Эксперты пацвярджаюць існаванне мікрахвалёвай зброі, здольнай уплываць на мозг

Такую тэхналогію распрацавала амерыканская кампанія, а таксама Расія і, магчыма, Кітай.

02.06.2021 / 16:22

Апошнія некалькі гадоў амерыканскія дыпламаты і шпіёны пачалі скардзіцца на сімптомы так званага гаванскага сіндрому — таямнічага пашкоджання мозга, выкліканага, хутчэй за ўсё, мікрахвалёвай зброяй накіраванага дзеяння. Цяпер вядучыя амерыканскія эксперты пацвердзілі, што некаторыя краіны ў апошні час сапраўды займаліся стварэннем такой зброі.

У 2004 годзе прататып такой зброі, што атрымаў назву Medusa, быў створаны амерыканскай кампаніяй для марской пяхоты. Распрацоўнікі збіраліся зрабіць настолькі малую зброю, каб яе можна было змясціць у машыне. Яна павінна была часова выводзіць чалавека са строю, але пры гэтым імавернасць смерці ці хранічнай траўмы павінна была быць нізкай, піша Guardian.

Пры гэтым навукоўцы, паінфармаваныя наконт стану праекта, кажуць, што ён быў згорнуты праз неэтычнасць эксперыментаў на людзях. Аднак існуюць звесткі, што пытанне этыкі не спыніла іншыя краіны — Расію і, магчыма, Кітай. Як сцвярджае Джэймс Джардана, амерыканскі неўролаг і дарадчык урада падчас адной з успышак гаванскага сіндрому, такую зброю распрацоўвалі яшчэ ў былым Савецкім саюзе. Пасля яго распаду Расія і яе суседнія краіны-саюзнікі аднавілі працу над мікрахвалёвай зброяй.

Што датычыцца Кітаю, у гэтай краіне таксама распрацоўвалі прылады накіраванай энергіі, каб з іх дапамогай вывучаць структуру розных матэрыялаў. Такую тэхналогію можна адаптаваць для выкарыстання ў якасці зброі. Другая вялікая ўспышка гаванскага сіндрому сярод амерыканскіх дыпламатаў і афіцэраў разведкі якраз адбылася ў 2018 годзе на тэрыторыі Кітая.

Эксперту забаронена дакладна распавядаць пра тое, у якой краіне распрацоўваецца зброя якога тыпу. Але Джардана сцвярджае, што новая зброя працуе на мікрахвалёвых частотах і можа парушаць працу мозга, пры гэтым чалавек не будзе адчуваць аніякай пякоты.

Леў Садоўнік, былы кіраўнік кампаніі WaveBand, што стварыла прататып мікрахвалёвай зброі Medusa, пацвярджае, што такая зброя не павінна была быць вялікай. Зроблены яго спецыялістамі апарат не быў дастаткова моцным, каб яго праца выклікала доўгатэрміновыя праблемы са здароўем. Садоўнік тлумачыць, што для амерыканскіх кампаній існуе шмат абмежаванняў наконт іспытаў новых механізмаў на жывёлах і людзях, але такіх абмежаванняў няма ў Расіі. Па меркаванню эксперта, гэта адна з прычын таго, чаму Расія, як ён лічыць, дасягнула большага поспеху ў працы з мікрахвалёвай зброяй.

Nashaniva.com