Нічога не скончылася. Беларускі гісторык расказаў пра сваё захапляльнае падарожжа ў Татарстан
Татарстан стаў часткай Расіі ў XVI стагоддзі, за Іванам Жахлівым. Сёння татары — востраў у расійскім моры. Аднак прыклад 500гадовага адстойвання свайго «я» натхняе, піша беларускі гісторык, які пабываў там. Падарожжа мела месца некаторы час назад, яшчэ да таго, як увагу да Татарстана прыцягнуў серыял «Слова пацана».
27.01.2024 / 19:11
Від на Казанскі крэмль уначы. AP Photo/Denis Tyrin
Пакуль увесь дасяжны свет для беларусаў сціснуўся да некалькіх краін, мае сэнс узгадаць, што дзяржава за ўсходняй мяжой не зводзіцца да маскоўскай Краснай плошчы і піцерскіх мастоў — яе гіганцкія тэрыторыі насяляюць дзясяткі народаў.
Татарстан сваю дзяржаўную традыцыю вядзе ад волжскіх булгараў, якія прыйшлі сюды ў X стагоддзі і сталі палітычным цэнтрам нароўні з Кіевам (нават прыязджалі ў Кіеў з прапановай прыняць ад іх іслам). У XIII стагоддзі Волжскую Булгарыю заваявалі мангола-татары і ўключылі яе ў склад Улуса Джучы (Залатой Арды).
З тых часоў тутэйшыя татары ўпарта захоўваюць вернасць ісламу (і нават апякуюцца мусульманамі ў іншых краінах, у тым ліку беларускімі). Захавалі татары і сваю мову: сёння ў свеце колькасць носьбітаў татарскай — каля 7 мільёнаў, у Расіі па- татарску гавораць каля 4,5 мільёна татар.
Татарстан — рэспубліка ў еўрапейскай частцы Расіі, на сутоках Волгі і Камы. Яе плошча 68 тыс. км2 (утрая меншая за Беларусь). Насельніцтва: 3,9 млн чалавек. Татараў каля 54%, іх доля расце, у 1989 годзе іх было 49%. У Татарстане разведана 127 радовішчаў нафты і 112 пакладаў вугалю.
Тут пачыналася імперыя
Татарстан быў уключаны ў склад расійскай дзяржавы досыць рана, падчас заваёўніцкай кампаніі Івана Жахлівага, калі ў 1552 годзе маскоўскія войскі з пятай спробы здолелі ўзяць штурмам сталіцу Казанскага ханства. З узяццем Казані Маскоўская дзяржава ператвараецца са збіральніка рускіх земляў у дзяржаву з імперскімі амбіцыямі.
Таму зразумела, чаму Казань стала такім важным горадам для расійскай ідэалогіі. Гэта ў гонар заваявання ханства быў пабудаваны храм Васіля Блажэннага на Краснай плошчы. Тады ж да рэгалій рускіх цароў дадалася Казанская шапка, вырабленая ювелірамі скоранай дзяржавы.
Яшчэ адзін важны гістарычны атрыбут Казані — абраз Казанскай Божай Маці, якая пасля пажару ў горадзе ў 1579 годзе аб’явілася дзяўчынцы Матроне. На месцы з’яўлення цудатворнага абраза Іван Жахлівы загадаў пабудаваць Багародзіцкі манастыр. З абраза адразу ж сталі рабіць копіі-спісы.
Знакамітую Казанскую шапку для расійскіх цароў вырабілі ювеліры захопленай дзяржавы. Фота Wikimedia Commons
Адзін з такіх спісаў неслі салдаты, што ўзяліся адваёўваць Маскву ў беларуска-польскалітоўскіх войскаў у пачатку XVI стагоддзя падчас эпапеі з Ілжэдзмітрыямі, — і з таго часу яна стала агульнарасійскім сімвалам. У ХІХ стагоддзі, пасля ўключэння беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі, тут таксама пашырылася ўшанаванне Казанскай Божай Маці. У Мінску ў неарускім стылі (яшчэ адзін з інструментаў культурнага імперыялізму) была пабудавана Казанская царква непадалёк ад чыгуначнага вакзала.
Казанская царква ў Мінску была пабудавана ў 1903 годзе і знесена ў 1936-м. Яна стаяла там, дзе скрыжоўваюцца вуліцы Савецкая, Бабруйская і Мяснікова. Фота Minsk-Old-New.com
Лёс самой іконы быў незайздросным: у 1913 годзе яе скралі з манастыра з-за найкаштоўнейшых шатаў, а саму ікону спалілі. Цяпер у Нацыянальным музеі Татарстана можна ўбачыць той аклад, у якім была ікона перад крадзяжом, а спісы абраза можна знайсці практычна ў любым храме Рускай праваслаўнай царквы — а значыць, і практычна ў кожнай праваслаўнай царкве на тэрыторыі Беларусі.
