Украінская спявачка ў эфіры АНТ сказала, што паедзе на «Славянскі базар». Але затым заявіла, што яе не так зразумелі
Украінская спявачка Ціна Караль абвергла свой удзел у «Славянскім базары ў Віцебску». Яна заявіла, што туды cёлета дакладна не паедзе, піша РБК-Україна.
16.05.2021 / 12:04
Так, нядаўна ў інтэрнэце з'явілася відэа, дзе спявачка выходзіць на анлайн-сувязь у эфіры АНТ. І на пытанне вядучай аб тым, ці паедзе яна на «Славянскі базар» у 2021 годзе, адказала сцвярджальна.
«Я не прымушу вас сумаваць. Я імчуся да вас!» — заявіла артыстка.
Цяпер жа прадстаўнікі спявачкі заяўляюць, што падчас эфіру сувязь перарывалася, і спявачка зразумела пытанне вядучай, як запрашэнне ў Беларусь з канцэртамі ў цэлым, а не на фестываль у Віцебску.
Нагадаем, што 30-ы міжнародны «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 15 па 18 ліпеня. У ім заяўлены ўдзельнікі ад 73 дзяржаў.
Не так даўно ад удзелу ў фестывалі адмовіліся ўкраінскія тэлевядучыя, якіх заявілі, як прадстаўнікоў украінскага боку: Цімур Мірашнічэнка і Андрэй Даманскі. Акрамя таго свой удзел зняў Алег Віннік і MARUV.
«Славянскі базар у Віцебску» праходзіць пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі, а Украіна не прызнае яго легітымным прэзідэнтам пасля леташніх падзей у краіне, рэпрэсій, разгону мірных дэманстрацыі.