Сяргей Будкін пра Сяргея Філімонава: Ён сфармаваў густ цэлага пакалення беларусаў
Сёння стала вядома, што не стала легендарнага журналіста Сяргея Філімонава, аўтара культавай праграмы «Відзьмо-невідзьмо». Менеджар культуры Сяргей Будкін падзяліўся ў сваім фэйсбуку ўспамінамі пра паважанага калегу.
17.11.2021 / 20:10
«27 год таму я пазнаёміўся з Сяргеем Філімонавым.
Love Is All Around. Гэтая песня гурта Wet Wet Wet у мяне асацыюецца акурат з ім. У той дзень я прыйшоў са школы, уключыў за абедам тэлевізар, і прыемны чалавек мяккім голасам прадставіў гэты душэўны твор. З таго часу я імкнуўся не прапускаць праграму «Відзьмо-невідзьмо».
Дзякуючы ёй, асабліва ў даінтэрнэтную эпоху, можна было зразумець, што адбываецца ў цывілізаваным свеце. Не памылюся, калі скажу, што Сяргей сфармаваў густ цэлага пакалення беларусаў. У гэтым беспрасвеце з «двума кусочечкамі калбаскі» ды іншага трэшаку, што ліўся з экранаў і калонак шапікаў з касетамі, ён быў арыенцірам.
Дзякуючы яму я дазнаўся, напрыклад, пра існаванне Jethro Tull і Ніла Янга. А яшчэ пачуў, наколькі прыгожай і сучаснай можа быць беларуская мова, на якой ён прадстаўляў навінкі сусветнага шоўбізу.
Ужывую нас пазнаёміў Максім Жбанкоў, калі я ўжо вучыўся ва ўніверы, на пачатку 2000-х. Мы завіталі да Сяргея ў госці, ён хваліўся новымі дыскамі, якія яму даслалі з Еўропы, і мне падавалася, што гэта ўсё адбываецца не са мной. У той жа вечар, пасля развітання, ён патэліў: «Будкін! Ты дома? Хутчэй уключай БТ!» Я пабег да тэлека, думаючы, што прыйшоў апакаліпсіс, а там ішоў нейкі замежны фільм. А Сяргей з такім дзіцячым здзіўленнем кажа ў слухаўку: «Ну што? Бачыш? Яны паказваюць пірацкую копію!»
Мне пэўны час здавалася, што Сяргей наогул ніколі не выходзіць з дому, бо ў яго там быў свой свет, дзе было ўсё, што трэба для жыцця: касеты, дыскі, прайгравальнік, відак, комп. Ён праграму нават запісваў у сваім пакоі. Памятаю момант, калі ўпершыню ўбачыў яго па-за домам. Ён папрасіў сустрэчы і сказаў, што па тэлефоне такія рэчы не абмяркоўваюць.
Тады ўжо яго праграму перакінулі з БТ на СТБ, адсоўвалі на максімальна позні час і ўрэшце зарэзалі. Бо незразумелая была кіраўніцтву гэтая эстэтыка. Яго на поўным сур’ёзе цкавалі за тое (2011 год на двары быў!), што ён «паказвае амерыканшчыну». Сяргей быў разгублены, але мы знайшлі выйсце.
Памятаю, тады патэлефанаваў спадарыні Зінаідзе Бандарэнка, першай дыктарцы БТ, якая была тады ў назіральнай радзе [тэлеканала, прызнанага беларускімі ўладамі экстрэмісцкім — НН]. І яна парупілася, каб праграма Сяргея працягвала выходзіць на гэтым канале. Сяргей акрыяў. І яго праграма стала больш жывой. Мы нават размаўлялі пра тое, каб зрабіць у ёй беларускі блок. У той час Сяргей у прынцыпе глыбока пагрузіўся ў беларускі культурніцкі кантэкст.
Памятаю, як мяне цешыла, што «Тузін» для яго стаў такім жа арыенцірам, як для мяне было ў свой час «Відзьмо-невідзьмо». І ён адкрыў для сябе такія беларускія гурты, якія ставіў у адзін шэраг са сваімі ўлюбёнымі сусветнымі, асабліва ён высока цаніў «Рэлікт». Ён з ахвотаю хадзіў на імпрэзы ў якасці гледача і з удзячнасцю прымаў запрашэнні правесці канцэрты і цырымоніі. Быў вядоўцам прэміі «Героі года», казаў прадмову на прэзентацыі «Тузін. Немаўля» — праекта, якому ён вельмі суперажываў і спрыяў усяляк яго рэалізацыі…
Нібы гэта было ўчора. Іду па бульвары Талбухіна, непадалёк ад якога жыве Сяргей, і набіраю яго нумар. «Вы дома?» — «Так, заходзьце», — адказвае ён. Цяпер ужо не зайду. Вечны супакой вам, Сяргей».