Багатая Казань
Татарстан — адзін з самых багатых рэгіёнаў Расіі. Аснова багацця — гэта прыродныя рэсурсы, у першую чаргу нафта. Аднак радуе, што добры кавалак гэтых лёгкіх грошай пайшоў і на культурніцкія мэты: гістарычны цэнтр сталіцы, Казані, дагледжаны, таксама хапіла сродкаў, каб іншыя старажытныя гарады, Свіяжск і Булгар, набылі годны выгляд і трапілі ў спіс ЮНЕСКА.
У самой Казані ў спіс ЮНЕСКА ўнесены Казанскі Крэмль. Гэта сэрца горада, адкуль трэба распачынаць свой шлях. Ён літаральна дыхае гісторыяй: менавіта тут знаходзіўся ханскі палац, а некаторыя яго падмуркі яшчэ можна ўбачыць закансерваванымі пасля даследаванняў археолагаў. Напамінам пра часы ханства з’яўляецца нахіленая вежа, якую народная традыцыя атаясамлівае з апошняй казанскай царыцай Сююмбіке, да якой сватаўся цар Іван Васільевіч, але царыца аддала перавагу смерці і скочыла з вежы. Таму, маўляў, яна і нахіленая: у той бок, куды скокнула царыца. Праўда, скептычныя гісторыкі сцвярджаюць, што вежа была пабудаваная значна пазней, ужо ў расійскія часы, але ж мы гэтым рэвізіяністам верыць не будзем!
Усё ж рускія значна ўмацавалі і перабудавалі Крэмль. І, канечне, паставілі тут праваслаўныя храмы.
Грошай хапае, таму праца па перафарматаванні Казанскага Крамля не спыняецца, прытым не заўсёды яна пазітыўная. Так, у багаты археалагічнагістарычны комплекс, занесены ў спіс ЮНЕСКА, ужо ў 1995—2005 гадах усунулі гіганцкую сучасную мячэць Кул Шарыф. Мячэць знарок была названа ў гонар апошняга казанскага сеіда (нашчадка прарока Мухамеда), які загінуў падчас маскоўскага штурму: гістарычная справядлівасць быццам бы адноўленая. Праўда, гісторыкі ведаюць толькі тое, што пры ханскім палацы была мячэць, але не ведаюць, як яна выглядала. І ўжо бясспрэчна, што яна не была такіх памераў.
Паводле легенды, з гэтай вежы скочыла царыца Сююмбіке, каб не ісці за Івана Жахлівага. Фота аўтара
Сучасны Кул Шарыф зроблены з прэтэнзіяй на самую вялікую мячэць у Еўропе: нафтадолары і не такое могуць. Выпадкова мне пашчасціла зазірнуць у мячэць у малітоўны час, калі звычайных наведвальнікаў не пускаюць. Гіганцкая зала для малітваў была пустой. Так што гэтая мячэць — хутчэй сімвал палітычных амбіцый Татарстана. Нездарма побач колішняя рэзідэнцыя казанскіх губернатараў пераўтварылася ў Прэзідэнцкі палац.
DEPOSITPHOTOS.COM, BY YULENOCHEKK
Іслам у Татарстане
За часы каланізацыі сюды прыбыло шмат рускіх. Цяпер іслам і праваслаўе тут амаль у роўным становішчы: паўсюль ёсць і цэрквы, і мячэці. Але іслам карыстаецца прыярытэтнай падтрымкай мясцовых уладаў.
Знешне падаецца, што мясцовыя мусульмане не надта рэлігійныя: намазы мала хто наведвае, алкаголь тут ужываюць практычна ўсе. Але разам з тым існуе і пагроза фундаменталізму: мясцовая мусульманская моладзь часцяком адпраўляецца ваяваць да талібаў ці ў якую Сірыю.
Так выглядае мячэць Кул Шарыф усярэдзіне. Фота аўтара
Яшчэ адзін з важных сімвалічных праектаў на тэрыторыі Казанскага Крамля — Музей татарскай дзяржаўнасці. Гэтая самая дзяржаўнасць выводзіцца ажно ад таямнічага качавога народа хуну, які на пачатку нашай эры так затэрарызаваў кітайцаў, што тыя змушаныя былі пабудаваць Вялікую сцяну.
