Расказваем пра лётчыкаў Нічыпорчыка і Куканенку, якія загінулі ў Баранавічах
19 мая ў Баранавічах упаў вайсковы самалёт ЯК-130. Загінулі двое пілотаў. Як паведамляе Мінабароны, пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць. Лётчыкі адводзілі самалёт ад населенага пункта і ў выніку катапультаваліся занадта позна. Палёт выконвалі маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка.
19.05.2021 / 14:35
Чытайце: У Баранавічах разбіўся вайсковы самалёт. Загінулі два пілоты
Андрэй Нічыпорчык родам з Ліды. Жанаты, бацька траіх дзяцей.
Ён з сям’і лётчыка, з дзяцінства ведаў, што будзе лятаць. Яго бацька служыў у Паставах, у Прыбалтыцы. Усе цяжкасці жыцця лётчыка Андрэй бачыў на свае вочы, але гэта яго не напалохала.
«Лётчык першага класа, добры спецыяліст. З ім лёгка працаваць, яго бацька павінен ганарыцца сынам», — характарызаваў Андрэя Нічыпорчыка камандзір у сюжэце для Лідскага тэлебачання.
Мікіта Куканенка родам з Полацка, яму было 22 гады. Вучыўся ў полацкай кадэцкай вучэльні, у 2020 годзе скончыў Вайсковую акадэмію. Ажаніўся, дзяцей не было.
У сеціве можна знайсці відэаролік Мінабароны, прысвечаны Мікіту. Там расказваецца, што будучы пілот усё дзяцінства праводзіў у дзеда ў гарадскім пасёлку Баравуха, дзе размяшчаецца верталётная база, так і захацеў стаць лётчыкам. Але выбраў самалёты.
«Мне падабаецца хуткасць, адчуванне палёту, свабоды», — казаў Мікіта.
У планах Мікіты на 2021 было стаць лётчыкам 3-га класа.
Для абодвух пілотаў гэта быў не першы палёт на Як-130. Напрыклад, маёр Нічыпорчык удзельнічаў у парадзе на Дзень Незалежнасці на такім самалёце, выступаў на міжнародных спаборніцтвах па авіядартсу (спаборніцтвы ва ўменні пераадольваць сістэму СПА ўмоўнага праціўніка, паражаць наземныя аб’екты з дапамогай некіраваных ракет, авіяцыйных гармат і кіраваных супрацьтанкавых ракет).
Мікіта Куканенка таксама адмыслова вучыўся лятаць на Як-130. Курс, на якім вучыўся Мікіта, быў эксперыментальным, менавіта таму, што на ім засвойвалі Як-130.
Свой вучэбна-баявы ЯК-130 хлопец называў лятаючым камп’ютарам.
«Як толькі першы палёт быў, мяне вельмі ўразіла, я думаў: як я буду гэтым кіраваць? Тры тоны баявой загрузкі, шматфункцыянальныя індыкатары. Вельмі манеўраны самалёт, шмат можа дазволіць у паветры», — прызнаваўся хлопец.