Чаму веласіпед — больш экалагічны гарадскі транспарт, чым электракар
Пераход з аўтатранспарту на веласіпеды дапаможа скараціць выкіды вугляроду.
26.05.2021 / 11:00
Фота pixabay.com
Можа здавацца, што электрычны транспарт захоплівае свет, але насамрэч гэта не так. У мінулым годзе толькі 2% з усіх новых машын працавалі на электрычнасці. І нават калі ўсе заводы света пачнуць збіраць толькі электракары, спатрэбіцца 15-20 гадоў, каб замяніць машыны, што працуюць на выкапнёвым паліве.
Больш за тое, пераход на электракары не дазволіць дамагчыся хуткага зніжэння выкідаў вугляроду. Часткова гэта звязана з тым, што вытворчасць электрычнага транспарта сама па сабе прыводзіць да атмасферных выкідаў. Стварэнне транспартнай інфраструктуры — напрыклад дарог — таксама суправаджаецца выкідамі вугляроду, піша 20minutes.fr.
Але ёсць магчымасць дастаткова хутка вырашыць праблему выкідаў ад транспарту. Для гэтага варта проста перайсці на больш актыўныя спосабы перамяшчэння — перасесці на веласіпед або электрычны веласіпед ці ўвогуле перасоўвацца пешшу. Гэтыя варыянты перамяшчэння больш танныя і карысныя для здароўя і экалогіі. Больш за тое, адмова ад аўтамабіляў дазволіла б разгрузіць вуліцы мегаполісаў.
Згодна з новым даследаваннем, людзі, якія перасоўваюцца пешшу ці на веласіпедзе, спрыяюць меншай колькасці атмасферных выкідаў, чым тыя, хто карыстаецца аўтамабілямі, асабліва ў гарадах. Прычым розніца вельмі вялікая — з пераходам на штодзённае перамяшчэнне на веласіпедах выкіды змяншаюцца на 84%. Калі ж параўноўваць выкіды вугляроду падчас адной паездкі, пераход на веласіпеды выклікае змяншэнне выкідаў прыкладна ў 30 разоў у параўнанні з машынай на выкапнёвым паліве і ў 10 разоў у параўнанні з электракарам.