Казакевіч: Мадэль, якая выбудоўвалася з 1996 года, распадаецца, і гэты працэс незваротны
На сваім ютуб-канале «Казакевіч. Палітыка» дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч падвёў палітычныя вынікі года Беларусі.
31.12.2021 / 18:16
На думку аналітыка, у 2021-м годзе адбылося канчатковае разбурэнне палітычнай мадэлі, якая выбудоўвалася ў Беларусі з 1996 года, і вяртанне да мінулага палітычнага кансэнсусу ўжо немагчымае.
«Калі кажуць пра устойлівасць той ці іншай палітычнай сістэмы, галоўным чынам маецца на ўвазе, што яна не толькі жыццяздольная, але і можа аднаўляцца пасля так званых шокаў ці крызісаў. Гледзячы на тое, што з Беларуссю адбываецца сёння, ёсць усе падставы меркаваць, што таталітарная сістэма ўжо не зможа аднавіцца, — мяркуе Казакевіч.
— Нягледзячы на ўяўную цвёрдасць, яна выявілася досыць крохкай і скончыла сваё існаванне».
На думку эксперта, апошнія 25 гадоў палітычны курс Лукашэнкі не тое што не рэфармаваўся, а нават не перажываў ніякіх касметычных карэктываў, бо нават дыскусіі пра рэформы мясцовага самакіравання, пра ўключэнне апазіцыі ў прадстаўнічыя органы ўлады, сканчаліся нічым.
«У 2020-м і 2021-м годзе з рэжымам адбыліся крытычныя падзеі, — лічыць Андрэй Казакевіч. — Разбураны палітычны кансэнсус. Няма больш умоў, пры якіх людзі былі гатовыя прызнаваць легітымнасць улады.
Плюс да ўсяго, цалкам разбураны баланс ўнутры кіруючай эліты, арганізацыя палітычнай сістэмы, ідэйны і ідэалагічны кансэнсус. У руінах знаходзіцца мадэль замежнай палітыкі ў тым выглядзе, у якім яна існавала на працягу двух дзесяцігоддзяў. І самае відавочнае: з краіны, якая заўсёды падкрэслівала, што яна не стварае праблем для сваіх суседзяў, Беларусь ператварылася ў рэальную рэгіянальную пагрозу — для Літвы, Польшчы, Латвіі і Украіны».
У апошнім у гэтым годзе выпуску на сваім ютуб-канале Казакевіч падрабязна спыніўся на галоўным, на яго думку, аспекце распаду палітычнай беларускай мадэлі — на распадзе палітычнага кансэнсусу ў грамадстве.
«Лукашэнка прыйшоў да ўлады, як папуліст. За кошт гэтага ён і перамог у 1994 годзе. Відавочна, што найбольшую падтрымку ён атрымаў у рэгіёнах, малых гарадах і сельскай мясцовасці. Чаго нельга было сказаць пра Мінск. Там большасці галасоў ён у 1994 годзе не меў. Сітуацыя стала змяняцца ў сярэдзіне нулявых. Перш за ўсё, гэта было звязана з даволі паспяховым эканамічным развіццём Беларусі. Тады Лукашэнка атрымаў значную падтрымку ў вялікіх гарадах, — лічыць эксперт. — Палітычны кансэнсус трымаўся на тым, што беларусы былі ўпэўненыя: большая частка насельніцтва краіны падтрымлівае Лукашэнку, а сам ён — найбольш папулярны і паспяховы палітык у Беларусі».
На думку Казакевіча, сёння такое ўспрыманне ўлады Лукашэнкі аказалася цалкам разбураным. Улада перайшла на іншую мадэль кіравання, якая не прадугледжвае легітымнасці. Лёсавызначальнай, на думку аналітыка, была фраза Лукашэнкі, сказаная ім у 2020-м годзе: «Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць».
«Фактычна гэтымі словамі Лукашэнка сказаў: «Не важна, як вы прагаласуеце, але змены ўлады не будзе», — кажа Казакевіч. — Паўтара года Аляксандр Лукашэнка дэманструе, што ўлада — гэта яго ўласнасць.
Другі вельмі важны момант: з самага пачатку свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка, будучы папулістам, заўсёды чуйна рэагаваў на грамадскія настроі. Такім чынам ён спрабаваў адпавядаць чаканням большасці, падыгрываў у рыторыцы, у сацыяльнай і эканамічнай палітыцы. Але з пачатку 2021 года ўсім стала відавочна: больш ўлада не збіраецца падстройвацца пад грамадскі настрой. Далей яна мае намер прасоўваць свае ўласныя інтарэсы, зыходзячы з асабістых пажаданняў».
На думку эксперта, новая стратэгія Лукашэнкі — падмінаць грамадства пад сябе. Па сутнасці, сведчанні гэтага беларусы маглі назіраць увесь 2021-ы год, дзе мы назіралі бясконцыя палітычныя рэпрэсіі, дэманстратыўнае нежаданне прызнаваць свае памылкі з боку Лукашэнкі, яго нежаданне ісці не тое што на дыялог, але нават на мінімальны кампраміс з апанентамі.
Разбуральным аспектам эксперт лічыць разбурэнне прававых нормаў.
«Два апошнія дзесяцігоддзі большасць грамадзян былі ўпэўненыя, што прававыя нормы працуюць, і калі іх выконваць, то сур'ёзных праблем не будзе. Прычым гэтыя правілы абавязваюць не толькі грамадзян, але і саму ўладу, — кажа Андрэй Казакевіч. — Падзеі канца 2020 года і ўсяго 2021-га даказалі, што гэтая мадэль больш не актуальная.
Цяпер права — гэта не што іншае, як воля пануючага класа, і грамадства з гэтым абавязана лічыцца. Ніякімі прававымі рамкамі ўлада больш не звязаная».
Заключным элементам палітычнага кансэнсусу, які, на думку эксперта, быў разбураны ў 2021 годзе, ён лічыць стаўленне да гвалту. Казакевіч акцэнтуе ўвагу на тым, што гвалт у дачыненні да палітычных апанентаў рэжыму быў і раней, але быў абмежаваны ў часе і маштабе. Сёння ж ўсім відавочна: гвалт ужываецца масава і нічым не абмежаваны.
«Такім чынам, палітычны кантракт, які аформіўся з 1996 года, разбураны і вяртання да яго не будзе, — упэўнены Казакевіч. Праўда, на пытанне пра тое, якім будзе далейшы палітычны курс Беларусі, эксперт адказаў: «Зыходзячы з падзей, якія цяпер адбываюцца ў краіне, будучыя абрысы палітычнай сітуацыі ў Беларусі складана акрэсліць нават прыкладна. Але так, як раней, ужо дакладна не будзе».