Эпатажная мастачка Цемра — пра творчасць, лёс вышыванкі з графіці і бойкі з бяздомнымі на сметніцах
Памятаеце, як два гады таму на «Асеннім салоне» выстаўлялася аўтэнтычная вышыванка, распісаная графіці? У гродзенскай мастачкі Цемры (Дар’і Сямчук) працы часта выклікаюць буру эмоцый — боль, абурэнне, страх. Яна і сама вылучаецца з натоўпу — носіць вуалі, шукае рэчы на сметніцах. «Наша Ніна» вырашыла пазнаёміцца з мастачкай бліжэй.
04.07.2021 / 13:44
Персанальная выстава мастачкі з 19 чэрвеня праходзіць у мінскай A&V Art Gallerу. Псеўданім Цемра дзяўчына абрала, бо большая частка яе творчасці адлюстроўвае непрыгожы, цёмны бок чалавечага жыцця.
«Наша Ніна»: Вы выглядаеце эпатажна. Заўсёды былі такой?
Цемра: Хутчэй, пасля 25 гадоў. Тады прыйшло ўсведамленне, што прыгожа, а дагэтуль пошукі ішлі — шмат што спрабавала, і гэта не заўсёды было ўдала.
«НН»: Якія цяпер любімыя рэчы ў гардэробе?
Цемра: У асноўным я апранаюся ў сэканд-хэндзе. Таму любімыя рэчы — рэтра, у якіх ужо было даўгое жыццё.
«НН»: Што паўплывала на ваш стыль — у адзенні, у мастацтве?
Цемра: Я аналізую сябе. Хочацца не паўтарацца, мець адметныя асаблівасці.
Мой любімы мастак — Міхаіл Урубель. Там такая глыбіня, якая кранае ўвесь мой унутраны свет. Творы іншых мастакоў магу ацаніць з пункту «гэта добра намалявана», але яно цябе не кранае.
«На выставе ёсць праца на выставе, якая называецца «Брыльянтавы зелёны». Гэта ранка, якую я вышыла бісерам і стразам, і яна абрамлена зялёнай рамай. Такая візуалізацыя ранкі, якую апрацавалі зялёнкай. І ў мяне на калене тое ж самае».
«НН»: Кім вы працавалі раней? У вас жа мастацкая адукацыя.
Цемра: А я не планавала быць мастачкай. Я вучылася на дызайнера. Пасля з матэрыяльных меркаваннях і таго, як лепш для сям’і, — у мяне толькі адна мама — давялося ісці працаваць. Працавала ў галерэі два гады, пасля дызайнерам у кампаніі «Капарол». Потым сышла распісваць сцены — адкрыла ІП і займалася дызайнам для арганізацый.
«НН»: А ў які момант перасталі?
Цемра: Я проста стала бачыць неадпаведнасць. Спачатку было класна, заробак добры, але потым у цябе з’яўляюцца пытанні да свету. Мне абсалютна было незразумела, навошта столькі часу людзі ўкладаюць у свае дамы — год жыцця аддаць, каб выбраць адценне падлогі, колер сценаў. Нават калі апошнія перамовы былі, я сядзела і думала пра сябе: чым вы займаецеся? Я вельмі раздражнялася і зразумела, што ўсё, трэба сыходзіць.
«НН»: Цяпер удаецца зарабляць на жыццё карцінамі?
Цемра: Так, я зарабляю мастацтвам.
«НН»: Калі не сакрэт, за колькі прадалі самую дарагую працу?
Цемра: Скажу так: карціны прадаюцца. Мне было вельмі дзіўна, калі людзі самі пачалі пісаць і пытацца, ці можна купіць. Некаторыя працы я пакуль не прадаю, хачу, каб у іх было выставачнае жыццё.
«НН»: А хто вызначае цэны на карціны — вы асабіста ці галерэя?
Цемра: Раней гэта была толькі мая ацэнка. Цяпер я працую з галерэяй, і яны ўплываюць на фарміраванне цэн — у кошт карцін уваходзіць таксама і іх заробак.
Карціна «Медыцына як мастацтва»
«НН»: Вы цікавіліся, што з вашымі карцінамі пасля продажу? Гэта ж не класічны пейзаж, які можна павесіць на кухню.