Далей місію па тэроры навакольных народаў перанялі гуны на чале з Атылам, якія ўжо пакаціліся на захад (і, відаць, нясуць адказнасць за некалькі спаленых гарадзішчаў таго часу на беларускай тэрыторыі). Далей паўстала гандлёвая імперыя Волжскай Булгарыі, якую знішчылі ўжо ўсім вядомыя манголататарскія орды. І, нарэшце, нашчадкі ўсіх гэтых слаўных цюркскіх продкаў — сучасны Татарстан. Так і хочацца ўскочыць на каня — і па здабычу!
У 1997 годзе падчас раскопак на Казанскім Крамлі знайшлі чэшскую свінцовую манету з надпісамі: «Вацлаў князь» і «Горад Прага». 1000-гадовая манета ў адпаведным культурным слоі дала магчымасць адсвяткаваць і 1000-годдзе Казані.
У музеі шмат сучасных тэхналогій, а сапраўдных артэфактаў мала. Але можна ўбачыць сярод іх і чэшскую манету, знаходка якой дала магчымасць гаварыць пра 1000-гадовае існаванне Казані.
На наведванне Крамля можна адвесці і цэлы дзень, бо тут яшчэ Нацыянальная галерэя з татарскімі мастакамі ХХ стагоддзя (асабліва раю Мікалая Фешына) і нядаўна адкрыты філіял Эрмітажа — ёсць чым заняцца!
Мікалай Фешын. Партрэт Веры Адарацкай. 1914 год. WIKIMEDIA COMMONS
Літаральна насупраць у вельмі прыгожым будынку старых гандлёвых радоў месціцца Нацыянальны музей Татарстана. Я ўжо думаў, што і тут адбабахаюць нешта ультрасучаснае ды даражэзнае, ажно не — традыцыйны музей з усімі перавагамі і недахопамі такой мадэлі. Археалогія (асабліва палеаліт і неаліт) прадстаўленыя зусім сумна, але пазітыўна здзівілі знаходкі з Волжскай Булгарыі як развітой гандлёвай дзяржавы, куды гандлёвыя шляхі вялі вікінгаў і праз нашыя землі.
Напрыклад, сярод знаходак у Булгарыі — франкскія мячы з кляймом Ульфбрэхта, шчодра раскіданыя па нарманскіх шляхах: такі ж меч знайшлі і ў Полацку. Проста добры класічны музей, дзе адсутнічае шалёная гларыфікацыя слаўнага цюркскага мінулага.
Першы прэзідэнт Татарстана Мінцімер Шайміеў і дзяржсакратарка ЗША Хілары Клітан. 2009 год. ФОТА МАКСІМА БАГАДВІДА / РИА НОВОСТИ
Муса Джаліль
На плошчы насупраць Крамля варта звярнуць увагу і на помнік чалавеку, які вырываецца з калючага дроту, — гэта паэт Муса Джаліль.
Каб даведацца пра яго лёс, лепш наведаць адмысловы музейчык, створаны ў невялічкай кватэры, дзе паэт паспеў пажыць зусім кароткі час. Трагічны лёс гэтага творцы, які спачатку зрабіў хуткую і правільную кар’еру паэта-камуніста. Але распачалася вайна, Джаліль пайшоў палітруком на фронт, трапіў у палон — і адтуль у волжскататарскі добраахвотніцкі легіён вермахта. Афіцыйна ён там пісаў оды Гітлеру (параўноўваў яго з Атылам, гунскіх продкаў не забывайма) і займаўся вярбоўкай новых чальцоў, але папраўдзе — вёў падпольную дзейнасць, за што быў арыштаваны і ўрэшце расстраляны. З вязніцы Джаліль здолеў перадаць два сшытачкі вершаў, якія пасля вайны былі апублікаваныя пры падтрымцы пісьменніка Канстанціна Сіманава.
Помнік Мусе Джалілю. DEPOSITPHOTOS.COM, BY FAT_BIRD
Рэабілітацыя Джаліля цягнулася доўга, але ў 1956 годзе яму далі залатую зорку Героя Савецкага Саюза, пасмяротную Ленінскую прэмію і нават стварылі оперу «Муса Джаліль», якая і цяпер ідзе на сцэне мясцовага опернага тэатра. Музей жа зроблены ў кватэры-камуналцы, дзе паэт паспеў атрымаць для сям'і два пакоі ў 1940 годзе. Жонка зберагла многія ягоныя прыватныя рэчы, якія сталі тут асновай экспазіцыі.
