Сёння будзе вынесены прысуд Ціханоўскаму, Статкевічу, Лосіку, Цыгановічу, Сакаву, Папову — галоўнае аб працэсе
14 снежня ў 14.00 на тэрыторыі СІЗА-3 Гомеля абвесцяць прысуд па справе палітыкаў Міколы Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага, блогера Уладзіміра Цыгановіча, супрацоўніка «Свабоды» Ігара Лосіка і ўдзельнікаў каманды Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова. «Радые Свабода» згадвае, як праходзіў гэты судовы працэс і што ў ім застаецца найбольш незразумелым.
14.12.2021 / 08:04
Чаму так доўга і ў закрытым рэжыме?
Суд па справе Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча і іншых абвінавачаных з невялікімі перапынкамі ішоў 173 дні. Следства — больш за год. Супрацоўнік «Свабоды» Ігар Лосік на дзень абвяшчэньня прысуду правядзе за кратамі менш за ўсіх з абвінавачаных — 537 дзён. На гэты момант гэта самы працяглы палітычны працэс у гісторыі Беларусі. Пасля выбараў 2010 года большасць арыштаваных тады апазіцыянераў асудзілі да лета 2011 года, частку з іх вызвалілі ўжо праз некалькі месяцаў пасля выбараў.
Пра тое, што працэс пройдзе на тэрыторыі СІЗА-3 Гомеля і ў закрытым рэжыме, стала вядома яшчэ ў траўні. Родных абвінавачаных не пусцілі ў залу нават перад пачаткам суда, спаслаўшыся на тое, што турма — установа рэжымная. Акрамя абвінавачаных, адвакатаў, суддзі і пракурора, там былі толькі супрацоўнікі дзяржаўных СМІ.
«Гэта мяне абсалютна не здзівіла, — кажа жонка Ігара Дар’я Лосік. — Я разумела, што ўлады будуць максімальна хаваць ход працэсу. Што яны маглі б паказаць? Там няма чаго паказаць. Зганьбіцца перад усімі? Такое сабе. Таму імавернасць такой закрытасці працэсу была вельмі вялікая. Я была абсалютна ў ёй перакананая».
Жонка Ігара Лосіка дзяжурыла ля будынка СІЗА-3 Гомеля ад самага пачатку суда з 24 чэрвеня 2021 года да сярэдзіны лістапада. Яна кажа, што нават не можа палічыць, колькі дзён правяла пад СІЗА, была там на працягу амаль пяці месяцаў чатыры разы на тыдзень (у панядзелкі і ў выхадныя суд прыпынялі, — РС).
Афіцыйных тлумачэнняў, чаму справу разглядалі ў закрытым рэжыме і ў будынку СІЗА-3, не было. Закрытыя працэсы праходзяць у Беларусі рэгулярна, здараліся яны і да 2020 года. Аднак свае рашэнні аб поўным альбо частковым закрыцьці працэсу суддзі, як правіла, стараліся тлумачыць.
Змена суддзі
Ад пачатку працэс вёў суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Бакуноў. Гэта стала вядома праз месяц пасля пачатку працэсу, калі яго подпіс заўважылі пад адным з дакументаў. Імя Бакунова фігуравала ў «палітычных» справах у Гомелі з пачатку дзясятых гадоў, аднак ён быў заўважаны толькі на адміністрацыйных пратэстах, якія заканчваліся для абвінавачаных «суткамі». Пры гэтым часам Бакуноў даваў мінімальныя тэрміны альбо ўвогуле штрафы, як было з гомельскім актывістам Уладзімірам Няпомняшчых.
Змена суддзі на працэсе Лосіка, Ціханоўскага, Статкевіча і іншых абвінавачаных адбылася на пачатку верасня. Справу перадалі Мікалаю Долі. Як і суддзя Бакуноў, Доля раней быў заўважаны на «палітычных» працэсах. У 2011 годзе ён аштрафаваў кіраўніка гомельскай філіі руху «За свабоду» Пятра Кузняцова. Чым была выкліканая замена суддзі, дакладна не вядома. Гэта рэдкая для крымінальных працэсаў з'ява, звычайна суддзя вядзе ўвесь працэс ад пачатку да канца, а ў выпадку хваробы суддзі працэс прыпыняецца.
Чаму Ціханоўскага судзілі разам з Лосікам і Статкевічам?
Па словах жонкі Міколы Статкевіча Марыны Адамовіч, яе муж з усіх сваіх «падзельнікаў» не быў блізка асабіста знаёмы ні з кім. Знаў толькі Сяргея Ціханоўскага, аднак сустракаўся з ім усяго некалькі разоў, пераважна на вулічных акцыях. Тое самае можна сказаць і пра Ігара Лосіка, які сцвярджае, што іншых абвінавачаных пабачыў толькі з пачаткам суда ў СІЗА. Марына Адамовіч кажа, што такое развіцьцё падзей не стала нечаканасцю ні для яе, ні для самога Статкевіча.
