У Казахстане, Узбекістане і Кыргызстане адключылася электрычнасць
У трох краінах Цэнтральнай Азіі адбыліся адключэнні электрычнасці, перабоі з падачай электраэнергіі зафіксаваныя на поўдні Казахстана, у сталіцы Кыргызстана Бішкеку і ва Узбекістане, у Ташкенце.
25.01.2022 / 10:29
Фота: ТАСС
З савецкага перыяду Казахстан, Кыргызстан і Узбекістан знаходзяцца ў адзінай энергасістэме, піша РБК.
У Алматы электрычнасць знікла ў частцы раёнаў горада раніцай 25 студзеня. У некаторых дамах падачу электраэнергіі аднавілі, паведаміў РБК мясцовы жыхар. Электрычнасці таксама няма ў Шымкенце, Таразе, Туркестанскай вобласці.
У акімаце (адміністрацыі) Алматы паведамілі, што ў горадзе ўпала напружанне ў сетцы і спрацавалі сістэмы аўтаматычнай частотнай разгрузкі на падстанцыях, вядуцца работы па перападключэнні.
Казахстанская энергакампанія «Самрук-Энерга» паведаміла, што адбылося аварыйнае адключэнне высакавольтных ліній электраперадачы, якія злучаюць рэгіён з паўночнай і паўднёвай часткамі агульнай энергасістэмы. Энергазабеспячэнне адноўлена прыкладна напалову.
У Бішкеку электрычнасць адключылася каля апоўдня. У горадзе перасталі працаваць святлафоры. Таксама адключана электразабеспячэнне ў горадзе Ош, без святла засталіся жыхары некаторых раёнаў Чуйскай і Ісык-Кульскай абласцей.
У Ташкенце праз адключэнне электрычнасці спынілася метро. Міністэрства энергетыкі Узбекістана паведаміла, што маштабныя адключэння электраэнергіі ў асобных рэгіёнах краіны звязаны з буйной аварыяй у энергасістэме.