«Да 11 сакавіка быў абвінавачаным па іншым артыкуле». Пра што казала адвакат Латыпава ў судзе
16 жніўня ў судзе Савецкага раёна Мінска будзе вынесены прысуд 41-гадоваму палітзняволенаму жыхару «Плошчы Перамен» і арбарысту Сцяпану Латыпаву. Пракурор Уладзімір Рабаў папрасіў суд прызнаць Сцяпана вінаватым па трох артыкулах КК і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на восем гадоў і шэсць месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 300 базавых велічыняў. У судовых спрэчках адвакатка папрасіла суд апраўдаць Сцяпана Латыпава, і вось яе аргументы і довады.
15.08.2021 / 14:31
Усе сведкі пацвердзілі, што Латыпавым былі аказаныя якасныя і своечасовыя паслугі
Па версіі абвінавачвання, Латыпаў нібыта браў з кліентаў грошы на хімічную апрацоўку баршчэўніка, але замест дарагога і высакаякаснага сродку купляў танны, несертыфікаваны і з сумніўнай якасцю.
«Гэтая акалічнасць не пацвярджаецца ні матэрыяламі справы, ні рэчавымі доказамі, ні паказаннямі сведак», — адзначае адвакатка.
Усе сведкі, якія апытваліся на судзе, пацвердзілі, што Латыпавым былі аказаныя якасныя і своечасовыя паслугі. Таксама адвакатка звярнула ўвагу, што не праводзілася ніякіх даследаванняў, ніякіх экспертыз, не апытваўся ніхто са спецыялістаў.
Прэпарат, які канфіскавалі ў Латыпава, не адправілі ні на якую экспертызу. Па словах адвакаткі, яго адпраўлялі толькі на даследаванне, каб выключыць, што дадзенае рэчыва з'яўляецца наркатычным або ўваходзіць у пералік прэкурсораў.
Таксама адвакатка звярнула ўвагу, што ў абвінавачванні названы прэпарат, якога не існуе, таму ён не мог быць выкарыстаны Латыпавым. Ніякая сертыфікацыя не патрабавалася.
Да 11 сакавіка не было абвінавачвання па ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, у жніўні 2020 года Сцяпан Латыпаў стварыў у месенджары Telegram-чат, у якім заклікаў яго ўдзельнікаў да «стварэння дваровай супольнасці з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве».
Паводле версіі абвінавачвання, Сцяпан Латыпаў наўмысна займаўся фінансаваннем і матэрыяльным забеспячэннем пратэстаў.
«Сама па сабе фармулёўка ў абвінавачванні ўжо супярэчлівая. Калі чалавек мае карыслівыя намеры, то якім чынам тады ён займаецца фінансаваннем і іншым матэрыяльным забеспячэннем? Калі чалавек укладвае свае грашовыя сродкі ў нешта, якую карысць ён мог атрымаць з гэтай сітуацыі? Тое, што ён уклаў свае асабістыя грошы — гэта не карысць», — разважае адвакатка.
Абаронца Сцяпана адзначыла, што абвінавачванне некарэктна сфармуляванае і трэба выключыць з яго фармулёўку пра карыслівыя намеры.
Яна адзначае, што праслухоўка тэлефонных размоваў у дачыненні да Латыпава праводзіліся незаконна і неабгрунтавана яшчэ з чэрвеня 2020 года.
Таксама абаронца Сцяпана звярнула ўвагу, што па стане на ліпень 2020 года ў дачыненні да Латыпава не было падставаў для правядзення праслухоўвання. Затрыманы ён быў толькі 15 верасня 2020 года па падазрэнні ў супраціве супрацоўнікам міліцыі, калі ён прасіў прадставіцца сілавікоў. Першапачаткова Сцяпан Латыпаў з'яўляўся падазраваным і абвінавачаным па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса. Толькі 11 сакавіка 2021 года Сцяпану Латыпаву выставілі абвінавачванні па ч. 4 арт. 209, ч. 1 і 2 арт. 342 КК.
Пацярпелыя не лічаць сябе пацярпелымі. Абвінавачванне па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса
Як адзначыла адвакатка Сцяпана, найбольш красамоўнымі з'яўляюцца адказы падчас допыту і пазіцыя саміх пацярпелых. Супрацоўнікі міліцыі самі не лічаць сябе пацярпелымі. Адказваючы на пытанні ў судзе, яны выразна давалі адказы, што ніякіх пашкоджанняў ім нанесена не было, ніхто не спрабаваў іх ударыць або абразіць. У судзе яны не пацвердзілі тыя абставіны, якія выкладзеныя ў абвінавачванні. Ніхто з іх не заявіў пазоў, бо ім не была нанесеная ні фізічная, ні маральная шкода.
Адвакатка просіць суд апраўдаць Сцяпана Латыпава ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складаў злачынстваў.
Прысуд палітвязню будзе абвешчаны ў панядзелак, 16 жніўня, у 14:30.