Міністэрства аховы здароўя пра Латыпава: Стан стабільны
У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што стан Сцяпана Латыпава, які сёння ў судзе прычыніў сабе цялесныя пашкоджанні, стабільны.
01.06.2021 / 20:22
«Ён быў шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Пацыент паступіў па экстранных паказаннях у 15:30. Пры паступленні былі выкананы ўсе неабходныя медыцынскія мерапрыемствы, была праведзена апрацоўка раны. На дадзены момант стан пацыента стабільны, сітуацый, што пагражаюць жыццю, няма. Пацыент апрытомнеў пасля наркозу», — паведамляюць у Міністэрстве аховы здароўя.
Нагадаем, Сцяпан Латыпаў стаў на лаўку і ўваткнуў ручку ў горла. Перад гэтым ён сказаў: «ГУБАЗ паабяцаў, калі я не прызнаю віну, будуць крымінальныя справы супраць родных і суседзяў».
1 чэрвеня суд Савецкага раёна Мінска пачаў разгляд справы жыхара Плошчы Перамен Сцяпана Латыпава. Яго затрымалі яшчэ ў верасні 2020 года — ён не даваў замаляваць вядомы мурал з дыджэямі. З таго часу Латыпаў за кратамі, у яго цэлы шэраг абвінавачанняў: махлярства, непадпарадкаванне міліцыі, масавыя беспарадкі… Яму пагражае да 10 гадоў.
Спачатку ў судзе зачыталі абвінавачанне і выслухалі пацярпелых (міліцыянтаў, якія летась затрымлівалі Сцяпана). Сам Латыпаў віну не прызнаў.
Затым суддзя Воўк аб'явіў перапынак на абед. І амаль адразу пасля перапынку Сцяпан здзейсніў спробу суіцыду.
Прысутныя на судзе распавялі «Нашай Ніве», што пасля абеду выклікалі сведкам бацьку Сцяпана, ён даў паказанні.
Суддзя спытаў: «Ці ёсць пытанні ў абвінавачанага?»
І Сцяпан сказаў: «Бацька, пасля спаткання [з табой] да мяне прыйшоў ГУБАЗ, паабяцаў, што калі я не прызнаю віну, у мяне будзе прэс-хата, крымінальныя справы супраць родных і суседзяў».
«Прэс-хата ў мяне была — 51 дзень, — сказаў Сцяпан бацьку. — Так што ты рыхтуйся».
І потым пачаў рэзаць сабе горла.
«У Сцяпана была з сабой папка з дакументамі. Ён дастаў з яе нейкі прадмет, магчыма, ручку. Залез на лаўку, упёрся нагамі ў краты і ўваткнуў сабе штосьці ў горла ці пачаў яго рэзаць. Потым упаў, стаў рэзаць рукі», — расказваюць сведкі.
Адразу клетку не змаглі адамкнуць, бо ў канваіраў не было ключоў. Яны былі ў кагосьці за дзвярыма.
Пакуль адамкнулі клетку, Сцяпан ужо выглядаў непрытомным.
Прыехала хуткая. Латыпава шпіталізавалі.
«Маральна падтрымліваў нявызначаных асоб». Пачаўся суд над Сцяпанам Латыпавым з Плошчы Перамен
21 мая ў шклоўскай калоніі паведамілі аб смерці 50-гадовага Вітольда Ашурка, палітзняволенага з Лідскага раёна. Пазней Следчы камітэт апублікаваў нарэзку з відэазапісаў з камеры Ашурка і паведаміў, што вязень двойчы ўпаў, пасля чаго памёр. З відэа мала што можна зразумець аб прычынах падзенняў, але СМІ зрабілі выснову, што вязень знаходзіўся ў ШІЗА, а на запясцях у яго — незразумелыя чорныя палоскі.