Сцяпан Латыпаў у судзе: Я буду сядзець столькі, колькі асабіста захачу
Сёння ў судзе Савецкага раёна Мінска працягнуўся суд над палітзняволеным абаронцам «Плошчы Перамен», арбарыстам Сцяпанам Латыпавым.
06.08.2021 / 11:54
Перад судовым працэсам ён выказаўся пра ўнутраную свабоду, стаўленне да суддзі, які вядзе яго справу, і да канваіраў, да якіх яго прыкоўваюць кожнае судовае пасяджэнне кайданкамі:
«Я буду сядзець столькі, колькі асабіста я захачу. Якую цану за гэта я буду плаціць — гэта іншае пытанне. Але вырашаць буду толькі я. Я буду вырашаць, працягнецца судовае пасяджэнне ці не. Я буду вырашаць, вярнуся я сёння з канвоем або з хуткай дапамогай. Гэта маё права. Гэта мая свабода».
…Самае балючае, што я з усіх сіл спрабую ставіцца да яго [суддзі] як да чалавека, як да прафесіянала, які знаходзіцца ў вельмі няпростай сітуацыі. Але ў мяне не атрымліваецца. Я вельмі добра стаўлюся да хлопцаў з канвою…»
Справу разглядае Аляксандр Волк.
Перад працэсам Сцяпан папрасіў свайго бацьку не прысутнічаць на працэсе, каб яму не было балюча за яго.
На судзе працягваюць праслухоўваць аўдыя тэлефонных размоваў Сцяпана, адно з іх — яго інтэрв’ю журналістам TUT.BY пра каталізатары пратэстаў у Беларусі, пратэсную актыўнасць і барацьбу «Плошчы Перамен».