У Мінску ўсё ж закрываюць два ліцэі. Бацькі абураныя, а чыноўнікі разводзяць рукамі: «Вы самі ведаеце гэтую вертыкаль»
На пачатку снежня «Наша Ніва» пісала пра тое, што бацькі і настаўнікі некалькіх сталічных ліцэяў б’юць трывогу: нядаўна ім неафіцыйна абвясцілі, што новых набораў у ліцэі больш не будзе, бо хутка іх закрыюць. Інфармацыя пацвердзілася: Ліцэй № 1 і Ліцэй № 2 у Мінску сапраўды закрываюць.
14.12.2021 / 15:47
Фота: yandex.ru
Ніякіх афіцыйных папер на гэты конт не было, зрэшты, як і афіцыйных каментарыеў з гэтай нагоды ад Міністэрства адукацыі.
Чытайце таксама:
«Знішчаюць найлепшае, што засталося ў адукацыі». Рэпетытар Яўген Лівянт расказаў, што ў Мінску закрываюць ліцэі
13 снежня стала вядома, што Ігар Карпенка больш не міністр адукацыі. Але падобна на тое, што яго намер зачыніць некалькі сталічных ліцэяў чыноўнікі ўсё ж вырашылі рэалізаваць.
З «НН» звязаліся бацькі ліцэістаў і расказалі апошнія навіны па гэтай тэме.
«У панядзелак (13 снежня, — «НН») у нашым Ліцэі №2 прайшла сустрэча бацькоў ліцэістаў з прадстаўнікамі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Адміністрацыі Ленінскага раёна», — кажа маці аднаго з ліцэістаў, якая прысутнічала на той сустрэчы.
Як паведаміла жанчына, ад Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама на сустрэчы была намесніца старшыні Камітэта Ірына Чарняўская, ад Адміністрацыі Ленінскага раёна — начальнік Упраўлення па адукацыі Наталля Кучынская.
«Канкрэтыкі ў іх словах амаль не было, — кажа жанчына. — Асноўная думка, якую яны нам данеслі: план мерапрыемстваў па закрыцці ліцэя распрацаваны, рашэнне прынятае, але афіцыйна не зацверджанае. Сказалі, што 10 клас давучыцца, а новы набіраць не будуць. У будынку гімназіі будзе педкаледж».
Па словах жанчыны, нейкіх аргументаў ці прычын аб неабходнасці закрыцця ліцэя чыноўнікі не прывялі. І ніяк не пракаментавалі мінулыя публікацыі пра закрыццё ліцэя, хоць раней мінадукацыі называла іх фэйкамі.
«Паверце, мы былі настойлівыя і патрабавалі па пунктах пералічыць прычыны прыняцця такога рашэння. Але адказу не было», — адзначае наша суразмоўца і дадае, што Ліцэй №2 па выніках мінулага года стаў найлепшым у раёне.
«Калі мы спыталі, навошта зачыняць найлепшую навучальную ўстанову, пачулі адказ: «Рашэнне ўжо падрыхтаванае», — гаворыць мама ліцэіста. — Мы задавалі пытанне, хто прыняў рашэнне аб закрыцці? Выразнага адказу не атрымалі, але было сказана: «Вы самі ведаеце гэтую вертыкаль»».
Што будзе з навучэнцамі платных курсаў падрыхтоўкі да паступлення, таксама невядома. Куды ім потым паступаць — пытанне адкрытае.
«Дырэктарка расказала, што ўсім на курсах было абвешчана, што набору не будзе. Але справа ў тым, што дзеці на курсы ходзяць… — кажа жанчына. — Карацей, тут наогул нічога незразумела. Самым галоўным сваім мэсэджам чыноўнікі назвалі наступнае: «Вашы дзеці давучацца, настаўнікі не разбягуцца». Ведаеце, па іх адказах было зразумела, што яны сапраўды нічога не вырашаюць.
На той жа сустрэчы, дарэчы, чыноўнікі спрабавалі пераканаць нас у тым, што ў сапраўднасці колькасць выпускнікоў, якія паступаюць у ВНУ, не з’яўляецца паказчыкам паспяховай працы ліцэя».
Па словах нашай суразмоўцы, на тым жа сходзе яны пераканаліся, што закрываюць не толькі Ліцэй №2, але і Ліцэй №1.
Фота: yandex.ru
«Мы маем намер не здавацца і ісці да канца, — зазначыла маці ліцэіста. — Будзем адстойваць наш ліцэй і інтарэсы дзяцей і педагогаў. А як інакш? Некаторыя бацькі нават кватэры мяняюць, каб быць бліжэй да ліцэя, а тут такое… Мы ўжо аднеслі ліст з патрабаваннем разабрацца ў гэтай сітуацыі Наталлі Качанавай, а ў чацвер з пытаннем закрыцця ліцэяў ідзём на прыём у Адміністрацыю прэзідэнта. Плюс да ўсяго, ужо напісалі больш за 400 электронных зваротаў, сабралі каля 200 подпісаў».
«Наша Ніва» будзе сачыць за развіццём падзей.