Дзяўчына адпомсціла былому хлопцу, рассыпаўшы па доме кучы бліскавак: «Ëн будзе памятаць пра мяне доўгія гады» ВІДЭА

23-гадовая Джэйд была ў адносінах са сваім хлопцам ажно тры гады, але на Каляды яна злавіла яго за «перапіскай з іншымі жанчынамі» — свята было сапсавана, і яна вырашыла адпомсціць былому каханку проста, але вельмі эфектыўна, піша брытанскі таблоід Metro. 

15.01.2022 / 13:56

Якраз напярэдадні святаў кампанія Amazon падарыла дзяўчыне ваўчар на 15 фунтаў стэрлінгаў, на ўсе грошы Джэйд замовіла 82 цюбікі рознакаляровых бліскавак, а калі прыйшла забіраць рэчы з кватэры экс-бойфрэнда, пакуль той быў на працы, рассыпала надакучлівыя бліскаўкі паўсюль: у абутак, пасцелю, сродак для мыцця посуду, зубную пасту, кішэні адзення. І зняла ўсё на відэа.

«Я не хацела рабіць нічога, што магло б нанесці рэальную шкоду або закрануць чыесьці пачуцці, гэта проста бяскрыўдны жарт. «Ëн будзе памятаць пра мяне доўгія гады», — патлумачыла дзяўчына свой крок.

Nashaniva.com