Памятаеце 14-гадовага футбаліста, якога затрымліваў АМАП? Злілі размовы сілавікоў пра яго справу, а «Наша Ніва» даведалася, чым скончылася гісторыя
Бацьку хлопца зусім нядаўна выклікалі ў КДБ — пагутарыць.
05.01.2022 / 11:41
«Прывітанне з гаўнааўтобуса»
Мінскага падлетка Івана Аскерку затрымлівалі вясной 2021 года, тады хлопцу было 14 гадоў. Ён спартовец, займаўся футболам.
Тады пра затрыманне Івана расказвала яго маці. Па яе словах, хлопца адправілі забраць заказ на Грушаўку, але там яго «ўзялі».
«У сына рост 185 сантыметраў, ён, шчыра кажучы, не выглядае на 14 гадоў. Таму сілавікі, напэўна, не зразумелі спачатку, што ён непаўналетні. Зацягнулі ў мікрааўтобус, дзе, як ужо казала, здзекаваліся з яго, — казала жанчына. — Сын распавёў, што ён спакойна дайшоў ад метро да крамы на праспекце Дзяржынскага, забраў заказ, паклаў у кішэню чэк, выйшаў на ганак, надзеў навушнікі. У гэты час да яго падышоў нейкі невядомы мужчына ў цывільным і без маскі. Гэта, дарэчы, бачылі нават прадаўцы крамы, таму што падзеі адбываліся проста за вітрынай.
Па словах Вані, гэты мужчына схапіў яго за шкірку і сказаў: «Ну ўсё, табе трындзец!». Ваня павярнуўся, маўляў, хто вы такі, што вы робіце. Тут жа падышоў іншы мужчына, яны схапілі майго сына і павалаклі ў мікрааўтобус, які стаяў непадалёк.
Пазней тэлефанавала сыну, але ён увесь час скідваў, натуральна, не разумела, што адбываецца, пачала хвалявацца, таму што такога ніколі не здаралася. Працягнула тэлефанаваць, і праз некаторы час Ваня стаў недаступны.
Як аказалася, мяне ў яго тэлефоне заблакавалі гэтыя сілавікі. Калі яны пасадзілі сына ў мікрааўтобус, там апынуліся яшчэ некалькі амапаўцаў. Гэтыя людзі забралі ў Вані тэлефон, пачалі глядзець у ім інфармацыю. Але нічога крамольнага там не аказалася, толькі нейкія футбольныя рэчы, спартыўныя групы і гэтак далей. Гэта значыць, груба кажучы, Ваня ў дэструктыўных телеграм-каналах, як кажуць улады, не сядзіць і нічога супрацьзаконнага ў тэлефоне не захоўвае.
Сілавікі сфатаграфавалі Ваню на яго ж тэлефон і адправілі здымак майму мужу з подпісам «Прывітанне з гаўнааўтобуса».
Андрэй быў на працы, а калі атрымаў паведамленне, наогул не зразумеў, што адбываецца. Потым, як казаў муж, ён павялічыў фатаграфію, і ўбачыў спалоханы твар сына. Тады зразумеў, што нешта здарылася.
Тут жа напісаў у адказ: «Калі ты кранеш яго пальцам — мне ўжо губляць няма чаго». У адказ прыйшло іншае паведамленне: «Табе патэлефануюць». І ў дадатак сілавікі яшчэ даслалі фатаграфію чырвона-зялёнага сцяга.
Муж напісаў яшчэ просьбу, каб не тэлефанавалі жонцы, гэта значыць, мне. Ён хацеў сам ва ўсім разабрацца, забраць Ваню і разам з ім вярнуцца дадому, каб я не хвалявалася.
Яшчэ сыну сказалі, што яго тату таксама *** [канец], што прыедуць да мамы і забяруць дзяцей. Ваня прасіў патэлефанаваць мне, але сілавікі не дазвалялі. Пры гэтым пастаянна задавалі адно і тое ж пытанне: «А што, твая мама не на мітынгу, ці што?».
Пасля гэтага на хлопца склалі пратакол за дробнае хуліганства, абвінавацілі ў тым, што ён нібыта паказваў «непрыстойныя жэсты» сілавікам. Ён нейкі час правёў у міліцыі, адкуль яго забраў бацька.
«Быў там гэты палец ці не?»
