На коміка Ідрака Мірзалізадэ напалі ў Маскве

Стэндап-комік Ідрак Мірзалізадэ заявіў, што атрымаў некалькі тысяч пагроз у інтэрнэце, а таксама падвергнуўся нападу ў цэнтры Масквы.

27.06.2021 / 18:03

sntch.com

Як паведаміў ён у сваім інстаграме, гэта адбылося пасля таго, як фрагмент яго сакавіцкага выступу ў гумарыстычнай праграме «Разгоны» раскрытыкавалі, вырваўшы з кантэксту, тэлеканал «Царград» і журналіст Уладзімір Салаўёў. У ім ён абмяркоўваў тэму ксенафобіі і праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі неславянскай знешнасці пры здыме жылля ў Маскве, піша meduza.io.

«Інфармацыя была пададзеная некаторымі СМІ так, быццам я русафоб і абражаю расійскі народ», напісаў комік. З ягоных слоў, ён сутыкнуўся з пераследам з боку радыкальных супольнасцяў, якія сістэматычна займаюцца цкаваннем звычайных людзей, «а цяпер перайшлі да таго, што плацяць грошы за напады».

Мірзалізадэ таксама апублікаваў сваё новае выступленне на юцюбе. У ім ён расказваў, што за яго галаву была прызначана ўзнагарода ў памеры 50 тысяч расійскіх рублёў (каля 700 даляраў), а таксама прадэманстраваў відэазапіс нападу.

***

Ідрак Мірзалізадэ нарадзіўся ў Азербайджане, але вырас і вучыўся ў Мінску, у яго беларускае грамадзянства. Яго бацька Кахін Мірзалізадэ быў вядомы дзеяч талышскага руху.