Вайна паміж Ізраілем і ХАМАС: бакі выпусцілі сотні ракет, а колькасць ахвяр расце
У сераду ісламісцкая групоўка ХАМАС, што кантралюе сектар Газа, і армія Ізраіля працягвалі актыўна абменьвацца ўдарамі. Палесцінцы выпусцілі па ізраільскай тэрыторыі дзясяткі ракет у адказ на ўдары ваенна-паветраных сіл Ізраіля, у выніку якіх быў разбураны яшчэ адзін шматпавярховы будынак у Газе, паведамляе Бі-бі-сі.
13.05.2021 / 09:12
Разбурэнні ў Ашкелоне на поўдні Ізраіля, Edi Israel/Flash90/Times of Israel
Паведамляецца, што з панядзелка, калі бакі пачалі ўзаемныя напады, у сектары Газа забітыя прынамсі 67 чалавек, у тым ліку 17 дзяцей. Палесцінскае Мінздароўя, якое кантралюе ХАМАС, паведамляе, што ад ізраільскіх удараў паранена каля 390 чалавек.
З боку Ізраіля загінулі сем чалавек, у тым ліку адно дзіця, вайсковец і грамадзянін Індыі. За апошні дзень ракеты разрываліся ў некалькіх ізраільскіх гарадах, у тым ліку ў Сдэроце на поўдні краіны, дзе ў выніку траплення ў жылы дом быў забіты шасцігадовы хлопчык. У аўторак Ізраіль паведаміў, што агульная колькасць параненых склала каля 100 чалавек.
У ноч на чацвер пасля паўзы ў некалькі гадзін палесцінскія групоўкі аднавілі ракетныя абстрэлы Ізраіля.
Як паведамляюць ізраільскія СМІ, сірэны паветранай трывогі былі чутныя на поўдні і ў цэнтральнай частцы Ізраіля, а таксама ў некаторых гарадах на поўначы, якія знаходзяцца на параўнальна вялікай адлегласці ад сектара Газа.
Ізраіль таксама падвергнуў ракетным абстрэлам паўночныя раёны сектара Газа раніцай у чацвер. Паводле інфармацыі СМІ, Армія абароны Ізраіля, у прыватнасці, вяла агонь па будынку, у якім базуюцца разведслужбы ХАМАС, а таксама — па банку, праз які групоўка праводзіць свае фінансавыя аперацыі.
У сераду ўвечары прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху апісаў абстаноўку ў ізраільскіх гарадах як «невыносную». «Анархіі мы не пацерпім, — сказаў кіраўнік урада ў відэазвароце. — Зусім недапушчальна, калі натоўпы арабаў нападаюць на яўрэяў — ці калі натоўпы яўрэяў нападаюць на арабаў».
Асабліва жорсткія сутыкненні адбываліся ў горадзе Лод, які размешчаны каля галоўнага міжнароднага аэрапорта Ізраіля Бэн Гурыён. Паведамляецца, што тут падпалілі сінагогу і некалькі аўтамабіляў, у населеным пункце ўвялі надзвычайнае становішча.
Акрамя таго, паведамляецца пра сутыкненні арабскіх дэманстрантаў з паліцыяй у горадзе Хайфа. Ёсць таксама звесткі аб новых сутыкненнях ва Усходнім Іерусаліме і ў некалькіх гарадах на Заходнім беразе ракі Іардан.
Нетаньяху заявіў, што ўрад краіны зробіць усё магчымае, каб абараніць Ізраіль як ад знешніх ворагаў, так і ад беспарадкаў, якія адбываюцца на тэрыторыі краіны. Аднак палесцінская адміністрацыя асудзіла дзеянні Ізраіля як «ваенную агрэсію», якая «траўміруе два мільёны людзей, што і так знаходзяцца ў адчайным становішчы».
Згодна з данымі ізраільскай арміі, за тры дні па тэрыторыі Ізраіля было выпушчана каля 1,5 тыс. ракет, большасць з якіх былі збітыя пры дапамозе сістэмы СПА «Жалезны купал».
У сераду ўвечары мільёны ізраільцян зноў былі вымушаныя спусціцца ў бамбасховішчы.
Збіццё палесцінскіх ракет «Жалезным купалам».