Цяпер, на пачатку 2022 года, у сеціва злілі аўдыя размовы міліцэйскіх начальнікаў пра затрыманне Вані. На запісе пра затрыманне хлопца чуваць галасы, падобна, палкоўніка Ігара Падвойскага, намесніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама, і Дзмітрыя Балабы, камандзіра мінскага АМАП. Падобны на Падвойскага голас скардзіцца, што пасля затрымання хлопца падняўся шум.
«З міністрам была размова. Трэба разабрацца, даць абвяржэнне. Выйшаў артыкул на Тутбаі — напісана кепска, што ўсе ўроды, а беднае дзіця 185 ростам, б***, не вінаватае, палец супрацоўнікам АМАП не паказваў. Знайдзі гэтых супрацоўнікаў, якія яго затрымлівалі, пагавары асабіста, і мне акуратна сказаць: быў там гэты палец ці не, — дае загад чалавек, чый голас падобны на голас Ігара Падвойскага. — Калі б ён паказваў і ў машыне было б нейкае відэа — гэта будзе самае лепшае, што толькі магчыма, б***, у гэтай сітуацыі».
Але ж яго суразмоўца, чый голас падобны на голас Балабы, расчараваў:
«Працавалі магіляўчане, пяць чалавек было затрымана. Закон подласці — тры запісы ёсць, на гэтага —няма».
Чым скончылася? З сынам усё добра, бацьку выклікалі на размову ў КДБ
«Наша Ніва» пагаварыла з бацькам Вані, каб даведацца, чым скончылася гісторыя і як жыве сям’я сёння.
«Была камісія па справах непаўналетніх, — кажа Андрэй Аскерка. — Камісія праходзіла ў актавым зале адміністрацыі раёна, туды прыходзіў прадстаўнік інспекцыі па справах непаўналетніх.
Там было яшчэ чалавек 6-7 з розных ведамстваў, як я зразумеў. Супаставілі факты нашы, што сын невінаваты, паглядзелі паказанні амапаўцаў, якія затрымлівалі.
Абвінавачванне лопнула, бо ўсе факты ўказвалі, што нічога сын не рабіў. Але каб не было такога, што нас апраўдалі, то, скажам так, там вынеслі такое рашэнне, якое задаволіла і нас, і іх. Фактычна сына не пакаралі».
Таксама з Андрэем Аскеркам у 2021 годзе не сталі працягваць кантракт у аўтапарку, дзе ён тады працаваў. Але далі магчымасць дапрацаваць.
Больш сына не чапалі, кажа мінчук, Ваня працягвае займацца футболам. Але ж самога бацьку нядаўна выклікалі ў КДБ.
Гэта было звязана з тым, што раней Андрэя Аскерку затрымлівалі сілавікі — яшчэ ў снежні 2020-га. Тады, дарэчы, ён быў з сынам, але Ваню не далі затрымаць суседзі.
Андрэя ж судзілі, далі штраф у 30 базавых, прысуд ён абскардзіў у Мінскім гарадскім судзе, які вынес рашэнне аб адмене прыгавору, справу адправілі на новы разгляд, але пасля выйшаў тэрмін даўніны. Адпаведна, Андрэя ў выніку і не апраўдалі, але ж і не прызналі вінаватым. І цяпер пра яго «згадалі» ў органах.
«Мне пазванілі 2-3 тыдні таму, паклікалі ў КДБ. Кажуць: «Камітэт дзяржаўнай бяспекі турбуе, хацелі б пагаварыць з вамі наконт арэнды». А я іпэшнік, здымаю памяшканне ў дзяржпрадпрыемства.
Я спытаўся, якое дачыненне КДБ мае да арэнды памяшкання, мне адказалі: прыязджайце, усё патлумачым, — расказвае Андрэй. — Я прыехаў. Са мной правялі гутарку. Не ціснулі, усё ветліва, тактоўна, зусім не такія размовы, як нават на камісіі па справах сына.
Цікавіліся ці ўдзельнічаю я ў несанкцыянаваных мітынгах, далі зразумець, што калі будзе «нешта не так», то са мной не працягнуць арэнду памяшкання. Кажуць: ёсць негалоснае распараджэнне, што з усімі, хто фігураваў па 23.34 і займае дзяржаўнае памяшканне, не працягваць арэнду.
Пасля я падпісаў, што нідзе не ўдзельнічаю, у несанкцыянаваных мерапрыемствах, на гэтым усё».
Цяпер мужчына кажа:
«У нас вялікая сям’я, пяць чалавек. Хацелася б жыць тут, але ж пытанне, як жыць, з якім настроем. Будзем глядзець, што будзе далей».