Сярод старых сядзібаў Казані можна знайсці дом Яўгена Баратынскага. Гэты паўзабыты паэт пушкінскага часу, тыповы рамантык, нават памёр стылёва: у Неапалі, адрынуты сацыяльна арыентаванай расійскай крытыкай. Вядома, што Аляксандр Пушкін наведваў Казань, калі вывучаў пугачоўскі бунт, і ў тым ліку дом Баратынскага (тут вам пакажуць бюро, за якім быццам бы расійскі класік працаваў у Казані). Але гэта іншая сядзіба, яе род Баратынскіх набыў толькі ў 1860-я гады, і нашчадкі верна перахоўвалі памяткі па сваім славутым продку. Праўнука паэта расстралялі бальшавікі, а дом тым часам канфіскавалі на грамадскія патрэбы. Добра, што цяпер у ім створаны музей.
Старататарская слабада ў Казані. Фота аўтара
Са старой забудовы экскурсаводы любяць паказваць дом, дзе жыла сям’я Ульянавых, якая пераехала ў Казань у 1887 годзе, бо сярэдні сын Валодзя паступіў на першы курс юрыдычнага факультэта мясцовага ўніверсітэта — і яму безумоўна была неабходная сямейная падтрымка.
Менавіта тут распачалася рэвалюцыйная дзейнасць будучага правадыра сусветнага пралетарыяту. Падчас бурнай студэнцкай сходкі, калі студэнты ўніверсітэта захапілі галоўную аўдыторыю ды прымусілі рэктара прыняць петыцыю, Валодзя Ульянаў адзначыўся сваёй актыўнасцю — і адразу ж вылецеў з універсітэта: гэта ж рэакцыйныя часы, не дэмакратычныя. Дом, які наймалі для жылля, у савецкія часы збераглі — і цяпер ён складае частку цэлай плеяды мемарыяльных ленінскіх музеяў Паволжа, з якімі невядома што рабіць: і не зачыніш, і нічога цікавага не зробіш.
У Старататарскай слабадзе стаяць мячэці, узведзеныя ў часы Кацярыны ІІ. Пабудаваныя яны ў моднай на той час стылістыцы класіцызму. Захаваліся і многія традыцыйныя дамы багатых татараў, прыгожа аздобленыя драўлянай разьбой. Зараз гэты раёнчык вельмі акуратна прылізалі (нафтадолары!) і пераўтварылі ў турыстычны атракцыён. Сюды можна прыходзіць па чаканую экзотыку, але аўтэнтыка татарскіх пасёлкаў тут практычна знікла. Міла, прыгожа, сувенірна.
Наш зямляк і ў маладосці філамат Восіп Кавалеўскі быў рэктарам Казанскага ўніверсітэта. WIKIMEDIA COMMONS
Казанскі ўніверсітэт
быў заснаваны ў 1804 годзе.
Сярод яго выкладчыкаў у ХІХ стагоддзі было шмат выхадцаў з Заходняга краю, якія ўцякалі ад палітычнага пераследу. Напэўна, самым вядомым з гэтай кагорты стаў Восіп Кавалеўскі (на фота вышэй): яго адправілі ў выгнанне ў Казань за ўдзел у Таварыстве філаматаў.
Але гэта стала пачаткам бліскучай кар’еры для заснавальніка манголазнаўства ў Расійскай імперыі (ды, можа, і ва ўсім свеце).
Былы філамат некаторы час нават быў рэктарам Казанскага ўніверсітэта. Манголы і цяпер шануюць Кавалеўскага, а музей у Вялікай Бераставіцы, адкуль родам Кавалеўскі, закідалі падарункамі.
Будынак загса ў Казані стылізаваны пад кацёл для плову — казан. DEPOSITPHOTOS.COM, BY ANTONOFFOTO.MAIL.RU
З-пад Казані паходзіў мастак Канстанцін Васільеў — зусім нефарматны для савецкіх 1970-х. Ён загадкава загінуў у 1976 годзе, а ў 1990-х стаў папулярным сярод нацыянал-камуністаў, неапаганцаў, скінхэдаў. У Казані ёсць яго музей. На фота — работа «Валькірыя над загінулым воінам». PINTERES.RU
Татары і татарская мова
Татары — найбуйнейшы народ Расійскай Федэрацыі пасля рускіх. Агульная іх колькасць па выніках апошняга агульнадзяржаўнага перапісу 2010 года складала больш за 5 300 000 чалавек. Але гэты народ — неаднародны, ён падзяляецца на тры асноўныя этнатэрытарыяльныя групы: волга-ўральскія, астраханскія і сібірскія татары. Часам гэтыя групы могуць разглядацца і як асобныя народы.
