Мажыліс Казахстана прагаласаваў за пазбаўленне Назарбаева пажыццёвых пасад

Ніжняя палата парламента Казахстана (Мажыліс) прыняла папраўкі да канстытуцыйных законаў, паводле якіх першы прэзідэнт краіны Нурсултан Назарбаеў пазбаўляецца пажыццёвых пасад кіраўніка Рады бяспекі і Асамблеі народа Казахстана.

19.01.2022 / 14:37

tengrinews.kz

Цяпер гэтыя пасады павінен займаць дзейсны прэзідэнт, Касым-Жамарт Такаеў.

Дэпутат ніжняй палаты казахстанскага парламента Канат Нураў напісаў у Фэйсбуку, што адпаведныя папраўкі былі прынятыя да законаў аб паўнамоцтвах Назарбаева і яго статусу Елбасы, гэта значыць, лідара нацыі. Паводле яго слоў, цяпер гэтыя змены павінна зацвердзіць верхняя палата парламента.

«Перш за ўсё, неабходна было адмяніць пажыццёвае старшынства першага прэзідэнта ў Асамблеі Народа Казахстана і Радзе бяспекі, пра што ён ужо сам абвясціў і што сёння намі было зроблена, — піша дэпутат. — У сенат адпраўленыя ўсе неабходныя папраўкі ў канстытуцыйныя законы […] у частцы таго, што цяпер старшынства ў АНК і СБ па праве належыць прэзідэнту Казахстана — па пасадзе, а не па асобе».

У аўторак Назарбаеў зрабіў першую публічную заяву пасля масавых акцый пратэсту ў краіне. Ён выступіў з відэазваротам і сказаў, што ніякага канфлікту ў эліце няма, а сам ён знаходзіцца на «заслужаным адпачынку» ў сталіцы Казахстана.

«Я на пенсіі, у сталіцы. Нікуды не з'язджаў». Назарбаеў выступіў са зваротам

Nashaniva.com