У сутарэннях глыбоцкай царквы

Пракурор Глыбокага адмаўляе версію, што ў лёхах спачываюць расстраляныя.

25.07.2009 / 13:53

Фотакарэспандэнтка НН Юлія Дарашкевіч спусцілася ў скляпенні глыбоцкай царквы, дзе некалькі днямі раней былі знойдзены чалавечыя парэшткі.

З чацвярга ў царкве працавала сумесная следчая група з абласной віцебскай і Генеральнай пракуратураў Беларусі. Таму ні ў царкву, ні, тым больш, у сутарэнні царквы, нікога не пускалі.

Па заканчэнні працоўнага дня некалькі чалавек усё-ткі здолелі патрапіць уніз. Але на тое месца, дзе знайшлі на пачатку тыдня чалавечыя парэшткі, журналістаў не пусцілі. Затое паказалі ўсё астатняе — агромныя сутарэнні, дзе багата іншых пахаванняў розных часоў. Яны знаходзяцца як пад нагамі, так і ў нішах сценаў.

Першапачаткова гэта быў кармеліцкі касцёл. За савецкім часам у ім месціўся кансервны завод. Верагодна, што частка пахаванняў была адкрыта менавіта тады. Пахадзілі па сутарэннях і чорныя капачы — то там, то тут знаходзім адкрытыя магілы, у якіх чарапы і косткі.

Пракурор Глыбокага Анатоль Сеўрукоў у інтэрв’ю агенцтву «Інтэрфакс» выказаў меркаванне, што няма падстаў меркаваць, што людзі, парэшткі якіх знойдзеныя ў сутарэннях царквы ў Глыбокім, былі расстраляныя.
Пахаванне ўвогуле можа адносіцца да часоў будаўніцтва храма, мяркуе ён.

Пракурорскія работнікі сцвярджаюць, што ні гільзаў, ні прыкметаў гвалтоўнай смерці пакуль не знойдзена.

Мясцовыя ж актывісты мяркуюць, што знойдзенае днямі пахаванне можа датавацца 1939 годам, а ляжаць у магіле ахвяры масавых растрэлаў. Яны нагадваюць пра знойдзены пачак ад цыгарэтаў з польскімі надпісамі, польскі пашпарт сярод спаленых папераў і як мінімум адну кулю ад нагана. Хіба манахі паляць?

Вынікі экспертызы будуць гатовыя не раней, чым праз месяц.

З чацвярга ў царкве працавала следчая група з віцебскай і генеральнай пракуратураў.

Уваход у сутарэнні ахоўваўся міліцыянтамі.

Журналістам не далі наблізіцца да экспертаў. Спусціцца ў сутарэнні ўдалося толькі ўвечары.

Вось за гэтымі сходамі і знайшлі новыя пахаванні. Але журналістам зірнуць на парэшткі не далі.

У нішы, што злева, таксама калісьці раней былі чалавечыя косткі. Справа - такая ж ніша, але пакуль не адкрытая.

Адкрытая ніша буйным планам.

А тут, магчыма, працавалі чорныя капачы - магіла парушана.

Унутры - чарапы і косткі, усё перамяшана.

Настаяцель царквы Раства Багародзіцы айцец Сергій лічыць, што гэта пахаванне манахаў.

Раней тут быў кансервавы завод.

Стоп, небяспечная зона!