«Упершыню можаш прабегчыся не на месцы, а па-сапраўднаму ‒ хаця б на 8-9 крокаў». Кранальнае з лістоў Ягора Марціновіча

Чалавек неверагоднай энергіі, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч быў затрыманы 8 ліпеня. Як і наш кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко, Ягор знаходзіцца ў ізалятары па абсурдным абвінавачванні нібыта за нясплату камунальных паслуг. Лісты — гэта самае важнае, што ёсць сёння ў нас ад іх. І ў іх ад нас. Пачытаем вытрымкі з лістоў Ягора калегам.

21.10.2021 / 19:00

Пра холад і цяпло

Калі ты пісала ліст, пачыналася каляндарная восень. Калі я адказваю, то ўжо стартавала рэальная. Пахаладала, затое бабіна лета было проста выдатным, набегаліся наперад.

Чалавеку на свабодзе не зразумець, што ўпершыню за два месяцы можаш прабегчыся не на месцы, а па-сапраўднаму — хаця б на 8-9 крокаў). Але ў камеры не холадна. Кажуць, тут нават зімою ніхто не замярзае. Надыхаем, калі што)

Не хочацца даседжваць да маразоў. Трэба выходзіць раней) Спачатку трэба ўбачыць родных, пасля аднавіць сімку і вярнуцца ў інтэрнэт. Ну а там усё закруціцца.

Канечне, першы час трэба прысвяціць блізкім, яны за гэтыя месяцы наперажываліся. Ды і без работы не хочацца сядзець. Але калі ехаць, то спачатку проста пракаціцца па Мінску на пару гадзін без усялякай мэты. А па Беларусі?.. Столькі чалавек пісалі пра свой край, што вочы разбягаюцца…

Карацей, планаў процьма, ну яшчэ і ў футбол пагуляць абавязкова!

Пра генеалогію

Генеалогія — цікавая штука, пабачыш, у бліжэйшы час набярэ папулярнасць. Будуць людзі масава замаўляць, шукаць у архівах карані.

Мой стрыечны брат яшчэ ў пачатку 1990-х заказваў. Па адной з ліній, бабулі па бацькавай лініі, род Вішнеўскіх давялі да 17 стагоддзя! Карацей, можаш лічыць мяне дробнай шляхтай. Але ні з аднаго з чатырох бакоў не было іншых нацыянальнасцяў, усе беларусы)

Пра вакцыны

Я стаў у чаргу на вакцынацыю. Апошнім часам тут рабілі кітайскую, але скончылася. Перад тым можна было выбіраць, дык тыя, хто ўзяў Спутнік, пляваліся праз пабочку. Ну а кітайская нібыта бясшкодна праходзіла. Канечне, за мяжу з такой не паедзеш, але я пакуль не надта збіраюся)

Пра клопат аб цэнзары

Дарэчы, можаш дасылаць друкаваныя лісты, да мяне даходзяць і тыя, і тыя. У цябе почырк чытэльны. Але цэнзару ўсё адно павінна быць лягчэй чытаць друкаванае.

Пра хатніх гадаванцаў

Сядзім, размаўляем — і тут сусед як закрычыць: «Таракан, бі!» І тут іншы: «Гэта павук, не смейце!» Карацей, аказваецца, што забойцу павука чакалі б вялікія няўдачы ў будучыні. Кажу: «У якой будучыні? Вам і так па 7-8 ужо далі!)» Пакінулі яго ў жывых.

Твой сабакен надта нагадвае Альму па паводзінах) І ўменне спаць роўненька на вызваленай падушцы, і бязмежная смеласць, якая пачынаецца толькі за нагамі гаспадароў. Прам адзін у адзін!

Хатніх гадаванцаў тут страшна не хапае, хоць ты перасяляйся на трэці ярус нараў. Гэта адзіны шанец пабачыць чорнага кацейру, які перыядычна зазірае ў камеру. Прычым толькі па вечарах.

Пра футбол

Гляджу на рэйтынг УЕФА — якое днішчанскае дно! Відаць, Малдова яшчэ і абгоніць нас, будзе справядліва. Вяртаюцца канец 1990-х і пачатак 2000-х, калі беларускія клубы па змоўчванні былі аўтсайдарамі ў матчы з любым супернікам — хоць з якім латвійскім, хоць з якім албанскім.

***

Адглядзелі ўсе матчы зборнай. Розумам усведамляю, што лавіць там няма чаго, але сэрца пакуль яшчэ не здаецца) Усё ж Беларусь гуляе, не магу быць зусім абыякавым. Я думаю, такі настрой дрэмле шмат у кім) Так што аднавіць інтарэс да зборнай зможам, гэта будзе не надта складана.

Пра сувязь пакаленняў

Трымаемся на пазітыве. Кручу ў галаве фразу вашай бабулі, што ніколі не было, каб ніяк не было) Для цяперашніх абставін проста ідэальнае апісанне.

Нашых калег Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко вінавацяць у нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання (ч. 2 арт. 216 КК). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасоб. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон у 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.

Калі ласка, пішыце нашаніўцам:

СІЗА-1, вул. Валадарскага 2, 220030, г. Мінск

Скурко Андрэю Генадзевічу

Марціновічу Ягору Аляксандравічу

«Перадусім не хапае цябе». Паглядзіце, якія кранальныя лісты Ягор Марціновіч дасылае жонцы з турмы (і графік кахання!)

«Турма дае разуменне, на што на свабодзе варта выдаткоўваць час». Андрэй Скурко з СІЗА — пра Маркеса, Танка і чабор 

Nashaniva.com