Волга-ўральская група, татары з якой жывуць у Татарстане, — найбуйнейшая, усіх іх каля 4 млн чалавек. Але ў Татарстане з іх жыве толькі палова. Яшчэ каля мільёна — у суседнім Башкартастане, астатнія ж рассеяныя па розных паволжскіх і ўральскіх абласцях і рэспубліках (Чалябінская, Арэнбургская, Свярдлоўская, Ульянаўская, Самарская, Пензенская, Саратаўская, Ніжагародская, Кіраўская вобласці, Пермскі край, рэспублікі Удмурція, Мардовія, Марый Эл, Чувашыя). Вялікая татарская дыяспара здаўна існуе ў Маскве.
Паводле веравызнання большасць татараў — мусульмане-суніты, але ёсць і невялікая група (на сёння каля 35 тысяч чалавек) праваслаўных хрысціян, якія завуцца кра́шчэнамі (хрышчанымі). Частка крашчэнаў схільная да таго, каб лічыць сябе народам, асобным ад татараў.
Надпіс у метро ў Казані. WIKIMEDIA COMMONS
Татарская літаратурная мова — адзіная для ўсіх татараў (апрача крымскіх, якія ўвогуле іншы народ), хоць размоўная падзяляецца на шматлікія дыялекты і гаворкі. Асноўных дыялектаў тры: мішарскі (заходні), казанскі (цэнтральны) і сібірскі (усходні). У аснову літаратурнай мовы пакладзены казанскі дыялект.
Татарская мова добра развітая і мае найбагацейшую літаратурную традыцыю сярод моў усіх іншых народаў Расіі. Самы ранні выяўлены пісьмовы помнік на ёй датуецца ХІІІ стагоддзем. Першапачаткова татарская пісьменнасць існавала на аснове арабскага алфавіта, у 1927—1939 гадах была спроба пераводу татарскай мовы на лацінку, з 1939- га выкарыстоўваецца кірыліца.
У 1999 годзе ў Татарстане быў прыняты смелы закон аб пераводзе татарскай мовы на лацінскую графіку, але ў 2004 годзе ён быў адменены Масквой.
Цяпер, ва ўмовах нарастання ва ўсёй Расійскай Федэрацыі ўніфікацыйных і русіфікацыйных тэндэнцый, амаль усе нацыянальныя мовы перажываюць няпростыя часы, абмяжоўваецца іх вывучэнне ў школах. Татарская — не выключэнне. Асабліва складанае яе становішча ў тых расійскіх рэгіёнах, дзе татары з’яўляюцца нацыянальнай меншасцю. У Татарстане становішча лепшае, бо і само кіраўніцтва рэспублікі не адмаўляе важнасці ведання нацыянальнай мовы. Сам кіраўнік Татарстана Рустам Мініханаў у 2017 годзе, выступаючы па-татарску не перад гуманітарнай інтэлігенцыяй, а на форуме татарскіх прадпрымальнікаў, казаў так:
«Ёсць праблемы глабалізацыі, колькі цяпер моў знікае! Нават тут, калі мы не будзем выкарыстоўваць татарскую мову, калі мы не будзем дома размаўляць па-татарску, то каму яна будзе патрэбная?
Толькі 30 працэнтаў татараў жывуць у Татарстане, астатнія — за межамі рэспублікі. Калі такія людзі, як вы, не скажуць, што трэба захаваць нацыю, мову, то яны знікнуць. Чаму татары, якія жывуць у Кітаі, захавалі сваю мову, а мы ў Татарстане не можам?
У мяне ёсць прапанова на будучыню: паціхеньку, правільна ці з памылкамі, але выступаць трэба па-татарску. Тут няма нічога ганебнага — ну сказаў няправільна, 10 разоў няправільна, на 11-ы раз будзе правільна.
Шмат ходзіць размоў: трэба мова, не трэба. Ну як не трэба? Калі ты ўмееш па-татарску, зможаш з узбекам, казахам, кыргызам, туркам, уйгурам мець зносіны. Была такая сітуацыя, калі мы сустракаліся з некалькімі кітайскімі губернатарамі, а перакладчыка не было. А там быў уйгур-губернатар, і мы спакойна размаўлялі: ён на ўйгурскай, а я на татарскай. Усе на нас глядзелі.
Калі ты татарскую ведаеш, то ты за тры месяцы турэцкую мову можаш вывучыць! Хіба гэта кепска? Ніколі не варта казаць, што мне гэта не трэба. Можа, гэта некалі табе ці жыццё выратуе, ці бізнэс».
