Сікорскі: Як авіякампанія можа адрозніць мігранта ад немігранта? Як мы можам яму забараніць?
Дырэктар дэпартамента авіяцыі Арцём Сікорскі выказаўся пра магчымасць увядзення санкцый супраць «Белавія» праз садзейнічанне пранікненню нелегальных мігрантаў на тэрыторыю ЕС.
07.11.2021 / 20:39
«Узнікла тэма абвінаваціць «Белавія» ў арганізацыі міграцыйных патокаў. Мы некалькі разоў адзначалі, што «Белавія» ніколі не выконвала палёты па тых напрамках, у якіх нас абвінавачваюць. Проста выдумляецца нейкая дзіч, іншага слова нават падабраць не магу. Нас абвінавачваюць, што мы павялічылі колькасць рэйсаў у Турцыю.
Давайце гэта разгледзім, чаму гэта адбылося. Калі вы ляснулі гэтай жалезнай заслонай, людзі паляцелі праз Турцыю, каб дабрацца неяк у гэтую Еўропу. У нас усё выразна распісана, хто на гэтых бартах лётае. Прыязджайце, паглядзіце, мы гатовыя даць вам усю інфармацыю.
Другі момант. Як авіякампанія можа адрозніць мігранта ад немігранта? Чалавек купляе білет — на падставе чаго мы можам яму забараніць пералёт? Бо мы тады звярнуліся да нашых еўрапейскіх партнёраў: апублікуйце пералік краін, нацый, нацыянальнасцяў, веравызнанняў — па любой прыкмеце. Скажыце, гэтыя людзі не могуць карыстацца паветраным транспартам», — сказаў беларускі чыноўнік.