Як склаліся лёсы палітзняволеных нулявых гадоў
Цяпер у Беларусі налічваецца больш за пяцьсот палітзняволеных. Мы ўжо згадвалі іх папярэднікаў, якія знаходзіліся за кратамі ў дзевяностыя. Цяпер гаворка пра нулявыя гады.
30.07.2021 / 09:58
Памерлі ці зніклі
Яе прызналі вінаватай у паклёпе на міліцыянта і прысудзілі да двух з паловай гадоў хіміі. Пасля суда Яна сказала, што ніколі не стане «зэчкай».
Яшчэ трое палітвязняў памерлі ўласнай смерцю.
У 2013-м памёр Віктар Івашкевіч, удзельнік моладзевага нацыянальнага руху яшчэ за савецкім часам, актывіст БНФ.
Віктар Івашкевіч. Фота: Сяргей Гудзілін
Ён з'яўляўся адным з арганізатараў стачкамаў на прадпрыемствах у 1991 годзе, а таксама шэрагу акцый.
У 2002-м яго асудзілі на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», у якой пракуратура ўгледзела паклёп на Лукашэнку.
У апошнія гады Івашкевіч цяжка хварэў, чакаў перасадкі печані, але донара так і не знайшлі.
У 2014-м памёр Міхаіл Марыніч. Былы высокапастаўлены чыноўнік і дыпламат, ён паспрабаваў паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2001-м. Яго не зарэгістравалі, а праз некалькі гадоў прызналі вінаватым у крадзяжы камп’ютараў. Іх пасольства ЗША бясплатна перадало арганізацыі, якую ўзначальваў палітык.
Дыпламаты не мелі прэтэнзій, але Марыніч атрымаў пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (выйшаў праз два гады па амністыі).
У кастрычніку 2020-га памёр легендарны праваабаронца, камуніст, былы савецкі марскі афіцэр Валерый Шчукін. У турму ён трапіў у 2001-м, калі спрабаваў прарвацца на прэс-канферэнцыю тагачаснага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава.
Пасля адсядзеў тры месяцы ў жодзінскай турме за непадпарадкаванне ахоўнікам і пабітае шкло ў будынку МУС. Пазней неаднаразова затрымліваўся.
Шчукін стаў прыкладам чалавека, які застаўся верным сваім поглядам, змагаўся за незалежнасць і дэмакрытыю.
Застаюцца ў палітыцы
Мікола Статкевіч. Фота: Надзея Бужан
Трое з палітвязняў знаходзяцца ў палітыцы бадай увесь час, пакуль Аляксандр Лукашэнка ва ўладзе. Гаворка пра Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца і Мікалая Аўтуховіча, якія і цяпер за кратамі.
Павел Севярынец. Фота: Надзея Бужан
Апошняга зараз абвінавачваюць у тэрарызме, Статкевіча і Севярынца — у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Паўлу ўжо прысудзілі сем гадоў пазбаўлення волі, суд над Міколам яшчэ працягваецца.
Мікола Аўтуховіч. Фота: Сяргей Гудзілін
У палітыцы таксама застаецца змагар за Курапаты Зміцер Дашкевіч, які зарабляе на жыццё як цясляр.
Зміцер Дашкевіч. Фота: Сяргей Гудзілін
У нулявыя яго абвінавачвалі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі (Дашкевіч узначальваў «Малады фронт»).
Іван Крук трапіў за краты ў 2006-м пасля ператрусу ва ўласнай кватэры.
Міліцыянты паспрабавалі канфіскаваць камп’ютар у свайго былога калегі: Крук больш за 30 гадоў адпрацаваў у праваахоўных органах (дакладней, у пракуратуры).
Ён кінуў камп’ютар на падлогу. Тэхніка разбілася, але на пенсіянера завялі крымінальную справу за супраціў міліцыі і асудзілі да паўгода зняволення.
Крук жыве ў Астраўцы, з’яўляецца актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён актыўна выступаў супраць будаўніцтва АЭС.
Яшчэ адзін колішні палітвязень нагадвае пра сябе зрэдчас. Гаворка пра экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца, якога следства абвінавачвала ў выманьванні крэдытаў.
Пасля вызвалення ён неаднаразова выступаў з прарасійскіх пазіцый, сам збіраўся пайсці на прэзідэнцкія выбары ў 2020-м, але так і не вылучыў сваю кандыдатуру.
У верасні мінулага года апошні раз нагадваў пра сябе, калі прэзентаваў відэакліп на ўласную песню «Жыве Беларусь».
Па словах Скрабца, апошнія 15 гадоў ён не можа ўладкавацца на працу як дыпламаваны спецыяліст.
