«Тут няма чаго раскрываць». Два дзейныя сілавікі пракаментавалі прыпыненне справы Бандарэнкі
Пракуратура прыпыніла расследаванне абставін смерці Рамана Бандарэнкі ў сувязі з нібыта немагчымасцю знайсці вінаватых. Пакуль справа прыпынена, нельга праводзіць следчыя дзеянні: допыты, агляды, выемкі і гэтак далей. Можна праводзіць толькі «аператыўныя мерапрыемствы», кшталту праслухоўкі. Праз 15 год з моманту прыпынення справы яна па законе павінна быць закрыта за тэрмінам даўніны.
17.09.2021 / 17:06
Пры гэтым аб’яднанне былых сілавікоў ужо праводзіла ўласнае расследаванне. Яны пералічылі імёны тых, хто ў той вечар быў у двары на Плошчы Перамен. Сцвярджаецца, што іх вылічылі па білінгу тэлефонных нумароў.
Паводле звестак былых сілавікоў, гэта Дзмітрый Баскаў, Дзмітрый Шакута, Наталля Эйсмант, Ганна Эйсмант, Павел Воўчак, Жанетта Воўчак.
А таксама супрацоўнікі САХР Сяргей Сарман, Сяргей Анцюфееў, Алег Буйкевіч, Раман Савенка, Яўген Ціманоўскі.
І супрацоўнікі АМАП Руслан Куляшоў і Раман Крывашэін.
З усіх вышэйпералічаных сітуацыю пракаментавала толькі вядучая Ганна Эйсмант. Яна заявіла, што ў момант збіцця Рамана Бандарэнкі не знаходзілася на Плошчы Перамен, а была ў прамым эфіры. Астатнія ад каментароў устрымаліся.
Пракурор: «Любую крымінальную справу, нават з жалезнымі доказамі, можна заваліць»
Ці сапраўды справа такая складаная, што знайсці таго, хто збіў Бандарэнку нерэальна? «Наша Ніва» спытала дзейных следчага і пракурора.
«Я ад пачатку здзівіўся, што была заведзена крымінальная справа, бо ў рамках расследавання справы можна выйсці на цэлую злачынную групу, у якой, меркавана, могуць знаходзіцца найвышэйшыя адказныя асобы рэспублікі, — сказаў «Нашай Ніве» пракурор. — Натуральна, любую крымінальную справу, нават з жалезнымі доказамі, можна заваліць.
І як там Генпракуратура яе расследавала, ніхто пакуль не даведаецца, бо яе работу ў гэтай частцы праверыць няма каму, вышэйшага органа не існуе.
Фактычна пакуль што яны зрабілі вось што. Пракуратура вырашыла, што злачынства ёсць, але хто яго зрабіў, «невядома».
Відаць, палітычна яшчэ не прыйшоў час для расследавання, таму маё перакананне — гэтую справу завялі для таго, каб дакументальна намаляваць алібі ўдзельнікам.Нешта мне падказвае, што ўсе яны дапытаны, і ўсе ў матэрыялах белыя і пухнатыя, такая псіхалагічная «страхоўка» для добрых выканаўцаў.
Але толькі псіхалагічная, бо ў рэальнасці няма сумневаў, што гэтая справа будзе расследавана, хаця б з логікі немагчымасці спыніць біялагічны гадзіннік».
Следчы: «Што датычыць справы Бандарэнкі, то яна не складаная»
Іншы дзейны следчы ў званні маёра кажа, што практыка расследавання, напрыклад, тых жа забойстваў звычайна такая: бяруць і затрымліваюць усіх, хто можа мець дачыненне.
«Калі падазраваныя як мінімум у ІЧУ, з імі актыўна працуюць аператыўнікі, каб раскруціць на яўку з прызнаннем віны.
Нераскрытае забойства — гэта надзвычайнае здарэнне, за якое начальнік міліцыі раёна атрымлівае вымову, або ўвогуле здымаецца з пасады.
Што датычыць справы Бандарэнкі, то яна не складаная. Ёсць сведкі злачынства, вядомы папярэдні спіс падазраваных, дакладна ёсць матэрыялы праслуховак па некаторых з іх.
Паводле логікі, ніякіх перашкодаў для таго, каб знайсці вінаватых, не існуе.
Таму следчы, які не прыняў неабходных захадаў, падчас пераразгляду гэтай справы будзе правераны на датычнасць да злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 399 КК РБ (незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці), арт. 405 КК РБ (укрывальніцтва злачынстваў), арт. 425 КК РБ (бяздзеянне службовай асобы).
Тэрмін даўніны па справе Бандарэнкі — 15 год. У тым, што гэта менавіта забойства, я не сумняваюся, бо характар пашкоджанняў указвае на гвалтоўны характар смерці, абставіны атрымання ўказваюць на праяву ідэалагічнай варажнечы. Я думаю, фігуранты гэтай гісторыі не сыдуць ад адказнасці», — лічыць следчы.