Тры надзейныя спосабы падтрымаць вязняў «Валадаркі»

Акрамя лістоў, ёсць яшчэ некалькі спосабаў падтрымаць любога вязня Валадаркі. Гэта тры спосабы, і яны даволі надзейныя.

21.11.2021 / 20:23

Фота: autogear.ru

Спосаб першы. Грашовы перавод


Гэта вельмі проста. На пошце вам дадуць запоўніць бланк на грашовы перавод: каму, ад каго, сума. Калі гэты перавод паступае ў СІЗА, то вязню заўсёды даюць распісацца ў квітку. У гэты час ён бачыць прозвішча адпраўніка — ваша прозвішча — і сэрца яго напаўняецца цяплом.

Сума пераводу рэальна няважная, важны знак увагі, прывецік. Не адпраўляйце шмат — 5, 10 рублёў цалкам дастаткова. У СІЗА не так многа нагодаў патраціць грошы, але яны ёсць. Напрыклад, на падпіску або на пакупку масла для бутэрбродаў у турэмнай краме.

Спосаб другі. Тэлеграма


Яны даходзяць нармальна. Адправіць тэлеграму можна па пошце ці па гарадскім тэлефоне 166. На пошце вам трэба папрасіць бланк для тэлеграм і запоўніць: каму, ад каго і сам тэкст. Паверце, 40-60 словаў даюць добры разгон!

Можна пісаць пра што заўгодна. Напрыклад, пра свае навіны. Можна віншаваць з мілымі святамі. Можна перадаваць прыветы, любоў і захапленне:

Калі адпраўляць з пошты, тэлеграма каштуе каля 1,5 руб. А па тэлефоне 166 даражэй — каля 6,5 руб. Таксама трэба ўлічваць, што тэлеграма ідзе да вязня некалькі дзён.

Спосаб трэці. Бандэроль або дробны пакет

Адпраўляйце лепш дробныя пакеты ці бандэролі! Яны гарантавана даходзяць.

Канечне, паштоўкі ў такім выпадку не падпішаш, яны мусяць быць пустыя — але ж на тое і паштоўка, што карцінка гаворыць лепш за тэкст! А «счытваць» карцінкі вязні добра ўмеюць. Пара паштовак або канвертаў, 50 грамаў арэшкаў або трохі сухафруктаў (не прымаюць толькі ізюм і чарнасліў). Можна пакецікі чаю, рассыпны чай ці каву (але іх трэба перасыпаць з фабрычнай упакоўкі ў звычайны празрысты пакецік).

На «Валадарцы» прымаюць разнастайныя слодычы, цукеркі, шакаладкі.


Можна дасылаць і нешта яшчэ з ежы ці нейкія мілыя дробязі, прадметы гігіены, калі вам здаецца, што яны вязня парадуюць. Але ёсць нюансы: нешта прымаюць, а нешта не. Такія рэчы адпраўляюць на склад і аддаюць пры вызваленні. А калі гэта недазволеныя прадукты, дык проста знішчаюць. Так, прыкладам, у СІЗА прымаюць, мандарыны, лімоны, але не прымаюць хурму, гранаты. І падобнае.


Бандэроль/дробны пакет у СІЗА можна даслаць з любой пошты. Але важна памятаць тры рэчы:

— усю ежу, калі яна ва ўпакоўцы, трэба з упакоўкі перакласці ў звычайныя празрыстыя пакецікі,

— важна, каб цюбікі, бутэлечкі і г.д. (у выпадку прадметаў гігіены) не былі металічнымі,


— у пакет з бандэролькай трэба ўкласці заяву з пералікам таго, што вы перадаяце. Форма заявы тут.

Вязням прынясуць вашу бандэроль і вашу заяву, яны павінны будць распісацца на ёй — і пабачаць ваша прозвішча ды нават выпішуць сабе адрас, каб вас аддзячыць.

Nashaniva.com