На Алімпійскіх гульнях у Пекіне ўпершыню выступіць небінарны спартсмен
Амерыканскі фігурыст Цімаці Ледук стане першым небінарным спартсменам, які выступіць на зімовай Алімпіядзе.
10.01.2022 / 17:03
Фота: Getty Images
Федэрацыя фігурнага катання ЗША ўключыла ў склад зборнай на Алімпіяду ў Пекіне пару фігурыстаў Цімаці Ледук/Эшлі Кейн-Грыбл.
Ледук з партнёркай трапілі ў нацыянальную каманду па выніках чэмпіянату ЗША, на якім перамаглі. Гэта першая Алімпіяда ў кар'еры 31-гадовага спартсмена.
Ледук першым сярод спартсменаў сусветнага ўзроўню абвясціў аб сваёй небінарнай гендарнай ідэнтычнасці. Небінарныя асобы не адносяць сябе ні да мужчын, ні да жанчын. З 2021 года спартсмен стаў выкарыстоўваць займеннік «яны» для абазначэння гендарнай прыналежнасці.
Алімпіяда ў Пекіне пройдзе з 4 па 20 лютага 2022 года.