Ад фізрука да кіраўніка. Пяць фактаў пра новага міністра гандлю і антыманапольнага рэгулявання
Аляксей Багданаў, якога сёння прызначылі міністрам гандлю і антыманапольнага рэгулявання, прайшоў шлях ад трэнера па каратэ да чыноўніка. Расказваем, што пра яго вядома.
21.12.2021 / 15:18
Майстар спорту па каратэ
Багданаву 48 год, ён мінчук. Першую адукацыю атрымаў ва Універсітэце фізкультуры.
Доўгі час яго жыццё было звязанае са спортам. Пяць год пасля «вышкі» мужчына працаваў трэнерам у Беларускай федэрацыі традыцыйнага каратэ-до. Ён майстар спорту міжнароднага класу.
Потым выкладаў на спартыўных кафедрах ва Універсітэце фізкультуры і ў прыватным Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце. У апошнім ён паралельна вывучаў правазнаўства.
Працаваў у сельскай гаспадарцы
У 2008 годзе Багданава занесла ў сельскую гаспадарку. На агракамбінаце «Дзяржынскі» ён пачынаў начальнікам аддзела знешнешнеэканамічнай дзейнасці і дарос да намесніка генеральнага дырэктара па перапрацоўцы і гандлю.
Пасля перайшоў у «Мяса-малочную кампанію». Год займаў там крэсла намесніка гендырэктара.
У Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Багданаў трапіў у 2014 годзе. Працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці. Намеснікам міністра ён пабыў крыху больш за паўгода (на гэтую пасаду яго прызначылі ў красавіку).
Як і большасць чыноўнікаў, атрымаў дадаткова два дыпломы ў Акадэміі кіравання. Багданаў вывучаў там міжнародныя адносіны і сусветную эканоміку.
Жонка — трэнерка па каратэ
Чыноўнік жанаты, выхоўвае траіх дзяцей. Жонка Вікторыя таксама вучылася ў фізкультурным, працуе трэнеркай па каратэ. Разам пара 19 год.
Сам Багданаў спорт, дарэчы, не кінуў. Пару тыдняў таму зноў узначаліў федэрацыю каратэ.
Член «Белай Русі»
Ён член праўладнай «Белай Русі», актыўна ўдзельнічае ў іх мерапрыемствах.
У Фэйсбуку дзяржслужачы ў асноўным публікуе фота з працоўных паездак. Часам адказвае на крытыку. Нядаўна ў каментарыях яму скардзіліся, што падаражэла мяса.
«Канечне. Усё ж падаражэла, што ўплывае на сабекошт вытворчасці. Але на ўнутраным рынку цэны яшчэ трымаем. На экспарт даражэй!» — адказаў ён.
Скрыншот з Фэйсбука.
Адмаўляў уплыў санкцый
На пасту намесніка міністра Багданаў выказваўся наконт еўрапейскіх санкцый.
«Беларусь дыверсіфікала свой знешнегандлёвы пакет такім чынам, каб немагчыма было нейкай краіне супраць нас нешта зрабіць. І ніякія санкцыі на нас не паўплываюць», — заяўляў ён.
На новай пасадзе чыноўніку даручылі «падвешваць» цэны. На нарадзе Лукашэнка сказаў яму, што людзі ў нас небагатыя, таму трэба выкарыстоўваць антыманапольныя рычагі, каб трымаць цэны ў прымальным дыяпазоне.