«Відаць неба, хоць і ў клетачку». Айцішнік расказаў, як сядзеў у карцары на Валадарцы

Віктар Куўшынаў працуе ў адной з самых паспяховых беларускіх IT-кампаній Panda.Doc. Пасля выбараў заснавальнік кампаніі заявіў, што гатовы дапамагаць з адукацыяй і новай працай сілавікам, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады і пакінулі службу. Рэжым узяў у закладнікі супрацоўнікаў PandaDoc. Пасля сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ фігурантаў з Panda.Doc адпусцілі — усіх, акрамя аднаго. Віктар Куўшынаў амаль год правёў у СІЗА за сваю прынцыповую пазіцыю. У жніўні 2021-га яго адпусцілі без суда. Віктар з сумнай іроніяй распавёў пра сваё знаходжанне ў карцары СІЗА на Валадарскага ў Мінску.

08.12.2021 / 16:59

Віктар Куўшынаў. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

«З верасня 2020-га па жнівень 2021-га мне давялося пажыць у шаснаццаці розных пакоях, — напісаў ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — У некаторых я спыняўся не больш чым на суткі, у іншых жыў тыднямі і месяцамі, а ў адной правёў практычна паўгода. Але асобна ў гэтым шэрагу стаіць пакой, у якім я апынуўся год таму — на пачатку снежня 2020-га. І хаця пасля ўжо ў іншым горадзе (гаворка ідзе пра СІЗА ў Жодзіне, — заўв. НН) мне давялося яшчэ раз пажыць у пакоі такога ж тыпу, першы досвед заўсёды асаблівы. Ды і па атмасфернасці гэты пакой моцна вылучаўся на фоне астатніх».

«Нішто не абцяжарвае побыт»

«Пакой з вельмі цікавы кубатурай і інтэр'ерам: шырыня каля аднаго метра, даўжыня і вышыня пакоя метры па чатыры. Пенал. Бетонна-каменны, надзейны. Яркае белае святло ад лямпы дзённага святла. Маленькае акенца з кратамі пад самай столлю.

Ніводны швед са сваёй IKEA і практычнасцю не змог бы арганізаваць прастору тут лепш. У канцы пакоя на двухступеністым пастаменце размешчаны санвузел. Унітаз, вынаходства савецкай інжынернай думкі, умураваны ў падлогу, утвараючы з ім роўную паверхню. Гэтае рашэнне дазваляе візуальна палегчыць успрыманне прасторы. На метровай вышыні над ім шматфункцыянальны кранік. Гэта і зліў, і месца для мыцця рук і чысткі зубоў, і набору пітной вады, і іншае. All-in-one. Вельмі зручна, бо не трэба нікуды хадзіць.

Спальнае месца ў выглядзе драўлянага шчыта, апраўленага металам, убудаванае ў сцяну. На час няспання, у складзеным становішчы, фіксуецца навясным замком. Акрамя гэтага, паўкрэсла ў выглядзе паўкруга і такога ж памеру столік з металічнай ромбападобнай акантоўкай на прутах прымацаваныя да сцяны. Усё гэта выфарбавана ў цёплы бардовы колер.

Бяспечнае знаходжанне ў гэтым пакоі забяспечваецца камерай назірання на столі і аргшклом, убудаваным для вонкавага назірання ў надзейныя металічныя дзверы. Нішто не абцяжарвае побыт. З асабістых рэчаў — кубак, мыла, ручнік, зубная шчотка з пастай і туалетная папера. Адзенне — удалага крою чорная куртка і штаны. Пасцель — на ноч. Больш нічога».

«У дзень з 16 гадзін я хаджу каля 12»

«Ежа ў гэтым пакоі з'яўляецца не толькі крыніцай пажыўных рэчываў, але і найважнейшай крыніцай цяпла. Па-першае, яна гарачая. Па-другое, арганізм пачынае працаваць і выдзяляе цяпло. Чым больш ясі, тым даўжэй грэе. Таму есці трэба, нават калі і не хочацца. Або ўборка. У зачыненым пакоі з мінімальнай колькасцю рэчаў і падзей смецце генеруецца павольна. Але два разы на дзень, па раскладзе, ты атрымліваеш інвентар для вільготнай уборкі. І гэта заўсёды прыемная падзея, бо дадае разнастайнасці і асэнсаванасці. Вынікам уборкі з'яўляецца не толькі чыстая падлога, але і прыўзняты настрой».

З кожным днём ногі гудуць усё больш. У галаве адлічваю шэсцьдзясят секунд, на пальцах — колькі разоў я праходжу пакой. Дваццаць тры. Дваццаць тры разы на хвіліну або 1380 раз у гадзіну. За вылікам пастамента, даступна прыкладна тры метры. Атрымліваецца 4140 метраў за шэсцьдзясят хвілін. Якім бы прывабным ні было маё бардовае паўкрэсла, сядзець на ім доўга немагчыма. Ды і астываць нельга. Па маіх ацэнках, у дзень з шаснаццаці гадзін няспання я хаджу каля дванаццаці гадзін. Але гэта з улікам прагулкі. А прагулкі я люблю. Даюць цёплы сіні кажух, можна сагрэцца. І, вядома, бачнае неба, хоць і ў клетачку. Часам з крыкам пралятаюць белыя чайкі. Нават пахне морам».

«Мы ўсё яшчэ жывём у цемры, але святло неўзабаве заззяе»

«Увечары ў суседнім пакоі зноў спяваюць. Спяваюць кожны дзень. І ўжо пачынаючы з абеду я чакаю, калі яны пачнуць спяваць. Гэта стала прыемнай штовячэрняй падзеяй».

«Маленькі чорны павук. Павук — гэта добра, гэта значна лепш, чым прусак. Ды і як бы там ні было, а ўдваіх весялей. Але патрэбнае імя. Пеця! Павучок Пеця. Гэта вельмі смешна, ды і яму пасуе. Наогул, мне было рэкамендавана, апроч іншага, сачыць за тым, каб павуціння ў пакоі не было, калі я не хачу працягнуць сваё пражыванне тут. А я не хацеў, і я сачыў. Але гэтая павуціна ў зацішным месцы, яе можна захаваць. Тым больш раней мне не выпадала магчымасці займацца назіраннем і вывучэннем паводзінаў павукоў. А гэта аказалася вельмі займальнай справай».

«Грыміць каляска з посудам. Абед. Значыць, каля гадзіны дня. Цемра дазваляе цалкам сфакусавацца на смакавых якасцях ежы. Meaningful eating. Ем павольна, думаю пра тое, хто і як вырошчваў, збіраў, захоўваў, дастаўляў і, нарэшце, гатаваў. Доўгі і складаны ланцужок. І ўсё гэта для таго, каб я цяпер мог паесці, дзіўна. Капуста смачная, а галоўнае — гарачая.

Хтосьці з суседзяў, дэманструючы эрудыцыю, кажа:

— Мы ўсё яшчэ жывём у цемры, бл**ь, але святло неўзабаве заззяе!

Што ж, паглядзім».

Nashaniva.com