Цемра: Для мяне вельмі важнае далейшае жыццё карцін. Апошнія працы з’ехалі ў рэстаран у Маскве. Я збіраюся зрабіць пост пра тое, як працы жывуць пасля продажу. Заўсёды прашу пакупнікоў скідаць фатаграфіі, як карціна ў іх вісіць, бо вельмі трапятліва стаўлюся да іх.
Мне імпануюць грамадскія месцы, дзе карціны будзе бачыць вялікая колькасць людзей.
«НН»: Дарэчы, «Спадчына», якая шмат шуму нарабіла, знайшла свайго пакупніка?
Цемра: Я яе не прадавала — падарыла галерэі «Арт-Беларусь». Але магу яе экспанаваць, і такія планы ёсць.
***
«НН»: Як выглядае ваша майстэрня? Чытала, што раней гэта быў пакой у мамінай кватэры.
Цемра: Я пераехала тры месяцы таму ў асобную майстэрню. Доўга шукала адпаведнае памяшканне. Калі яно стала прымальным па цане, я нарэшце пераехала і не магу нарадавацца. Усё вельмі зручна — у мяне ў пешай даступнасці крама з матэрыяламі. А побач з памяшканнем чарнавая лесвіца з выхадам на двор. Пакуль рыхтавалася да выставы, шмат рэчаў рабіла на вуліцы, бо пахі ад мастацкіх матэрыялаў ядраныя.
«НН»: З якімі матэрыяламі любіце працаваць?
Цемра: Я увесь час розныя выкарыстаўваю — за арыгінальнасць змагаюся. Для ажыццяўлення ідэі мне хочацца нестандартныя матэрыялы ўводзіць. Апошні раз, напрыклад, узяла бінт замест палатна. Таксама з нядаўніх гэта бітум, вельмі прыгожы, глыбокі матэрыял. Проста маляваць сюжэты, якія раскрылі б задуму, не заўжды атрымліваецца, бо ў мяне не так галава працуе.
«НН»: У Гродна вы займаліся дызайнам веганскага бара «Кровать». Раскажыце, як гэта было.
Цемра: Мае знаёмыя былі ўладальнікамі бара. На мне была не толькі мастацкая частка афармлення — маўляў, гэта зялёным пафарбаваць, а тут чорным. Мы разам прымалі рашэнні па заніраванні. Уладальнікі проста даверыліся мне і пайшлі на рызыку. Я вельмі хвалявалася, бо тое, што для цябе прыгожа, не абавязкова прыгожа для астатніх.
З мэблі там амаль нічога новага няма. Мы шукалі рэчы па аб’явах па ўсёй Беларусі, ладзілі маршруты і збіралі, фарбавалі, рамантавалі. Знайшлі майстра, які дапамог усё адрэстаўраваць. Атрымалася ўдала, бар вельмі падымае настрой: такую колькасць шчаслівых людзей я не сустракала ў адным месцы.
«НН»: Што з барам цяпер, ён працуе (у бар прыходзілі з праверкай пасля таго, як яны не адкрыліся 26 кастрычніка. — «НН»)?
Цемра: Бар прадалі. Там змяніліся ўладальнікі, назва, цяпер гэта бар «Сон». Але па інтэр’еры, музыцы і фаласофіі ўсё засталося гэтак жа, як было — гэта было ўмовай продажу.
«НН»: А вы самі тусоўшчыца?
Цемра: Так. Ты не можаш зрабіць класнае месца для людзей, калі сам не тусіш. Мы хадзілі са знаёмымі па барах і бачылі, чаго не хапае. Людзям павінна быць камфортна ўвайсці ў танец. Калі проста паставіць дыджэя і нейкую пляцоўку, толькі самыя смелыя пойдуць. Я магу паўсюль танцаваць адна, але такіх людзей мала. Дапамагчы наведнікам раскрыцца — гэта важная задача.
«НН»: Якія яшчэ атмасферныя месцы ў Гродна парэкамендавалі б тым, хто хоча пазнаёміцца з горадам не толькі ў яго класічным варыянце?
Цемра: Гэта ў асноўным будуць бары ці кафэ: «Свабода», «Наша кава». Усё (усміхаецца). У нас адкрылася новая галерэя «400 квадратаў» — ёй займаліся маладыя рабяты, адна з іх — дачка гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча.
