Суд перанёс разгляд скаргі аб ліквідацыі гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця»
Пасяджэнне па разглядзе апеляцыйнай скаргі дырэктара «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі прайшло 18 чэрвеня ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці. Суд аб’явіў перапынак да 21 чэрвеня. Павел абскарджвае ранейшае рашэнне аб ліквідацыі яго ўстановы, піша hrodna.life.
18.06.2021 / 16:00
hrodna.life
Павел Мажэйка сцвярджае, што рашэнне аб ліквідацыі «Цэнтра гарадскога жыцця» ад 12 траўня трэба адмяніць, бо звесткі, якія тады прадставіў пракурор, нічым не пацвярджаюцца. У адказ на гэта пракурор Юрый Семянчук прадставіў суду раздрукаваны артыкул з Вікіпедыі з біяграфіяй партызана-антысаветчыка Яўгена Жыхара.
Таксама Павел Мажэйка звярнуў увагу суда на адсутнасць подпісаў супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ГрДУ) Вадзіма Хілюты і Сняжаны Семярнік на заключэнні экспертнай камісіі аб тым, што на выставе ў «Цэнтры» рэабілітавалі нацызм. Менавіта гэтыя эксперты вырашылі, што рэабілітацыя нацызму была рэалізавана праз ушанаванне асобы Яўгена Жыхара.
Суддзя Сяргей Лях абвясціў перапынак да 15:00 21 чэрвеня.
Чаму ліквідуюць «Цэнтр гарадскога жыцця»
«Цэнтр гарадскога жыцця» — гэта прыватная адукацыйна-культурная пляцоўка. Тут прайшлі сотні мерапрыемстваў, выступалі музыкі, праходзілі заняткі курсаў беларускай мовы «Мова Нанова», вясной 2020 года збіралі ахоўныя экраны для медыкаў.
На кіраўніка пляцоўкі Паўла Мажэйку, мастака Алеся Пушкіна і «іншых асоб» 26 сакавіка завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК нібыта за дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму. Парушэннем палічылі выставу, на якой быў партрэт беларускага партызана.
30 красавіка пракурор Гродна звярнуўся ў Эканамічны суд з просьбай ліквідаваць прыватную ўстанову «Цэнтр гарадскога жыцця». Прычына — выстава Алеся Пушкіна. У пазове Клішын спасылаўся на арт.81 Кодэкса аб культуры, згодна з якім дзейнасць культурнай установы можна забараніць, калі яна прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць.