: Раней вы шчыльна займаліся покерам?

АР: Гэта было захапленне калісьці даўно.

«НН»: Ведаю, што вы гулялі на турнірах, самі іх арганізоўвалі. Былі кіраўніком кіеўскай арганізацыі Федэрацыі покера.

АР: Быў і кіраўніком кіеўскай арганізацыі, і ўсеўкраінскай. Гэта было даўно, гадоў 15 таму І на многіх чэмпіянатах Еўропы я гуляў, было такое. 

«НН»: Якую максімальную суму выйгравалі? 

АР: Гэта можна паглядзець на покерных сайтах. Ну, бывала і 20 тысяч даляраў, і 30 тысяч, і больш. Я ж у покер прыйшоў як у хобі. Я кіраваў вялікім холдынгам і ездзіў з сябрамі-прадпрымальнікамі гуляць. І гэта было навінкай для Украіны, таму мы зрабілі форум для аднадумцаў. У свой час ён стаў самым вялікім ва Украіне, стаў таксама зарабляць грошы як камерцыйная арганізацыя. І ў нас былі свае гульнявыя ўстановы, мы арганізоўвалі турніры, нават міжнародныя, прывозілі сусветныя брэнды. А пасля ў нас забаранілі гэта — і ўсё памерла. Не памятаю, калі я апошні раз гуляў у карты. Стала неяк нецікава. Апошнім часам я часцей гуляю з сябрамі ў шахматы. Мне нават больш падабаецца, бо там усё залежыць ад мазгоў, няма элемента ўдачы, які заўсёды застаецца ў покеры.

«НН»: Калі гэта было 15 гадоў таму, вам было тады 30 гадоў. Якім холдынгам вы кіравалі ў той момант? Можа, раскажаце?

АР: Я 10 гадоў кіраваў камерцыйным аддзелам аднаго вялікага прадпрыемства, а пасля сышоў да аднаго вельмі багатага чалавека, узначаліў яго кампанію. Але прапрацаваў там толькі год, бо спачатку паабяцалі долю ад чыстага, а калі кампанія вырасла ў чатыры разы, то нам пачалі расказваць: «Цяпер грошай няма, пацярпіце годзік». Стала зразумела, што грошы не сплацяць, і я сышоў. Пасля таго займаўся толькі сваім бізнэсам. 

«НН»: А што за кампанія была, адкуль сышлі, мо агучыце назву?

АР: Не, не буду, навошта мне рэкламаваць. Ва Украіне яны і так вядомыя. Усе вялікія, усе знакамітыя.

***

«НН»: Чаму BalaganOFF? 

АР: Гэта мянушка з дзяцінства. Яшчэ мае блізкія любімыя сваякі ім дражнілі. І пасля прыжылося нават у двары.

«НН»: Гэта ў гонар Шуры Балаганава з «Залатога цяля»?

АР: Так, менавіта. Мой хросны дзядзька вельмі любіў гэты фільм. Ён быў чалавек з гумарам: вось так мяне дражніў, а я плакаў.

«НН»: Вы ж памятаеце, як скончыў Шура Балаганаў? 

АР: Канечне. «Дзяліць будзем грошы шчыра», ці як там? 

«НН»: Не, будучы ўжо пры грошах, рэфлекторна скраў жаночую сумачку ў трамваі, на чым і пагарэў. 

АР: Ну, я вам шчыра кажу, як ёсць. У мяне ж і покерны форум быў «BalaganOFF», і пад такой мянушкай я быў вядомы ў покерных колах. Калі я пачынаў рабіць ютуб-канал, то можна было б адхрысціцца ад гэтай гісторыі і назваць неяк прыгожа. Але я рабіў гэта для сябе, для душы — таму і назваў канал так, як назваў. 

Улад Швядовіч