Рустэм Мініханаў (у сінім гарнітуры) і, злева ад яго экс-прэзідэнт Татарстана Менцімер Шайміеў на рэлігійнай цырымоніі. Фота з Islamnews.ru
Прэзідэнт Шайміеў і яго сыны
Татарстан доўгі час быў апошняй з расійскіх нацыянальных рэспублік, дзе пасада кіраўніка называлася прэзідэнт.
10 гадоў таму такіх рэспублік была большасць, але ў канцы 2010 года быў прыняты федэральны закон, які забараняў кіраўнікам рэгіёнаў быць прэзідэнтамі. Да 1 студзеня 2015 года яны мусілі абраць для гэтай пасады іншую назву.
Усе рэспублікі загаду з Масквы падпарадкаваліся, а Татарстан — не, спасылаючыся на тое, што такая пастаноўка пытання супярэчыць ранейшым дамоўленасцям рэспублікі з федэральным цэнтрам. Здалася Казань толькі ў 2023 годзе. Цяпер на чале Татарстана стаіць кіраўнік, або раіс.
Падобная сітуацыя — тыповая для ўзаемаадносін Масквы і Казані ў апошнія 30 гадоў.
Моцныя татарскія рэгіянальныя эліты на чале з былым кіраўніком яшчэ Татарскай АССР Мінцімерам Шайміевым, які стаў першым прэзідэнтам Рэспублікі Татарстан, адразу пасля распаду СССР здолелі здабыць для сябе ў складзе Расіі асаблівы статус і фактычна захавалі яго ў наступныя дзесяцігоддзі.
Масква, вядома, не надта задаволеная празмернай самастойнасцю татараў, і паступова душыць іх.
Уладзімір Пуцін стукаецца бакалам з 86-гадовым экс-прэзідэнтам Татарстана Мінцімерам Шайміевым. Масква, Крэмль, 2023 год. Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Дарэчы, сыны камуніста Шайміева Радзік і Айрат сталі прадпрымальнікамі. Цяпер яны мільярдэры.
Свіяжск: горад-востраў
Ёсць цікавае і па-за сталіцай. За 30 кіламетраў ад Казані, на іншым беразе Волгі, войскі Івана Жахлівага за 4 тыдні паставілі крэпасць, каб быў нейкі аплот для штурму: Казань для экспансіўнага Маскоўскага царства доўгі час стаяла косткай у горле.
Расійская крэпасць заканамерна стала і цэнтрам хрысціянізацыі заваяванага мусульманскага краю: пскоўскія дойліды пабудавалі тут Успенскі манастыр — вельмі багаты і ўплывовы духоўны цэнтр, у XVIII стагоддзі перабудаваны ўжо ў моднай стылістыцы ўкраінскага барока.
Горад Свіяжск стаў востравам у выніку будаўніцтва ГЭС. TONKOSTI.RU
Сёння гэта адзін з самых папулярных кірункаў для аднадзённага падарожжа з Казані, асабліва ўлетку, калі туды ходзіць турыстычны параходзік, праўда, вельмі марудны. У спіс ЮНЕСКА ён трапіў за фрэскавыя роспісы з часоў Барыса Гадунова, што па расійскіх мерках — рэдкасць. Захаваліся два поўныя цыклы: «Выгнанне з раю» і «Жыццё Багародзіцы», аўтары невядомыя, але якасць выканання — досыць прымітыўная.
Такога ўзроўню фрэсак па Расіі адшукаць можна шмат дзе, хай сабе і не часоў Барыса Гадунова. Але мы памятаем, што вырашае ўсе праблемы, а з рэсурсамі ў Татарстана пакуль усё добра.
Мясцовы музей абавязкова варта наведаць, каб зразумець усю складанасць гісторыі Свіяжска. Бо гавораць пра рамантычнае: імгненнае будаўніцтва крэпасці перад рашучым штурмам Казані, духоўнамісіянерскі цэнтр, унікальныя фрэскі… Але звычайна маўчаць пра тое, як за саветамі тут тэрорам вычышчалі рэлігійнасць. У манастырскіх сценах зрабілі турму НКВД і псіхіятрычны шпіталь, а будаўніцтва Куйбышаўскай ГЭС стала катастрофай для горада: сухапутны шлях да цывілізацыі быў надоўга страчаны, а 70% забудовы знішчана.
