Станіслаў Шушкевіч: У мяне ёсць аптымізм

Станіслаў Шушкевіч, якому сёння спаўняецца 87 год, адказаў на пытанне «Свабоды», што добрага было ў 2021 годзе.

15.12.2021 / 09:38

— Я ў захапленні ад нашых лекараў, медыкаў. У надзвычай цяжкіх умовах, ва ўмовах пандэміі яны самааддана працуюць. Самому давялося знаходзіцца ў шпіталях, і жонка часта бывала ў паліклініцы. Цэлы дзень медыкі ў масках, у «скафандрах». Такіх адданых сваёй справе людзей цяжка знайсці.

Хоць кавід — бяда агульная. Можна было лепей з ёй змагацца, але кіраўніцтва краіны наогул хацела змагацца трактарам і спортам. У тых умовах, што ёсць, медыкі свята трымаюцца клятвы Гіпакрата. Беларусь можа ганарыцца сваімі лекарамі.

Другое, што радуе: у Беларусі з'явіліся лідары — не бязглуздыя, як нашы галоўныя кіраўнікі, не тыя, што працуюць паводле прынцыпу: «Я начальнік, ты дурань». Адкуль зʼявілася жанчына, якая ведае замежныя мовы, якая прымаецца прэзідэнтамі замежных краін?! Гэта вельмі важна, што такія лідары зʼяўляюцца ў Беларусі — граматныя, разумныя, з абгрунтаванай пазіцыяй, паліталагічнай свядомасцю. Я вельмі захапляюся гэтай жанчынай, яе абаяннем, мужнасцю, розумам.

Радуе тое, што ёсць у нас пісьменнікі, якія займаюцца гістарычнымі праблемамі. Я з імі сябрую, яны дасылаюць мне ў электроннай форме свае новыя кніжкі, творы, даследаванні. Шмат пішуць, добра пішуць, займальна пішуць — чытаць хочацца далей. І дасканала ведаюць гісторыю. Я проста дзіўлюся, што можна падаць гісторыю Беларусі як мастацкі твор! Але вось не магу назваць публічна іх прозвішчы — бо ў іх могуць узнікнуць праблемы.

На жаль, наша дзяржава пабудаваная паводле прынцыпу дзяржаўнага тэрарызму. І Дэкларацыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб дзяржаўным тэрарызме 1987 года гэта ўсё тлумачыць. Цяпер гэта ў нас у самым чыстым выглядзе. Але ж гэта было і ў Савецкім Саюзе — там таксама кіраваў страх. Але тут ён доўга панаваць не будзе, таму што гэта ўжо немагчыма. Калі Amnesty International прызнала палітзняволенымі амаль тысячу беларусаў — то што гэта за дзяржава? Гэта бандыцкая краіна і прымітыўнае кіраўніцтва! Гэта ваяўнічае невуцтва. І гэта пачынаецца ад нашага нелегітымнага кіраўніка.

Улада ў нас захварэла на наркаманію. Улада — гэта для іх наркотык.

Заўважце: амерыканскі кіраўнік можа быць прэзідэнтам 2922 дні. І ні на адзін дзень больш. А ў нас Лукашэнка ўжо ў 3,5 раза больш! А што ён добрага зрабіў? Па асноўных паказчыках у Еўропе Беларусь на апошнім месцы. Гэта доўга працягвацца не можа. Людзі бачаць, як жывуць палякі, як жывуць літоўцы — гэта зусім іншае жыццё. І так доўга ў Беларусі ўжо працягвацца не будзе.

На жаль, я ўжо не магу ўдзельнічаць у тым, што хацеў бы рабіць. Я ўжо пераўзышоў сярэднестатыстычны ўзрост беларуса — мне 87.

У мяне ёсць запрашэнні ў Гарвард, у Ельскі ўніверсітэт, у Кембрыдж, у Оксфард — з лекцыямі ў гібрыднай форме, з паездкамі. Я не змог паляцець у Вену — дрэнна адчуваў сябе.

Але ў мяне ёсць аптымізм. Я перакананы, што нам наканавана лёсам: наша моладзь павінна жыць у нармальнай, светлай, дастойнай, дэмакратычнай Беларусі. Яна, мне здаецца, гэтага заслугоўвае. І ідзе гэтым шляхам.

«Петрышэнка пень. Севярынец ідзе на горку. А пра масонства нічога не скажу». Вялікая гутарка з Шушкевічам перад яго 85-годдзем

Чытайце таксама:

Святлана Алексіевіч расказала, што пабачыла добрага ў 2021-м

Журналіст Андрэй Аляксандраў з СІЗА: Я не расчараваўся ў ніводным чалавеку

Nashaniva.com