«Мы з Міколам ад самага пачатку выбарчай кампаніі 2020 года ўяўлялі, што год не будзе лёгкі, — кажа Марына Адамовіч. — А пра сам працэс мы не думаем. Калі ў краіне беззаконне, калі ў ёй не да законаў, то нічога не дзівіць у гэтым сэнсе. Курс абраны на ўзмацненне ціску. Мабыць, улады сапраўды рыхтуюцца да гандлю. Я не ведаю»
З усіх абвінавачаных больш-менш блізка знаёмыя паміж сабой былі толькі Сяргей Ціханоўскі і Арцём Сакаў з Дзьмітрыем Паповым. Блогер Уладзімер Цыгановіч таксама не меў прамога дачынення да выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай. Усе шасьцёра абвінавачаных былі затрыманыя ў канцы траўня — чэрвені 2020 года, задоўга да выбараў і пачатку масавых пратэстаў. Суды ў большасьці палітвязьняў, арыштаваных у той пэрыяд, даўно скончаныя. Не пачынаўся толькі працэс Эдуарда Бабарыкі, следства па справе якога ідзе дагэтуль.
Адвакатам забаранілі называць нават артыкулы, па якіх абвінавачаныя іх падабаронныя
Ні праваабаронцы, ні родныя ўсіх шасці абвінавачаных не ведаюць, якія абвінавачанні ў выніку выставіў фігурантам справы пракурор. Агульная фармулёўка: арганізацыя масавых пратэстаў, якія адбываліся ў Беларусі ў 2020 годзе. Адвакаты ўсіх шасцярых катэгарычна адмаўляюцца каментаваць ход працэсу, а ў некаторых выпадках нават просяць не афішаваць свой удзел у ім у якасці абаронцаў. Дар’я Лосік дагэтуль не ведае, у чым абвінавачваюць яе мужа — трэці артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім Лосіку прад’явілі абвінавачванні ў сакавіку, застаецца невядомы. Лісты з падрабязнасцямі працэсу ад абвінавачаных на волю не даходзяць. Пабачыць сваіх родных Марына Адамовіч і Дар’я Лосік за ўвесь час следства і суда змаглі толькі аднойчы.
«Самае цяжкае — гэта тое, што ты пазбаўлены магчымасьці бачыць блізкага чалавека, — кажа Марына Адамовіч. — Паўтара года Мікалай за кратамі, я яго за гэты час бачыла толькі адзін раз. І, у прынцыпе, тое, што адбывалася на гэтым судзе, мяне вельмі мала цікавіць. Мяне цікавіць толькі Мікалай, яго стан. Мікалай сам пісаў мне, што яго таксама гэты суд менш за ўсё хвалюе. Бо ў іх не засталося і часткі таго часу, на які яны запланавалі схаваць Міколу і іншых».
Родныя абвінавачаных будуць прысутнічаць на прысудзе
«Мне патэлефанавалі напрыканцы мінулага тыдня, сказалі, што я змагу прысутнічаць, — расказала Дар’я Лосік. — Сказалі, што мець з сабой трэба, якія дакумэнты. Ці я здзіўленая? Калі ўлічыць усе тонкасці, адміністратыўныя і судовыя, то рэзалютыўная частка прысуду заўсёды публічная. Нават калі сам працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Таму не павінна быць нейкага здзіўлення. Але ў нашай сітуацыі, вядома, гэта крыху дзівіць»
Дар’я Лосік кажа, што крыху баялася, што трапіць на прысуд можа перашкодзіць рэжымнасьць аб’екта, дзе праходзіў працэс. Яна даслала ў суды розных інстанцый не адну заяву з просьбай дазволіць ёй пабачыць прысуд для мужа. Вядома таксама, што, акрамя Дар’і Лосік, у залу пасяджэнняў збіраюцца трапіць Марына Адамовіч і маці Сяргея Ціханоўскага.
«Ад прысуду я не чакаю нічога добрага, — кажа Дар’я Лосік. — Калі іх усіх апраўдаюць раптам, то гэта будзе такая казка, што вам не апісаць. Муж намякае ў лістах, што прысуд будзе суровы. Я таксама так лічу. Нічога добрага ад гэтай «сталінскай тройкі», ад так званага суда я не чакаю».
«Так, па адным сваяку ад фігурантаў крымінальнай справы запрасілі на абвяшчэньне прысуду, — пацвердзіла «Свабодзе» жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч. — Хто ад каго будзе, я дакладна не ведаю. Ці будзе сам Мікола на прысудзе, я не ведаю. Пакуль яго не ўбачу, то баюся нешта гаварыць. Кожную раніцу прачынаюся ў жаху, прыслухоўваюся да сябе. Баюся любых выпадковасцяў, якія могуць перашкодзіць нам пабачыцца».