Астатнія галерэі, што засталіся, на мой погляд, не адпавядаюць сучаснасці — усё па накатанай, нічога не мяняецца.
***
«НН»: У вас ёсць працы, прысвечаныя праблеме пластыку. Якія эказвычкі самі маеце?
Цемра: У мяне многа шматразовых торбаў. Гародніну ўзважваю ў шматразовых мяшочках-сетачках. Гэтыя мяшочкі доўга служаць — мае пратрымаліся год. Усім дарыла такія ж.
«Пластыктэізм» (злева) і «Гламур»
Калі людзі сутыкаюцца з нейкай праблемай, у іх так баліць, што яны нецвяроза глядзяць на сітуацыю. Я насіла смецце ў кішэнях, у мяне кожная выкінутая папера выклікала раздражненне. Канечне, цяпер на такім нерве, як было напачатку, ужо не ўспрымаю. Я мінімізую свае адходы, але разумею, што гэта немагчыма на 100%, бо інакш ты толькі гэтым і будзеш займацца.
Тым больш калі ў краіне пачаліся праблемы іншага характару… Калі пакутуюць людзі, для цябе экалагічныя моманты становяцца другаснымі.
«НН»: А веганам як даўно сталі?
Цемра: Пяць год таму. Для мяне гэта пра этычнасць, павагу да іншых жывых істот, якія таксама хочуць мець выбар — ствараць сям’ю, рабіць, што яны хочуць.
Карціна «Беларусачка»
«НН»: Вы неяк расказвалі, што часта падбіраеце рэчы на сметніцах. Што з найбольш цікавых знаходак?
Цемра: Ну вось пінжак, у якім я была на адкрыцці выставы, адтуль. У мяне ёсць яркае ружовае футра, якое на сметніцы знайшла. З мэблі там бываюць нядрэнныя тумбачкі на ножках. А таксама шмат якасных чамаданаў. Я жыву ў старым раёне і звычайна ў нядзелю абыходжу сметніцы, каб паглядзець, што выкінулі за тыдзень.
«НН»: З бяздомнымі не біліся за рэчы?
Цемра: Было і такое! Аднойчы вынеслі цэлы чамадан шкляных цацак і мне ніводная не дасталася. Мяне апярэдзілі. Я кажу: ну давайце неяк падзелімся (смяецца). Але не. Там такая прыгажосць была!
Людзям, можа, нязручна старое захоўваць. Усе хочуць ад гэтага пазбавіцца і сваю энергетыку ў дом занесці. Але мне балюча бачыць, як знішчаюць якасныя рэчы. Свету цяжка даецца іх вытворчасць, таму ўсё, што можна выкарыстоўваць, выкідаць нельга. Можна ж паклапаціцца пра другоё жыццё рэчаў — той жа «Чырвоны крыж» ставіць кантэйнеры, куды прапануюць адгрузіць адзенне, якое табе ўжо не пасуе.
Я ладжу сустрэчы, дзе збіраю дзяўчат і раздаю сваё адзенне. Каму падыходзіць рэч — той забірае.
***
«НН»: У вашым інстаграме быў пост «Душа баліць за Беларусь», дзе вы нажом раніце сябе. Калі апошні раз навіны прымусілі вас расплакацца?
Цемра: Калі Сцяпан Латыпаў паспрабаваў здзейсніць самагубства. Гэта быў вельмі цяжкі дзень.
Усім адчувальным людзям сапраўды трывожна ад таго, што адбываецца. Пасля пэўнага асэнсавання жыцця ставішся да ўсяго свету, як да сям’і, стараешся думаць пра іншых, дапамагаць, быць дабрэй.
«НН»: Якая атмасфера зараз у Гродна?
Цемра: У маім асяродку шмат цікавых людзей, якія не паверхнева ставіліся да сітуацыі, з’ехалі. Я нават па бары бачу, што кантынгент змяніўся цалкам. Амаль усе новыя госці.
«НН»: Год таму вы казалі, што хочаце працаваць у Беларусі, бо «калі ўсё з’едуць, то што застанецца?» Цяпер думкі на гэты конт такія ж?
Цемра: Цяпер мяняюцца. Але я яшчэ варыянт ад'езду не разглядаю для сябе, вельмі хачу жыць тут.