Вярхоўны суд пакінуў у сіле пасмяротны прысуд забітаму ў Брэсце Генадзю Шутаву

14 мая Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд па справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, якога смяротна паранілі сілавікі ў Брэсце, калі там праходзілі акцыі пратэсту. Фігуранты прызнаныя вінаватымі ў супраціве (Шутаў — пасмяротна), Кардзюкоў да таго ж у замаху на забойства сілавіка, ён атрымаў 10 год калоніі. Пацярпелымі праходзілі ваеннаслужачыя сіл спецыяльных аперацый.

14.05.2021 / 12:39

Вайскоўцы Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын прыбылі з Мар'інай горкі ў Брэст «для аховы грамадскага парадку». 11 жніўня тут, як і ў іншых гарадах, праходзілі акцыі пратэсту пасля выбараў. Па версіі следства, каля 22.30 Шутаў і Кардзюкоў мэтанакіравана падышлі да сілавікоў, якія былі апранутыя ў цывільнае.

Генадзь Шутаў

Па версіі следства, якую ў выніку падтрымаў суд, Шутаў і Кардзюкоў адмыслова падышлі да сілавікоў, пачалі выказваць ім прэтэнзіі, што тыя пераследуюць удзельнікаў пратэсту. Кардзюкоў нанёс удар металічнай трубой па галаве Гаўрылаву, той дастаў пісталет Макарава і зрабіў папераджальны стрэл у паветра, а затым сумесна з Галіцыным накіраваўся да Шутава і Кардзюкова, каб затрымаць іх. Аднак Кардзюкоў кінуў трубу ў Галіцына (трапіў яму па руцэ) і збег. Галіцын пабег за ім, двойчы выстраліў, але ўцякач схаваўся ў натоўпе. У гэты ж час Шутаў схапіў Гаўрылава за нагу і паспрабаваў паваліць яго на зямлю. Той вырашыў стрэліць яму ў правае плячо. У момант стрэлу Шутаў зрушыўся ў бок, і куля трапіла яму ў патыліцу. Параненага забралі ў бальніцу, дзе ён і памёр.

Аляксандр Кардзюкоў з версіяй следства нязгодны. У судзе ён распавёў, што 11 жніўня Генадзь прыйшоў да яго ў гараж. Яны выпілі каля 350 грамаў настойкі на дваіх і пайшлі ў бок ДК прафсаюзаў, каб паглядзець, што там адбываецца. Калі падышлі да скрыжавання вуліцы Маскоўскай і Партызанскага праспекта, заўважылі вялікую колькасць людзей. Генадзь і Аляксандр пайшлі на парапет да дома № 334. У абвінавачанага ў руцэ быў абрэзак металічнай трубы, які ён падабраў каля парку «для самаабароны». За пратэстам яны глядзелі здалёк. Прыкладна праз 40 хвілін сябры заўважылі двух хлопцаў (як высветлілася пазней, гэта і былі вайскоўцы з Мар’інай Горкі) і падышлі да іх. Па словах Аляксандра, ён хацеў у іх пацікавіцца тым, што адбываецца.

— Замест таго каб нармальна адказаць, адзін з іх (Гаўрылаў) штурхнуў мяне, ад чаго я ўпаў з лаўкі, — заявіў абвінавачаны. — У адказ я інстынктыўна нанёс яму ўдар трубой у вобласць левага сцягна. Дакладна ў галаву я не біў. Далей я зноў залез на лаву, Гаўрылаў і Галіцын павярнуліся да нас тварам і, трохі адступіўшы назад, дасталі пісталеты. Хтосьці з іх крыкнуў: «Тварам уніз, уроды, завалю». Пачуўся стрэл. Бакавым зрокам я заўважыў, што Генадзь, знаходзячыся лявей ад мяне, пачынае апускацца на калені, трымаючы рукі за галавой. Ён быў спінай да Гаўрылава і тварам да вуліцы Маскоўскай. Галіцын у гэты час накіраваў на мяне пісталет, цэлячыся ў галаву. Спалохаўшыся за сваё жыццё, я пачаў уцякаць, кінуў на зямлю трубу, каб яна не замінала бегчы. У гэты момант з боку Галіцына пачуўся стрэл у мой бок, ён пачаў пераследаваць мяне, крычаць. Калі я ўцякаў, чуў гук двух стрэлаў. З матэрыялаў справы атрымліваецца, што адзін стрэл быў зроблены Гаўрылавым ў Шутава, а другі — Галіцыным ўверх, ад чаго куля трапіла ў столь балкона.

Абвінавачаны падкрэсліў, што не ведаў, што перад ім сілавікі, тыя былі ў цывільным, пісталеты трымалі ў сумках, таму калі збягаў, думаў, што за ім бяжыць бандыт. Момант ранення Шутава Кардзюкоў не бачыў. У судзе ён казаў, што «адчуваў велізарны груз віны з-за яго смерці».

Падчас суда паўстала пытанне, чаму Гаўрылаў не спрабаваў спыніць Шутава, які нібыта аказаў супраціў, іншым спосабам, напрыклад, фізічнай сілай. Высветлілася, што капітан сіл спецыяльных аперацый не валодае навыкамі рукапашнага бою і ніколі гэтым не цікавіўся.

Брэсцкі абласны суд прызнаў вінаватымі Шутава (пасмяротна) і Кардзюкова, апошняму прызначылі пакаранне ў выглядзе 10 гадоў калоніі. Дачка Генадзя Шутава падала скаргу ў Вярхоўны суд. На яе думку, вайскоўцы злоўжылі службовымі паўнамоцтвамі, паводзілі сябе неапраўдана агрэсіўна і неправамерна ўжылі зброю. Відэазапіс з камеры назірання двара, у якім адбыўся канфлікт, не пацвярджае нападу Кардзюкова і Шутава на ваеннаслужачых і барацьбы з імі, адзначана ў скарзе. Абарона Кардзюкова таксама падала скаргу на прысуд. Аднак Вярхоўны суд пакінуў прысуд без змен. У хуткім часе Кардзюкова накіруюць у калонію ўзмоцненага рэжыму.

Nashaniva.com