Сябраваў з Шапірам і быў звольнены за «абасраных кароў». Расказваем пра экс-міністра сельскай гаспадаркі, які патрапіў у скандальны зліў
На мінулым тыдні аб'яднанне былых сілавікоў апублікавала скандальны зліў, у якім ішло абмеркаванне пра суседа дачкі былога міністра сельскай гаспадаркі, «якога трэба паставіць на месца». «Наша Ніва» высветліла, што гаворка ў зліве ішла пра дачку былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца, цяперашняга кіраўніка Магілёўскага аблвыканкама. Гісторыю суседскай спрэчкі мы ўжо падрабязна апісвалі. Але хто такі сам Леанід Заяц?
18.10.2021 / 13:33
Леаніду Зайцу 62 гады. Ён родам з вёскі Гацук Слуцкага раёна. Працаваў трактарыстам, брыгадзірам, спецыялістам па кормавытворчасці.
У 89-м скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках па спецыяльнасці «Аграномія», пасля чаго працаваў галоўным аграномам у саўгасе «Слуцк».
Потым кіраваў суседнім калгасам «Беларусь». З 1998 — дырэктар Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў. З 1999 па 2001 — старшыня Маладзечанскага райвыканкама. Адтуль яго ўжо вынесла ў вышэйшыя эшалоны ўлады: з 2001-а стаў намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама.
Рассварыўся з лепшым сябрам Сямёнам Шапірам
Крыніцы «Нашай Нівы» кажуць, што ва ўладных колах Заяц запомніўся тым, што рассварыўся са сваім лепшым сябрам — Сямёнам Шапірам, якога сам жа прызначыў генеральным дырэктарам «Агракамбіната Дзяржынскі».
«Шапіра адпрацаваў там да 2008 года, пасля чаго на гэтае месца прыйшоў працаваць сам Заяц. Вось тут сябры і пасварыліся: аказалася, Шапіра панабіраў спрэчных крэдытаў, што дазволіла яму на паперы паказаць добрыя паказчыкі і рвануць на пасаду міністра.
А вось Зайцу давялося з гэтымі пазыкамі разлічвацца, справаздачнасць «Дзяржынскага» стала ўжо не такой салодкай, дапамогі ад сябра ён не дачакаўся. Але, зрэшты, з гэтай пазіцыі і яму ў 2012 годзе ўдалося скочыць у міністэрскае крэсла, патлумачыўшы абставіны, з якімі сутыкнуўся», — расказваюць абазнаныя.
Адмаўляецца ад алкаголю, кажа, што закадзіраваўся
На час Зайцавага Міністэрства прыйшліся цяжкія ветэрынарныя войны з Расіяй. Па словах нашых суразмоўцаў, чыноўнік вельмі не любіў ездзіць у Маскву на перамовы. Яго там марынавалі ў прыёмных, з яго там смяяліся за выразны беларускі акцэнт і няўменне пісьменна гаварыць.
Агулам у работу галіны, кажуць, «не асабліва ўмешваўся, што для галіны вельмі важна».
У адзін з гадоў работы Заяц перанёс цяжкую аперацыю і амаль год нармальна не хадзіў, ледзь перасоўваўся, але адужаў.
Таксама перастаў піць. Удзельнікі агульных мерапрыемстваў кажуць, што Заяц адмаўляецца ад алкаголю, кажа, што закадзіраваўся, і цяпер п'е толькі «трошку шампанскага».
Апытаныя «Нашай Нівай» кіраўнікі гаспадарак даюць Зайцу ў большасці негатыўныя характарыстыкі: «Прыязджаў да мяне на ферму, выступаў, як і Лукашэнка: маналог, давядзенне паказчыкаў. Спачатку троху з ім паспрачаўся, але потым мне стала ясна: ён ведае, што карову трэба карміць. А астатняе…
Для слухача збоку мо і здаецца, што ён ва ўсім разбіраецца, але насамрэч веды павярхоўныя або, правільней сказаць, састарэлыя. Актуальныя на дзесяцігоддзі таму. Як нарыхтаваць якасныя кармы, скласці правільны рацыён, пракантраляваць фізіялогію каровы — гэта ўсё яму невядома», — расказаў «НН» адзін з кіраўнікоў гаспадаркі, куды прыязджаў былы міністр.
Знялі з міністэрскай пасады Леаніда Зайца пасля скандалу з «абасранымі каровамі» на ферме «Сліжы» ў Шклоўскім раёне — ён перастаў быць міністрам на наступны ж дзень.
Але крыніцы «Нашай Нівы» лічаць, што гэта ўсё было тэатральнай пастаноўкай, арганізаванай прэс-службай Лукашэнкі. У рэальнасці ж Зайца знялі за правалены сельскагаспадарчы сезон 2018-га.
Як аказалася, тады сабралі толькі трохі больш за 6 мільёнаў тон зерневых і зернебабовых на фоне амаль 8 мільёнаў тон у 2017.
«Але знялі нават не за сам неўраджай, а за тое, што схаваў маштаб, і калі глянулі ў запасы — аказалася, што няма. А сама схема зняцця «праз абасраных кароў» — не новая. Так міністраў здымалі і да Зайца», — адзначаюць нашы крыніцы.
Ужо на наступны дзень, 27 сакавіка 2019-га, Заяц з міністра стаў губернатарам Магілёўскай вобласці.
«Як губернатар — нічога ў ім не назіраю, як высакакласны выканаўца — тут трапна»
На пасадзе губернатара даваў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню, большая частка яго — расказ пра сельскую гаспадарку. З улікам прафесійнай дэфармацыі, Заяц вельмі спецыфічна бачыць інструменты эканамічнага росту.
«Мы плануем павялічыць у 1,8 разу заробкі людзям. […] Для гэтага распрацаваны комплексны план развіцця з мэтай выхаду на зададзеныя параметры. Для гэтага неабходна выйсці на мільён тон малака! Трэба павышаць удоі, паляпшаць тэхналогію!» — гаварыў ён.
Як губернатар ён выступае перад працоўнымі калектывамі. Можна знайсці шэдэўральнае відэа, як ён расказвае рабочым з Касцюковіцкага цэментнага завода, што «валавы ўнутраны прадукт вырас на 21%, […] а праз пяць год будуць ездзіць электрычныя аўтобусы па краіне».
«Бываюць кіраўнікі горшыя, што маем. Як губернатар — нічога ў ім не назіраю, як высакакласны выканаўца — тут трапна», — кажа адзін з яго цяперашніх падначаленых.
Але чаму гэты, нічым не адметны, выканальны і не ініцыятыўны чыноўнік вырашыў такім арыгінальным чынам «пакараць» суседа дачкі? Спыталі ў блізкага да Зайца чалавека.
«Калі б не зліў аўдыё, то я б ніколі не паверыў бы, што Заяц можа такое зрабіць, як чалавек ён не самы кепскі, — лічыць суразмоўца. — Я думаю, тлумачэнне тут такое: ён, як бацька, лічыць сябе вінаватым, што ўздымаўся па дзяржаўнай службе цаной сям'і. Ну і цяпер вось паспрабаваў зрабіць прыемнае дачцэ, абараніць яе па-бацькоўску. А выйшла так, што самому ад сораму няма куды дзявацца, і дачцэ ўсё сапсаваў — ёй жа там далей жыць».