«Усё робім правільна!» Топ-следчы Яўген Юшкевіч даў інтэрв'ю з СІЗА

Яўген Юшкевіч — заўважная фігура ў юрыдычных колах Беларусі. Ён вядомы ўнёскам у раскрыццё анлайн-гандлю наркотыкамі, а таксама вядзення справы педафіла Давыдовіча, па якой праходзілі сотні пацярпелых. У 2020-м ён заняў пазіцыю падтрымкі законнасці. А таксама запусціў праект кансультацый па працаўладкаванню для сілавікоў, якія больш не хацелі выконваць незаконныя загады. 

06.10.2021 / 08:19

Юшкевіч не з'ехаў з Беларусі пасля першага свайго затрымання па крымінальным артыкуле, і ў выніку быў затрыманы па іншым — расстрэльным артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса «Акт тэрарызму».

Але палітвязнем Юшкевіч не прызнаны да гэтага часу. Незразумела, чаму. 

«Нашай Ніве» удалося зрабіць з Юшкевічам кароткае інтэрв'ю з СІЗА

Наша Ніва: Любімае месца ў Беларусі? Чаму? 

Яўген Юшкевіч: Асіповіцкія лясы — бо яны сапраўдныя, некранутыя. 

НН: Месца на зямлі, якое найбольш уразіла? 

ЯЮ: Скандынавія — можна жыць проста, спакойна і багата. 

НН: Якая якасць найбольш дапамагае за кратамі? Якая чалавечая якасць найбольш замінае за кратамі? 

ЯЮ: Больш за ўсё дапамагае жаданне вучыцца, чытаць, пазнаваць. А замінае канфліктнасць і раздражняльнасць. Сутыкаўся тут з людзьмі не вельмі разумнымі, праз гэта ўзнікалі канфлікты.

НН: Хто ваш герой з сучаснасці ці мінулага і чаму? 

ЯЮ: Усе тыя, хто ахвяруюць сабой для права і законнасці. Сябе да іх не прылічваю. 

НН: Калі б вярнуўся ў 2020, то ці нешта зрабіў бы інакш? Ці стаў бы выязджаць? 

ЯЮ: Нічога б не змяніў — шалёны і цікавы год. Не, не з’ехаў бы. 

НН: Што зробіш першай справай, апынуўшыся на волі? 

ЯЮ: Першай справай абдыму ўсіх… але калі тое будзе. 

НН: Якія ўмовы ў цябе ў камеры? Якія праблемы? Што за людзі побач? Як адносіны з сукамернікамі і ахоўнікамі? 

ЯЮ: Якія ўмовы — рабі высновы сам, я былы супрацоўнік… А людзі розныя. 

НН: Як праходзіць дзень у камеры? Чым звычайна займаешся? Што прачытаў, а што плануеш?

ЯЮ: Чытаю кнігі па праграмаванні, крыміналогіі і тэорыі канфліктаў, чытаю Гандзі. Імкнуся фізічна займацца, радуюся шпацырам. 

НН: Як вынікі выкладання матэматыкі і інфарматыкі сукамернікам? 

ЯЮ: Вельмі здорава, больш мне падабалася, але і ўсім, каму выкладаў, таксама. Бяда, што ім усім свеціць па 10 год. 

НН: Чаго больш не хапае ў СІЗА? 

ЯЮ: Больш за ўсё не хапае святла — сядзім як у нары. Пры гэтым, святла ва ўсіх сэнсах. 

НН: Што б ты сказаў беларусам, што губляюць ці згубілі надзею на лепшае? 

ЯЮ: Усё, што рабілі, лічу адзіным правільным, і цяпер тое што робім — правільна. 

НН: Якая падзея з апошніх найбольш уразіла? 

ЯЮ: Дзьве ахвяры за апошні час — дарма, ні за што, такога не павінна было быць.

***

Пісаць Яўгену Юшкевічу можна па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1.

Арцём Гарбацэвіч