Займаюцца грамадскай актыўнасцю
Яшчэ двое экс-палітвязняў актыўныя ў грамадскім жыцці. Вядомы журналіст Павал Мажэйка — у пачатку нулявых яго асудзілі за паклёп на Лукашэнку — апошнім часам узначальваў гродзенскі Цэнтр гарадскога жыцця.
Фота: baj.by
У чэрвені апошні ліквідавалі, Паўла на непрацяглы час затрымалі. Падставай для закрыцця стала выстава мастака Алеся Пушкіна, на якой быў прадстаўлены партрэт Яўгена Жыхара — удзельніка антысавецкага пасляваеннага супраціву. Таксама Павал працаваў журналістам на тэлеканале «Белсат».
Справай жыцця Андрэя Кіма — яго абвінавацілі ў гвалце да супрацоўніка міліцыі — стаў праект «Кінаконг» па беларускамоўнай агучцы сусветна вядомых фільмаў.
У «ліберальным» 2019-м яго нават запрашалі на БТ. Пратэстант Кім прыйшоў у эфір у цішотцы «Усё магу ў Хрысце, які мяне ўмацоўвае».
«Для мяне вера ў Бога — гэта тое, што дазваляе рухацца наперад у тым, што тычыцца Беларусі і беларускай культуры», — сказаў Кім.
У гэтую групу залічым і двух праваабаронцаў.
Кацярына Садоўская працавала на радыятарным заводзе, кіроўцай трамвая, у камунальнай гаспадарцы.
А ў незалежнай Беларусі занялася праваабарончай дзейнасцю.
У сярэдзіне нулявых яна восем месцаў правяла ў турме: яе абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі і знявазе суддзі (прысуд быў два гады, але Садоўская выйшла раней).
Пасля вызвалення засталася ў праваабарончым руху. У сярэдзіне дзясятых на яе зноў заводзілі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі, таксама яе затрымлівалі, давалі штрафы. Садоўская патрабавала прызнаць палітзняволенымі іншых арыштаваных (напрыклад, блогера Пальчыса). Цяпер Садоўская жыве ў Мінску, актыўна піша ў сацыяльных сетках.
У лютым 2006 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, былі арыштаваныя Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая, Аляксандр Шалайко і Цімафей Дранчук. Іх абвінавацілі ў незаконнай арганізацыі і дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Партнёрства». Прысудзілі да роўных тэрмінаў, але да канца 2006-га выпусцілі на свабоду.
Эніра Браніцкая
Эніра Браніцкая вядомая як праваабаронца. Яна працуе ў беларускай праваабарончай арганізацыі Human Constanta, якая, сярод іншага, займаецца абаронай правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Але днямі стала вядома, што ўлады плануюць ліквідаваць арганізацыю.
Як склаўся лёс яе калег?
Цімафей Дранчук пасля вызвалення нейкі час абараняў правы зняволеных.
Зараз працуе ў турыстычнай сферы, у вольны час займаецца трыятлонам, бегае марафоны.
А вось пра жыццё Мікалая Астрэйкі і Аляксандра Шалайко няма звестак у адкрытым доступе.
Па-за палітыкай
Цікава, што сярод палітзняволеных нулявых, якія адышлі ад палітыкі, эміграваў толькі адзін чалавек (сярод людзей, якіх затрымалі ў дзевяностыя, іх было прыкметна больш).
У студзені 2008-га ў Мінску прайшла акцыя прадпрымальнікаў. 14 моладзевым актывістам прад'явілі артыкул аб арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак. Большасць з іх прыцягнулі да адміністрацыйнага арышту. Адзін з фігурантаў «Працэсу 14-ці», Арцём Дубскі, кіраўнік асіповіцкай філіі «Маладога фронту», атрымаў два гады хіміі. Ён з’ехаў ва Украіну, потым вярнуўся і трапіў у турму ўжо па іншых абвінавачваннях. Выйшаў у 2010-м.
Пасля зноў з’ехаў ва Украіну, потым — у Польшчу, дзе працуе дагэтуль. Летась дабіўся, каб МУС выправіў лацінскае напісанне ягонага імя ў пашпарце.
Мікола Маркевіч доўгія гады займаўся журналістыкай, кіраваў гродзенскай газетай «Пагоня». У 2002 атрымаў два з паловай гады хіміі за «паклёп у адносінах да Лукашэнкі». Да свайго датэрміновага вызвалення працаваў вахцёрам на лесапілцы ў Асіповічах.
Мікола Маркевіч (справа). Фота Надзеі Бужан
Пасля кіраваў газетай «Дзень», якая таксама была закрыта, і аднаўляў «Радыё Рацыя». Апошнім часам займаўся пасажырскімі перавозкамі паміж Гроднам і Беластокам.
