Лёня Пашкоўскі зняў фільм пра Афганістан. Ён заспеў Кабул перад самым прыходам талібаў
Гэты выпуск «Хачу дамоў» ютуб-блогер з Беларусі Лёня Пашкоўскі здымаў у сярэдзіне ліпеня. Ужо тады было зразумела, што талібы наступаюць і хутка падыдуць да Кабула. 15 жніўня «Талібан» абвясціў, што цалкам кантралюе Афганістан. Тэрарыстычная арганізацыя захапіла краіну за лічаныя тыдні — пасля таго, як ЗША вывелі свае войскі. Пасля змены ўлады дзясяткі тысяч афганцаў і замежнікаў спрабуюць любымі шляхамі выехаць з краіны, не ўяўляючы сваё жыццё пры талібах.
22.08.2021 / 19:27
У Афганістане жыве каля 40 народнасцяў, найбуйнейшая з іх — пуштуны, каля 40%. Большасць з іх жывуць на поўдні краіны. Іншыя буйныя — хазарэйцы, таджыкі і ўзбекі.
«Кабул называюць адным з самых небяспечных гарадоў свету, таму што тут адбываецца вялізная колькасць тэрактаў. У 2019 годзе іх было больш за 1700, то бок больш за 4 на дзень у краіне, — распавядае Лёня. — Цэнтр Кабула — гэта проста горад-крэпасць. Гэта велізарная колькасць вайскоўцаў, блокпастоў. Ты паўсюль бачыш людзей з аўтаматамі, паўсюль калючы дрот, вялізныя 5-6-метровыя бетонныя ўмацаванні. Цэнтр горада найбольш пакутуе ад тэрактаў, бо там усе пасольствы, дзяржустановы, універсітэты, бальніцы і гэтак далей. На ўскраінах нічога такога няма, апроч пастаянных патрулёў з паліцыі і вайскоўцаў».
«З 6 раніцы прыкладна да 9-10 раніцы ў горадзе адбываюцца напады, выбухі. Таму лепш гэты час перасядзець дома і не выходзіць», — раіць мясцовы кіроўца.