Журналісты-лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру: што яны пісалі пра Беларусь

8 кастрычніка Нобелеўскі камітэт назваў лаўрэатаў прэміі міру за 2021 год. Узнагароду атрымалі журналісты — філіпінка Марыя Рэса і расіянін Дзмітрый Муратаў.

08.10.2021 / 20:13

Нобелеўскі цэнтр у Осла. Фота depositphotos.com

На прэмію прэтэндавалі 234 чалавекі і 95 арганізацый, сярод фаварытаў былі Святлана Ціханоўская, Сусветная арганізацыя аховы здароўя, Аляксей Навальны, Грэта Тунберг. У параўнанні з імі кандыдатуры Рэсы і Муратава не так прываблівалі ўвагу. Але яны таго вартыя. Да таго ж выданні гэтых журналістаў у свой час не прайшлі міма падзей у Беларусі. Мы паглядзелі, што Рэса і Муратаў пісалі пра Беларусь.

Рэса: асвятленне беларускіх пратэстаў і аналітыка

Марыя Рэса — 58-гадовая рэпарцёрка з Філіпін. У 2012 годзе яна заснавала медыярэсурс Rappler.com, якім кіруе і цяпер. Сайт Рэсы набыў вядомасць праз аналітычныя тэксты і складаныя расследаванні, цяпер старонка рэсурсу на Facebook мае 4,5 мільёна падпісчыкаў. Гэта адно з нешматлікіх філіпінскіх медыя, што актыўна крытыкуюць рэжым кіраўніка краіны Радрыга Дутэртэ.

Марыя Рэса. Фота news.harvard.edu

Рэса шмат разоў аказвалася абвінавачанай у судзе, і, як кажа журналістка, абвінавачванні маюць пад сабой палітычную падаплёку. Філіпінскія ўлады сцвярджаюць, што ўсе абвінавачванні ў бок журналісткі законныя.

Здаецца, Філіпіны і Беларусь — краіны, што зусім далёкія адна ад адной. Але ж гэта не перашкаджала Rappler асвятляць беларускія пратэсты і нават аналізаваць іх.

Так, 21 жніўня мінулага года на рэсурсе спадарыні Рэсы выйшаў тэкст пад назвай «Народная ўлада ў Беларусі: чаму яна можа навучыць філіпінцаў?». Тэкст адсылае да серыі пратэстаў у 1986 годзе на Філіпінах, што выклікалі адхіленне ад ўлады аўтарытарнага лідара Фердынанда Маркаса.

Аўтар Rappler знаходзіць шмат падабенстваў паміж Лукашэнкам і філіпінскімі палітыкамі. Як і Маркас, Лукашэнка кіруе краінай больш за два дзесяцігоддзі.

Суперніцай Маркаса на апошніх у яго кар’еры выбарах стала жанчына сярэдняга ўзросту, Карасон Акіна, жонка вядомага філіпінскага апазіцыянера Бенінья Акіна (успомніце гісторыю Ціханоўскіх), што быў забіты за 2,5 года да выбараў.

Уласна цяперашнія беларускія пратэсты і філіпінскую Рэвалюцыю народнай улады таксама шмат у чым можна параўнаць, як пісаў Rappler. Сярод падабенстваў — існаванне ў краіне антыліберальных інстытуцый, эканамічны спад і наступствы выбараў, што паўплывалі на ход пратэстаў.

Экспертка, што параўноўвала для выдання беларускія і філіпінскія падзеі, лічыць, што беларусам ёсць у чым навучыцца ў філіпінскіх рэвалюцыянераў. Па-першае, пратэст павінны быць бесперапынным і ўстойлівым, каб на яго звярнулі ўвагу Расія і/ці НАТА. І па-другое, рух за дэмакратызацыю ў грамадстве таксама павінны быць устойлівым.

Муратаў: інтэрв’ю з лідарамі апазіцыі, рэпартажы і ліст салідарнасці

У 1993 годзе Дзмітрый Муратаў стаў адным з заснавальнікам «Новай газеты» — на сёння аднаго з нешматлікіх незалежных выданняў, што яшчэ даступныя ў Расіі. «НГ» рэгулярна праводзіць расследаванні па меркаваных выпадках карупцыі і іншых злоўжыванняў з боку чыноўнікаў, а таксама распавядае пра людзей, што пацярпелі праз парушэнні сваіх правоў з боку расійскіх уладаў.

Дзмітрый Муратаў. Фота commons.wikimedia.org

Згодна з Камітэтам па абароне журналістаў, шэсць рэпарцёраў «Новай газеты», у тым ліку і Ганна Паліткоўская, былі забітыя за сваю працу. Само выданне таксама падвяргаецца пагрозам і ціску, у тым ліку за расповед пра парушэнні правоў чалавека ў Чачні.

Выданне Муратава хоць і з’яўляецца расійскім, але прысвячае шмат увагі падзеям у Беларусі. «Новая газета» рабіла інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай і Марыяй Калеснікавай, асвятляла начныя пратэсты жніўня мінулага года і разгон пратэстаў на вуліцы Арлоўскай у Мінску ў кастрычніку мінулага года, калі АМАП адкрыў агонь паверх галоў пратэстоўцаў. У 2021 годзе «НГ» распавядалі пра масавыя летнія вобшукі і пра прымусовую пасадку самалёта з актывістам Раманам Пратасевічам, які пасля таго быў арыштаваны.

Сам Дзмітрый Муратаў яшчэ ў верасні 2020 года выказаў падтрымку беларусам. Зрабіў ён гэта праз падпісанне адкрытага ліста расійскай інтэлігенцыі пра сітуацыю ў Беларусі — дарэчы, сам гэты ліст быў апублікаваны на платформе «Новай газеты». Падпісанты звароту выказалі салідарнасць з беларускім народам і занепакоенасць гвалтам з боку дзейных уладаў Беларусі.

Яшчэ адна дэталь: у сваім лісце падпісанты звярталі ўвагу расійскіх уладаў на тое, што падтрымка Лукашэнкі з боку Расіі можа дрэнна адбіцца на ўзаемаадносінах дзвюх краін. На іх думку, задача Расіі як партнёра Беларусі — спрыяць вызваленню ўсіх зняволеных беларускіх пратэстоўцаў і спыненню гвалту, а таксама паважаць палітычныя правы беларускіх грамадзян.

Чытайце таксама: «Часта пытаюць: «Чаму вы ўжо не здасцеся?» Я адказваю: «Проста не маем права». Гутарым са Святланай Ціханоўскай напярэдадні Нобеля

Nashaniva.com