Свіяжск трапіў у спіс ЮНЕСКА за фрэскавыя роспісы з часоў Барыса Гадунова. KAZANREPORTER.RU
І толькі нядаўна велізарнымі намаганнямі Свіяжск (ужо не горад, а паселішча з парай сотняў жыхароў) быў адноўлены. Цяпер гэта — мілы астравок, пад завязку напоўнены турыстамі. Але паспрабуйце ўявіць, якім тут было жыццё ў канцы 1980 -х, калі працавалі толькі турма і псіхіятрычная бальніца.
Від з мінарэта Саборнай мячэці Булгара на Волгу. Фота аўтара
Вялікі Булгар
Яшчэ адна мясціна са спісу ЮНЕСКА ў Татарстане — Вялікі Булгар (сучасная назва — Бо́лгар). Калісьці гэта была сталіца багатай дзяржавы волжскіх балгараў, а пазней — першая сталіца Залатой Арды. Ад качэўнікаў, як вядома, апроч скарбаў з нарабаваных багаццяў звычайна мала што застаецца: шукай пылу на раздарожжы. Але тут унікальны выпадак, бо з XIII—XIV стагоддзяў захаваліся руіны саборнай мячэці з мінарэтам, які дастаяў да 1841 года (!), фундаменты ханскага палаца, некалькі маўзалеяў (адзін з іх рамантычна названы ханскай пахавальняй) ды загадкавая «Чорная палата», сцены якой пачарнелі, бо мясцовыя жыхары прыстасавалі будынак пад вяндлярню.
Сцены «Чорнай палаты» сталі такія, бо пасля падзення Казанскага ханства мясцовыя жыхары прыстасавалі будынак пад вяндлярню. Фота аўтара
Гэтыя руіны ўжо ў ХVIII стагоддзі пачалі цікавіць падарожнікаў, іх сталі даглядаць і захоўваць. З 1938 года Булгар даследуюць археолагі, большая частка знаходак тут жа экспануецца ў вельмі якасна зробленым Музеі булгарскай цывілізацыі. Не абышлося і без тыповай для Татарстана гігантаманіі: у спецыяльна пабудаваным мемарыяле можна ўбачыць самы вялікі ў свеце друкаваны Каран, аздоблены максімальна пабагатаму.
Фантастычнае месца, вартае пераадольвання складанасцяў, каб да яго дабрацца. Бо аўтобус сюды ходзіць раз на тыдзень, ды і хуткасныя параходы плаваюць са шматлікімі абмежаваннямі і толькі ў летнія месяцы — усе добра памятаюць катастрофу парахода «Булгарыя» ў 2011-м, калі ў Волзе патанула больш за сотню чалавек.
Самы вялікі друкаваны Каран у свеце захоўваецца ў Булгары. URAL.TATAR
Шышкінская Елабуга
Яшчэ адзін з папулярных турыстычных гарадоў Татарстана. Распачынаць візіт туды варта з наведвання Чортавага гарадзішча, дзе знойдзена знакамітае паселішча фіна-вугорскай (так званай ананьеўскай) культуры. Пазней гарадзішча перанялі волжскія булгары, якім прыпісваюць будаўніцтва круглай вежы — так і незразумела, ці то проста абарончая вежа, ці то гэта мячэць была такая. Адсюль прыгожыя віды на зліццё рэчак Тоймы і Камы, якія ў маладосці цешылі мастака Івана Шышкіна.
Шышкін для Елабугі — гэта не проста «мішкі ў лесе» (якія не такія ўжо і шышкінскія), але і магутная мясцовая купецкапрамысловая дынастыя, якая трымала завод па вырабе званоў. Бацька мастака быў гарадскім галавой, апекаваўся мясцовымі гістарычнымі памяткамі, адрамантаваў булгарскую вежу на гарадзішчы і напісаў кнігу па гісторыі Елабугі. Дом быў аддадзены пад музей у 1930 -я гады, захаваліся многія аўтэнтычныя рэчы з побыту заможнай мясцовай сям’і. Некалькі арыгінальных твораў мастака таксама можна тут убачыць, у тым ліку і першую яго карціну «Жніво», выпадкова знойдзеную пры рамонце.
Чортава гарадзішча было крэпасцю Волжскай Булгарыі. ФОТА АЛЯКСЕЯ ЛАСТОЎСКАГА
Яшчэ ў Елабузе захаваўся сядзібны дом знакамітай кавалерысткі Надзеі Дуравай, якая не толькі перааапранутай у мужчыну служыла ў гусарскіх палках і брала ўдзел у вайне з Напалеонам, але пакінула пасля сябе займальныя мемуары (у тым ліку пра свой гусарскі побыт у Гродне).
