Правілы прыёму ў ліцэі змянілі. Ліцэй БДУ страціў «прывілеі»

Dev.by знайшоў пастанову Мінадукацыі ад 9 лістапада 2021 года № 243, якая змяняе правілы прыёму ў ліцэі. Яна была апублікаваная 7 снежня, набыла моц на наступны дзень, але засталася незаўважанай.

30.12.2021 / 09:17

Цяпер іспыты ва ўсе ліцэі будуць праходзіць у аднолькавыя тэрміны — з 16 чэрвеня па 1 ліпеня.

Раней іх праводзілі з 16 да 21 чэрвеня, а Ліцэй БДУ мог праводзіць іспыты раней, з 10 да 31 мая.

Праводзіць выпрабаванні будуць толькі ў пісьмовай форме. Раней дапускалася вусная, а таксама спалучэнне вуснай і практычнай формаў.

Нормы для ацэнкі будзе распрацоўваць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ). Раней іх рыхтавалі аддзелы адукацыі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а для Ліцэя БДУ — сам БДУ.

Прыёмная камісія павінна будзе адсканаваць экзаменацыйныя работы і перадаць іх у РІКВ на захоўванне ў дзень правядзення іспыту, да таго, як прыступіць да праверкі.

Залічаныя могуць быць толькі тыя, хто атрымае станоўчыя адзнакі — ад 6 і вышэй. Раней гэта не рэгулявалі.

У ліцэі змогуць арганізаваць дадатковы прыём 11-17 жніўня.

Nashaniva.com