У Стоўбцах знайшлі парэшткі каталіцкага манаха XVII стагоддзя. Яго магіла — месца паломніцтва

Фабіян Малішоўскі памёр у 1644 годзе, і яго магіла стала месцам паломніцтва мясцовага насельніцтва.

07.10.2021 / 11:12

У Стоўбцах адшукалі парэшткі пахавання XVII стагоддзя. Пробашч парафіі святога Казіміра ксёндз-канонік Ігар Лашук паведаміў 6 кастрычніка, што адбываліся пошукі рэліквій Фабіяна Малішоўскага — першага дамініканскага прыёра ў Стоўбцах, піша katolik.life.

Гаворка ідзе аб каталіцкім манаху, які нарадзіўся ў 1583 годзе ў польскім Пшэмыслі. У 1632-1636 гадах займаў пасаду правінцыяла Рускай правінцыі, у склад якой уваходзіла 36 манастыроў ад Смаленска да Камянец-Падольскага. У 1643 годзе быў абраны прыёрам у Стоўбцах, дзе ў 1644 годзе памёр і пазней быў пахаваны там у склепе храма.

Яго магіла стала месцам паломніцтва мясцовага насельніцтва, якое прыпісвала заступніцтву Фабіяна Малішоўскага шмат добрага. Пры перапахаванні выявілі, што цела манаха засталося цэлым. Пачаліся крокі па беатыфікацыі (першая прыступка да залічэння да святых).

Пасля падаўлення паўстання Каліноўскага ў 1863-1864 гадах каталіцкі храм у Стоўбцах ператварылі ў праваслаўны, а труну з целам Фабіяна Малішоўскага схавалі і засыпалі ў падзямелле. У 1922 годзе труну адкапаў мінскі біскуп Зігмунд Лазінскі. У 1953 годзе савецкія ўлады ўзарвалі касцёл у Стоўбцах. Цяпер на гэтым гістарычным месцы, дзе быў пахаваны Фабіян Малішоўскі і іншыя святары, знаходзіцца спартыўная пляцоўка сярэдняй школы.

Парэшткі ўдалося выявіць дзякуючы старажытнаму апісанню і плану пахаванняў. Знойдзеныя таксама часткі труны, дадаў ксёндз Ігар Лашук.

Nashaniva.com