Ад саміх інтэр’ераў нічога не захавалася, экспазіцыя разбіваецца на чатыры часткі: дзяцінства, праведзенае ў паходах з гусарамі, вайсковыя здзяйсненні, літаратурная актыўнасць, што выклікала шчырае захапленне Пушкіна, ды жыццё ў Елабузе сярод падабраных катоў і сабак.
Агулам у Елабузе мноства музеяў, ёсць чым бавіцца, сярод незвычайных — Музей павятовай медыцыны імя Бехцерава, які месціцца ў будынку аднаго з карпусоў былога павятовага шпіталя. Тут татарскія бабкі-знахаркі са сваімі зёлкамі, побыт павятовага доктара, кабінет сусветна вядомага неўролага Уладзіміра Бехцерава (нарадзіўся непадалёк), койка ў дурдоме, аперацыйны стол сучаснай паліклінікі. Складаная тэма, але тут пададзена досыць жвава.
Але не ўсім жыццё ў ціхім купецкім гарадку было даспадобы. У 1941 годзе сюды ў эвакуацыю накіравалі вялікую рускую паэтку Марыну Цвятаеву з сынам. Але яна не вытрымала цяжкасцяў жыцця ў таталітарнай дзяржаве (прыехала ў СССР з еўрапейскай эміграцыі толькі ў 1939-м) — і скончыла жыццё самагубствам. Памяць яе тут ушаноўваюць, створана некалькі музеяў, стаіць і помнік.
Innopolis — горад будучыні
Горад будучыні? Правальны праект? Вырашаць вам. Інаполіс (Innopolis) — афіцыйна самы маленькі горад Расіі па колькасці насельніцтва (менш за тысячу чалавек). Універсітэт для айцішнікаў плюс хаб для айцікампаній з мноствам ільгот — можна паглядзець на няспраўджаную Беларусь. Велізарны комплекс, дзе з цяжкасцю можна знайсці хоць адну жывую душу. Ультрасучасная архітэктура і адчуванне зомбіапакаліпсісу.
Інаполіс. Фота аўтара
І мне падабаецца інавацыйны падыход: на прыпынку аўтобуса да Казані няма раскладу, толькі QRкоды, якія выводзяць на сайт горада Інаполіс. Пра расклад трэба дапытвацца ў мінакоў старасвецкім спосабам.
Набярэжныя Чаўны
Таксама цікавы менавіта як утапічны ўрбаністычны праект «горад будучыні», але ўжо з іншай эпохі — савецкай. Хоць гісторыя горада сягае да казацкага паселішча, але фактычна ён быў узведзены з нуля ў 1960—1970 я гады, і магутным штуршком стала будаўніцтва гіганцкага завода КамАЗ. Новае жытло будавалася для работнікаў завода, і вялізныя рэсурсы дазволілі тут рэалізаваць самыя смелыя горадабудаўнічыя планы.
Канцэпт электробуса КамАЗ-шатл. Асноўная вытворчасць завода КамАЗ — у Набярэжных Чаўнах. DEPOSITPHOTOS.COM, BY EAGLE2308
Па сутнасці, тэрыторыя горада была разбітая на гіганцкія блокікварталы квадратнай формы, з вялізнымі дварамі, кожны такі блок мусіў быць цалкам самадастатковым, з уласнай інфраструктурай. І разам з тым — шырачэзныя праспекты, якія ізалююць кожны такі жылы блок у асобны анклаў. Праверана: мясцовыя жыхары могуць не ведаць, на якой вуліцы фармальна яны жывуць, паколькі ўся арыентацыя адбываецца толькі па нумарах мікрараёнаў. Зусім не дзівіць, што ў 1990 -я кожны такі жылы блок сфармаваў сваю крымінальную банду, якія ладзілі паміж сабою войны, а потым адправіліся заваёўваць Маскву.
Нешта не складвалася ў савецкіх горадабудаўнікоў з «будучыняй».
Як дабрацца да Казані
З усёй Расіі гэта адзін з самых багатых і дагледжаных рэгіёнаў, куды лёгка дабрацца.
Самы лёгкі спосаб паляцець у Казань — прамыя авіярэйсы, у тым ліку «Белавія». Часам можна купіць і зусім нядорага. А калі на зручныя для падарожжаў даты, скажам, на пачатак мая, пры куплі цяпер цэны стартуюць ад 270 даляраў туды і назад. Больш танны, але крыху менш зручны варыянт — дабрацца цягніком да Масквы, адтуль жа можна таннымі расійскімі авіялініямі даляцець да Казані ці Ніжнякамска за 50 даляраў.
Баяніст на вуліцы Казані, 2018 год. AP Photo/Frank Augstein