Артур Фінькевіч з’яўляўся адным з лідараў «Маладога фронту», пазней заснаваў рух «Маладая Беларусь».
Падставай для яго затрымання стала графіці палітычнага зместу.
Пасля вызвалення заставаўся ў палітыцы — у другой палове дзясятых з’яўляўся каардынатарам кампаніі «Права выбару», якая ажыццяўляла назіранне за выбарчымі кампаніямі.
Артур Фінькевіч працаваў рыэлтарам, быў каардынатарам ініцыятывы «Месца», якая разам з мясцовымі жыхарамі займалася вырашэннем сацыяльных і экалагічных праблем у мікрараёнах Чыжоўка, Лошыца і Ангарская. Напрыклад,
яны змагаліся за закрыццё сметніка «Прудзішча» (сабралі больш за 2 тысячы подпісаў).
Кажа, што палітычнай дзейнасцю не займаецца.
Экс-рэктар БДУ Аляксандр Казулін трапіў за краты пасля прэзідэнцкіх выбараў — 2006. Яго асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў: па праспекце Дзяржынскага ў кірунку да Акрэсціна ішло вулічнае шэсце.
Падчас зняволення Казулін галадаў 53 дні і дабіўся, каб на пасяджэнні Рады бяспекі ААН узнялі пытанне пра Беларусь. Пакуль ён знаходзіўся за кратамі, памерла яго жонка. Казуліна выпусцілі развітацца з ёй. У 2008-м яго вызвалілі ўказам Лукашэнкі. Неўзабаве пасля гэтага сышоў з палітыкі і з таго часу жыве прыватным жыццём.
Сяргей Парсюкевіч працаваў на Байкануры, з’яўляўся начальнікам экспертна-крыміналістычнага аддзела віцебскай міліцыі. Сышоў, маючы званне маёра. Пазней стаў індывідуальным прадпрымальнікам і далучыўся да выступаў калег.
У сакавіку 2008-га яго затрымалі, абвінавацілі ў гвалце супраць супрацоўніка міліцыі. Далі два з паловай гады зняволення, але вызвалілі ўжо ў жніўні. Ён пэўны час удзельнічаў у выбарчых кампаніях у складзе кампаніі «Гавары праўду», а пасля 2012-га адышоў ад грамадскай дзейнасці. Працаваў інжынерам у розных прыватных кампаніях і дзяржаўных арганізацыях. Пазней працаваў на будоўлі.
Сышлі з публічнай прасторы
Валерый Леванеўскі
У 2004-м у Гродне арыштавалі Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева, якія заснавалі незарэгістраваны страйкам прадпрымальнікаў. Суд прызнаў іх вінаватымі ў публічнай абразе Лукашэнкі (яе ўбачылі ў тэксце іх улёткі) і асудзіў на два гады зняволення.
Леванеўскі цалкам адсядзеў свой тэрмін і нават не змог трапіць на пахаванне бацькі. Яго паплечніка выпусцілі раней па амністыі.
Леванеўскі быў вельмі актыўны ў інтэрнэце, але яго шматлікія сайты не абнаўляюцца з 2015 года. Апошняя публічная актыўнасць Васільева — 2010 год, калі ён увайшоў у ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава.
Зрэшты, сёлета гэтаму былому палітзняволенаму споўніцца ўжо 75 гадоў.
Сяргей Ляшкевіч з’яўляўся актывістам БНФ, падчас прэзідэнцкіх выбараў — 2006 узначальваў ініцыятыўную групу Аляксандра Мілінкевіча ў Шчучыне.
Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы аднаго са шчучынскіх маладзёнаў да ўдзелу ў масавых беспарадках у сталіцы, асудзілі да пяці месяцаў зняволення. Вызвалілі датэрмінова.
Пасля вызвалення Лашкевіч вучыўся ў магістратуры ЕГУ і пэўны час заставаўся актывістам БНФ. Зараз пра яго нічога невядома.
У савецкія часы Юрый Лявонаў служыў у арміі, звольніўся ў запас капітанам.
Юрый Лявонаў. Фота 2009 года
Стаў прадпрымальнікам і стварыў у Ваўкавыску сваю фірму, быў кампаньёнам Мікалая Аўтуховіча.
Яго двойчы арыштоўвалі. Першы раз — за спробу ўхіліцца ад падаткаў (адсядзеў паўтара года), другі раз яго абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта, але праз паўгода вызвалілі і спынілі справу.
У пачатку 2010-х Лявонаў вельмі доўга шукаў працу ў Беларусі і ў Польшчы. Пасля смерці бацькі адправіўся ў Маскву, каб даглядаць маці. Пасля гэтага не трапляў у публічную прастору.